Выбрать главу

— Здаецца, тут, — сказаў нарэшце Ядрэйка і крута павярнуў дубоўку да велізарнага лазовага куста, які трывапа ўчапіўшыся ў бераг, кінуў амаль усё сваё зялёнае гнуткае вецце ў раку. Схавалі дубоўку ўсярэдзіне куста, выбраліся на багністы бераг, і пакуль дайшлі да сухой зямлі, добра падмачылі ногі. Белавалод расклаў цяпельца. Сядзелі на кукішках, сушыліся, і Ядрэйка павучаў:

— Ні срэбра, ні золата ім не давайце. Плююцца, калі багацце ўбачаць. Для іх чым бядней жыве чалавек, тым лепей.

— Што ж гэта за людзі такія? — не ўтрывала Ульяніца.

— Пабачыце, баяры вы мае дарагія, — загадкава ўсміхнуўся Ядрэйка.

— Мабыць, мніхі, а мабыць, ізгоі, — услых падумаў Белавалод.

— Гэта не манастыр, — упэўнена сказаў Ядрэйка. — Быў я аднойчы ў манастыры, бачыў. Тут, у рахманаў, не манастыр. Сэрцы ў іх жывыя, гарачыя, а ў манахаў сэрцы халодныя. Толькі раз, раніцою, моляцца рахманы Богу, і ўсё. Пэўна, яны з ізгояў, з тых людзей, што ад сваіх абшчын, ад сваіх радоў адкалоліся. Але мінулае яны не ўспамінаюць, не любяць успамінаць.

Ульяніцы рабілася страшнавата ад усіх гэтых слоў. Куды іх вядзе Ядрэйка? Навошта яны з Белавалодам згадзіліся ехаць у глухую пушчу, дзе жывуць незразумелыя, не падобныя на іншых людзей людзі? I толькі думка аб сваім дзіцяці давала ёй сілу і мужнасць.

На дрэвах пачалі з'яўляцца засекі ў выглядзе стралы, што ляціць угору. Ядрэйка жвавей, ціхім голасам сказаў:

— Іхнія знамёны. Тут у рахманаў бортныя дрэвы, тут, на лядах, сеюць яны жыта і гарох.

Нарэшце сцежкі, якручайкі, замільгалі між дрэў, дымам запахла, пачулася звонкае гудзенне металу — нехта біў малатком па кавадле. I вось перад Ядрэйкам, Ульяніцаю і Белавалодам узнялася сцяна з тоўстых сасновых бярвенняў. Ні акенца нідзе не было, ні брамы.

— Дзе ж твае варотцы? — шэптам запытаўся Белавалод у Ядрэйкі.

— Праз тыя варотцы нельга чужакам хадзіць, — таксама шэптам вымавіў Ядрэйка. — Толькі рахманы там ходзяць. Пастаім тут, зараз нас убачаць.

Неўзабаве з-за сцяны пачуўся голас:

— Хто вы, людзі? I што вам трэба?

— Мы з мірам. Без жалеза і агню. Па любоў прыйшлі, — зычна адказаў Ядрэйка, адказаў, відаць, ужо вядомымі яму словамі.

Адразу ж зверху са сцяны ўпала вяровачная лесвіца.

— Не бойцеся, — сказаў Белавалоду і Ульяніцы Ядрэйка, становячыся на гэту лесвіцу. — Мяне першага паднімуць, потым вас.

Зарыпеў калаўрот, лесвіца разам з Ядрэйкам паплыла ўгору. Такім жа самым чынам апынуліся за сцяною Белавалод і Ульяніца.

Яны ўбачылі шырокі мурожны двор, пасыпаныя жоўтым сухім пяском дарожкі. Пасярэдзіне двара, там, дзе сыходзіліся ўсе дарожкі, стаяла вялізная прысадзістая будыніна з мноствам невялікіх круглых акенцаў. Наўкол будыніны па крузе мясцілася некалькі дзесяткаў хатак і хлеўчукоў. Усё было дагледжанае, спраўнае, ва ўсім адчувалася клапатлівая гаспадарская рука. Іржалі коні, бэкалі авечкі, натхнёна драў горла певень. Рыпелі камяні жорнаў, грукала сякера. Усё гэтае было як цуд сярод глухой бязлюднай пушчы, дзе спрадвеку гняздзіліся адны звяры.

— Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі, — сказаў, лёгка пакланіўшыся, высокі хударлявы мужчына яшчэ не старога веку. У левым вуху ў яго ззяла вялікая медная завушніца. На ім былі кужэльная кашуля і порткі, перапаясаныя тонкай сіняй бічоўкай. У руках мужчына трымаў падгарэлую драўляную лапату, на якой садзяць у печ хлеб. Здавалася, яго зусім не здзівіла з'яўленне чужых людзей. Роўная мяккая ўсмешка была на твары.

— Ідзіце за мной, — сказаў рахман і, ускінуўшы хлебавую лапату на плячо, шпарка пакрочыў у напрамку да вялізнай будыніны, але не ў яе прывёў гасцей, а ў хатку, што стаяла насупраць. Дзверы былі расчынены, не было ні замка, ні вартавога сабакі.

— Тут ёсць хлеб і квас, — прамовіў рахман. — Чакайце, — і сам знік. Ядрэйка з Ульяніцай селі на дубовы ўслон, а Белавалод падышоў да акенца, зацягнутага бычыным пузыром, застыў у глыбокім одуме.

— Чаму ў іх усе вокны круглыя? — спытаўся ён нарэшце, як бы ў самога сябе.

— У іх і сталы круглыя, — сказаў Ядрэйка. — I ўвесь двор круглы. I калі яны збіраюцца разам, а гэта кожную раніцу бывае, то становяцца толькі кругам.

— Чаму? — не адступаў Белавалод.

— А ты бачыў, якое на небе сонца? — усміхнуўся Ядрэйка. — Круглае.

Белавалод са здзіўленнем зірнуў на рыбалова, не зразумеў ці ўсур'ёз той кажа, ці кепікі строіць. А Ядрэйка ўжо частаваў Ульяніцу квасам, наліваў у драўляны кубак з глінянай карчагі.