Выбрать главу

Добры пільна сачыў за ўсім, што адбывалася. Урачыстым бляскам поўніліся ягоныя вочы. Калі ідал упаў, ён ускочыў з лавы і, здавалася, гатоў быў рынуцца ў гушчу рахманаў, але стрымаўся, і толькі радасная ўсмешка пакацілася па старэчым твары. Нарэшце ўсе здаволіліся, стаміліся, і тады Добры высока ўзняў руку з бронзавым званочкам, зазваніў, крыкнуў:

— Годзе, браты!

Рахманы адразу прыціхлі. Двое маладзейшых накінулі на ідала вяровачную пятлю, пацягнулі да вады адмываць ад бруду. Ідала вычысцяць, высушаць, абкураць салодкім п'янкім дымам, у багатым уборы паставяць у нішу да новай імшы. I да новых пакут будзе ён ледзь не богам — яму будуць кланяцца, будуць прыносіць у ахвяру клыкі дзікоў і заечае свежае мяса.

— Мы помсцім свайму мінуламу, — пачаў тлумачыць Белавалоду і Ядрэйку Добры. — Мінулае нельга перайначыць, бо нельга вярнуць учарашні дзень і тую маланку, што аднойчы бліснула на небе. Мы караем дзядоў-прадзедаў. Некалі на зямлі быў залаты век. Сыны Адама і Евы жылі ў шчасці і ў згодзе — расцілі плады зямныя, шанавалі сваіх багоў, кахалі сваіх жонак. Але аднойчы мацнейшы ўдарыў слабейшага, хітрэйшы падмануў даверлівага, і пайшла ў родзе чалавечым варожасць, злыбяда. Нашы дзяды з-за слабасці сваёй, з-за палахлівасці, бо дужа баяліся смерці, сталі рабамі, зямным тленам. 3-за іх і мы павінны ўсё сваё жыццё быць рабамі. Хіба можна любіць такіх дзядоў? Яны ж не любілі нас, будучых, падстаўляючы выю пад ярмо. Яны ў той час клапаціліся толькі пра сябе. Слабыя душы і крохкія косці! Чаму вы не ўзялі камень, меч, дубіну, чаму вы не загінулі ў бітве, а сталі на калені, змірыліся, навек змірыліся з няволяй, аддаўшы і нас, нашчадкаў сваіх, у няволю?

Добры ўжо амаль крычаў, ужо, здавалася, гаварыў не з Ядрэйкам і Белавалодам, а сам з сабою:

— Боль і крыўду носім мы ў душы, як гарбатыя носяць на спіне горб. Везувій носяць яны на плячах сваіх. Не ідала мы б'ём і не дзядоў нашых, а сябе б'ём. Як гэта балюча — біць сябе. Вы не ведаеце... Вы шчаслівыя... Мы надзяём шапкі з сабачага футра. Гэта памяць аб ілотах. Жыў у рамейскай зямлі народ, вольны, вясёлы, прыгожы. Але прыйшлі заваёўнікі, забілі адважных, пакарылі слабых, узялі зямлю і ваду, а ілотаў, былых гаспадароў гэтага краю, ператварылі ў нікчэмных рабоў. Самі насілі залатыя вянцы, а ілотаў прымусілі шыць шапкі са смярдзючых сабак. Раб заўсёды раб. Яму можна плюнуць у самую душу і загадаць усміхацца, і ён будзе ўсміхацца. А я не захацеў і збег у пушчу, і да мяне прыйшлі баярскія чалядзіны, ізгоі, халопы. Тут яны зрабіліся братамі. У нас няма жанчын, бо мы не хочам пладзіць рабоў, у нас няма імёнаў, бо мы рахманы. Хлеб і мёд мы дзелім пароўну, і ў нас няма галоўных. Вы хочаце застацца ў нас?

— Не, — адказаў Ядрэйка. — Я дужа люблю жанчын, і мне будзе сумна без іх.

— I я не хачу, — прамовіў Белавалод. — Я хачу мець сына.

— Тады ты, рыбалоў, ідзі да сябе ў Менск, — загадаў Добры, — а ты, — ён зірнуў на Белавалода, — вяртайся туды, куды прывёў цябе наш брат, і чакай там жонку сваю. Вы няшчасныя, хоць і думаеце, што вы шчаслівыя. Я болей не ўбачу вас.

Добры павярнуўся і пайшоў ад іх.

— Каму срэбра аддаць? — выгукнуў услед яму Белавалод. Рахман прыпыніўся, але не азірнуўся.

— Ты срэбра прынёс? Мы не бяром дарункаў, але пакладзі яго на стол там, дзе будзеш сустракаць жонку.

I зноў загарэлыя босыя ногі зашархалі па пяску.

— Я вас з Ульяніцай на рацэ буду чакаць, без вас не паплыву, — сказаў Ядрэйка.

— Дзякуй табе, — пакланіўся рыбалову Белавалод.

— Сабе дзякуй, што мяне з бярозы зняў, — засмяяўся Ядрэйка. — На ўсё жыццё я да цябе прыліп, бо люблю добрых людзей.

Белавалод у суправаджэнні маладога доўгавалосага рахмана вярнуўся ў хатку, сеў за стол. На стале, як і раней, ляжаў бохан хлеба і стаяла карчага з квасам. Праз акенца Белавалод бачыў, што селішча рахманаў працуе, не схіцае да самага змяркання. Рахманы, узяўшыся гужам, цягнулі з лесу бёрны і карчы, смалілі чаўны, круцілі жорны, грукалі малаткамі ў кузні, гналі з пашы кароў у кароўніцу. Людзі больш сталыя, болын падбылыя сядзелі ў цяньку і выразалі з дрэва лыжкі, кубкі або ляпілі гліняныя свістулькі і маленечкія місачкі з накрыўкай для жаночых румянаў і прыціранняў. Усё гэта, як здагадваўся Белавалод, ішло потым на продаж. Няясна яму было толькі, з кім гандлююць лясныя людзі, бо, каб гандляваць, трэба ехаць у горад, у белы свет, а рахманам гэта забаронена.