Ульяніца ўздрыгнула. Мужчыны пачалі спрачацца, а яна сядзела і адчувала, як горача б'ецца сэрца, як трапеча жылка над брывом. Дык вось да каго прывёў іх Ядрэйка! Да страшных людзей, якія не хочуць пакінуць пасля сябе следу. Для чаго ж гэтыя людзі жывуць на зямлі? Хто назваў гэтага старога Добрым, калі ён, зжыўшы жыццё, не захацеў, пабаяўся нарадзіць сына? Божа, малю цябе, дай мне дзіця. Хай мой сын будзе нават рабом, але ён убачыць неба, сонца, зямлю, ён убачыць сваю маці, ён убачыць свае кайданы і некалі разаб'е іх.
— Мы адмовіліся ад зямных імён, — казаў між тым Добры. — Мы ўсе — рахманы, аднаверцы, браты. Толькі мне аказала абшчына гонар, назваўшы Добрым, і ёсць у нас яшчэ адзін брат, якога завуць Гнеўным. Зараз вас павядуць да Гнеўнага. Не бойцеся яго, але слухайце ўсё, што ён скажа і аб чым запытае. А ты, жанчына, — павярнуўся ён да Ульяніцы, — хочаш нарадзіць сабе і мужу дзіця. Так?
— Так, — адказала Ульяніца, — я хачу нарадзіць дзіця. I я нічога не баюся.
Добры вельмі ўважліва паглядзеў на яе, нібы наскрозь пранізаў позіркам. Потым узняўся з лавы, сказаў:
— Ідзі за мной. I помні, што з гэтай хвіліны ты не Ульяніца, а Маці Усяго Жывога. Паўтары, хто ты.
— Я — Маці Усяго Жывога, — з дрыготкаю, з вялікім хваляваннем прамовіла Ульяніца, ідучы за Добрым.
Яны прайшлі амаль праз увесь двор, спыніліся перад лазняю, у якой кожную суботу мыліся рахманы. Лазня ўжо дымілася, чакала Ульяніцу.
— Ты будзеш мыцца настоем з сямі траў і сямі кветак, — строга зірнуў на Ульяніцу Добры. — Потым ты будзеш купацца ў малацэ ласёў і тураў і ў чмяліным мёдзе. Потым, калі цела тваё пачырванее, як медзь, і зробіцца мяккім, нібы ядваб, ты выйдзеш пад поўню ў чым маці нарадзіла, знойдзеш поле, дзе красуе жыта, і пабяжыш па гэтым начным жыце. Зрабі ўсё так, як я табе загадваю, і адразу ідзі да свайго мужа. Ён будзе чакаць цябе. I так будзе тры дні. Паўтары яшчэ раз, хто ты?
— Я — Маці Усяго Жывога.
— Ідзі, і няхай твая плоць не баіцца ні агаю, ні лёду. Багародзіца і Макоша дапамогуць табе.
У гэты самы час Ядрэйка з Белавалодам спускаліся ў глыбокую пячору, дзе ўжо дзесяць сонцаваротаў, ні разу не выходзячы на зямную паверхню, жыў Гнеўны. Ісці даводзілася амаль ракам, спатыкаючыся, хапаючыся рукамі за слізкія мокрыя камяні.
Там, куды яны прыйшлі, быў магільны змрок і магільная цішыня. Але чулася ў гэтай чорнай цішыні, як за некалькі крокаў ад іх усхвалявана і насцярожана дыхае чалавек. Дыханне выдавала чалавека, ён стараўся яго супакоіць, прыглушыць, ён, здалося Белавалоду, нават прыкрываў рукамі рот, каб меней хапаць паветра, ды ноздры з тоненькім шыпеннем прагна ўцягвалі гэта паветра ў грудзі. У нябачнага чалавека было моцнае здаровае сэрца і густая кроў. Вось чаму ён так глыбока і поўна дыхаў.
Ціхі голас парушыў цішыню:
— Мір вам, людзі, што па любоў прыйшлі. Станьце на калені.
Ядрэйка з Белавалодам выканалі загад, і як толькі яны зрабілі гэта, адразу ярка ўспыхнула святло, загарэлася мноства паходняў і свечак, якімі ўтыканы былі ўсе сцены. Так яны загараліся заўсёды — раптоўна! усе! — і ніхто не мог даўмецца, чыя рука або чыя таемная сіла запальвала іх. Людзі, што ўпершыню траплялі ў пячору да Гнеўнага, на некалькі імгненняў як бы трацілі зрок ад такога нечаканага пранізлівага святла. Яно біла па вачах, прыгінала галаву да зямлі.
— Можаце глядзець на мяне, — літасціва сказаў Гнеўны. Атрымлівалася, што не ад рэзкага святла, а пад позіркам Гнеўнага людзі нібы трупянелі, і патрэбен быў ягоны дазвол, каб глянуць на яго, не параніўшы вочы і душу.
Гэта быў чарнявы і хударлявы мужчына з паголенай галавой, з чорнымі тонкімі вусамі, што нібы п'яўкі закручваліся пад носам. Ён сядзеў на звычайным палявым валуне, сядзеў басанож, моцна сціскаючы ў правай руцэ дубовы кій, які вянчала вялікае Вока Савы. Вока гэта было зроблена з чырвонага золата, а пасярэдзіне, там, дзе павінна быць зрэнка, ззяў каштоўны іскрысты камень зялёнага колеру.
— Адказвайце па чарзе, — загадаў Гнеўны. — Хто вы, людзі?
— Я — Ядрэйка, рыбалоў з Менска, — сказаў Ядрэйка.
— Я — Белавалод. Прыйшоў з жонкаю. Жыву ў Ядрэйкі ў Менску, — сказаў Белавалод.
— Што вам трэба ад рахманаў, людзі?
— Мая жонка хоча мець дзіця, — адказаў Белавалод і хуценька дадаў: — Я таксама хачу.
— Ведаю, — сурова звёў чорныя бровы Гнеўны і прыкусіў тонкі вус. — Станавіцеся спінаю да мяне, глядзіце ў люстра, глядзіце сабе ў вочы і адказвайце, як на божай споведзі, на ўсё тое, аб чым я буду пытаць.
Яны паслухмяна павярнуліся і ўбачылі перад сабою вялізнае люстра, бронзавую пласціну, адпаліраваную да бляску, і ў ёй свае разгубленыя твары.