Неўзабаве ў хату прыйшоў зусім маладзенькі жоўтагаловы рахман. Спыніўся на парозе, сказаў:
— Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі. Ідзіце за мной. Вас чакае Добры.
Яны паслухмяна пакрочылі за маладзенькім рахманам. Па дарозе Белавалод шапнуў Ядрэйку:
— Ты казаў, што ў іх няма імёнаў. Аж бачыш, ёсць Добры.
— У іх не толькі Добры ёсць. У іх ёсць і Гнеўны. А ў астатніх адно імя — рахман, — растлумачыў Ядрэйка. — Але прашу цябе, маўчы і толькі адказвай на пытанні, якія табе будуць задаваць. Тут любяць маўклівых людзей.
Жоўтавалосы рахман падвёў іх да вялікай будыніны з круглымі акенцамі, пакланіўся і знік, як і ягоны папярэднік. Да Белавалода, Ульяніцы і Ядрэйкі ўжо ішоў раскрыльваючы сухенькія кароткія ручкі, сівабароды стары. Быў апрануты ён, як і ўсе рахманы, толькі, у адрозненне ад іх, на шыі насіў срэбны абруч, з нанізанымі на яго зялёнымі дубовымі лісцямі.
— Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі, — тонкім голасам прамовіў стары.
— Мір табе, Добры, — адказаў, пакланіўшыся, Ядрэйка. Белавалод з Ульяніцаю пакланіліся разам з ім.
У Добрага былі светлыя, з мяккай іскрынкаю вочы. Скура на твары і на руках пацямнела ад сонца і ветру. У ягонай шаўкавістай сівой барадзе заблыталася, поўзала пчала. Ульяніцы раптам захацелася ўзяць жоўта-залатую пчалу пальцамі, голай рукою, і пчала, Ульяніца чамусьці была ўпэўнена ў гэтым, не ўкусіла б яе.
Насупраць вялізнай будыніны рос малады кучаравы дубок, абкружаны шырокай, зацёртай да бляску лаваю. Добры сеў на лаву, сашчапіўшы на худых вострых каленях загарэлыя рукі, запрасіў сесці гасцей. Памаўчаўшы, спытаўся:
— Бяда ці радасць вяла вас?
— Бяда, — хвалюючыся і чырванеючы, адказала Ульяніца.
Добры ўважліва зірнуў на яе, ціхім роўным голасам прамовіў:
— Ты хочаш даць жыццё жывому. Чаму ж ты саромеешся сказаць пра гэта ўслых? Хіба ты хочаш нешта ўкрасці? Ты хочаш падараваць свету новае жыццё, часцінку сваёй плоці. Але калі тваё дзіця стане рабом? Ці не пракляне яно цябе, жанчына? Ты думала пра гэта?
— Маё дзіця не будзе рабом, — усхвалявана выгукнуў Белавалод і ўзняўся з лавы.
— Сядай, — мякка сказаў Добры. — Я пытаўся не ў цябе, а ў жанчыны. Ты павінен маўчаць, бо ў пакутах нараджае яна, а не ты, і ёй болей баліць за сваё дзіця. Адкуль твая ўпэўненасць, што дзіця не будзе рабом? Паглядзі, які свет акружае нас. Князі і баяры грызуцца між сабой, хрысціяне б'юць паганых, і, наадварот, са стэпаў і багааў прыходзяць нябачаныя раней дзікія плямёны, каб узяць сабе тое, што яны не сеялі. Чалавек, нарадзіўшыся вольным, у любы час можа прачнуцца з рабскім ашыйнікам на шыі.
— Маё дзіця не будзе рабом, — упарта паўтараў Белавалод.
Добры, быццам не пачуўшы яго, гаварыў далей:
— Я бачыў, як харобрыя мужы, зломленыя рабствам, пакорліва выціралі вільгаць кахання з тых тканін, на якіх уладары-заваёўнікі мілаваліся з іхнімі жонкамі. Мілаваліся на вачах у харобрых мужоў. Ты бачыў такое? I я пабег у пустыні, у лясы, у непраходныя балоты. Я пачаў цурацца жанчын, бо, хочам мы ці не хочам, у прысутнасці жанчыны душа мякчэе і слепне, і мы думаем пра шлюбны одр, пра вечнасць свайго роду, пра дзяцей. Сам сабе і Богу я даў страшную клятву, што ніколі — чуеш? — ніколі не сыдуся з жанчынай, каб запаліць агонь новага жыцця. Я лепш буду, як Анон, сын Іуды, займацца рукаблуддзем і жывое семя сваё кідаць на зямлю, але не нараджу раба.
— Хрыстос не вучыць такому, — ціха сказаў Ядрэйка.
— Таму што Хрыстос ніколі не быў рабом. Ён быў гаспадаром сваёй душы і цела. «Блажэнныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца». Так сказаў, так вучыў Хрыстос. Няўжо нашы вочы створаны толькі ддя слёз? Для чаго ж тады свецяць зоркі і ззяе сонца? Хіба не ў чалавечых вачах яны хочуць пакінуць свае прамяні?
— Дзіўнае ты кажаш, — разгубіўся Белавалод. — Мы не зразумеем цябе.
Ён пакутліва ўздыхнуў. Добры з сумам зірнуў на Белавалода.
— Хай будзе пракляты той, хто першы здагадаўся, што можна валом, канём, рабочай жывёлінай зрабіць падобнага сабе чалавека, — сказаў Добры. — Звяры не трымаюць у рабстве звяроў. Толькі чалавек і нікчэмная лясная мурашка дадумаліся да такога. «Працуйце, ешце плады зямныя», — так вучыў Хрыстос. I такога Хрыстоса мы, рахманы, любім, пакланяемся яму. Але рабства мы ненавідзім. Няхай ноч зачыніць дзверы чэрава той маці, якая хоча нарадзіць раба.
— Што можа зрабіць чалавек? — не згадзіўся Ядрэйка. — Усё ў руках Божых. Лёс чалавечы з самага нараджэння ўплятаецца ва ўзор нябесных свяціл, кладзецца ў калыску разам з ніткай, якой перавязалі пупавіну.
— Не пладзіце рабоў! не стрымаўшыся, Добры і лы твар да Ульяніцы. — нарадзіла раба, адразу ж жанчына.