Выбрать главу

Змрок наступаў на зямлю халоднай пятой, і Белавалод запаліў свечку. Душа ягоная трымцела, гняла нейкая шкадоба, нейкі незразумелы страх. Ён узняўся і Ігачаў хадзіць па хатцы. Хутчэй бы ўбачыць Ульяніцу!

У гэты самы час Ульяніца, выйшаўшы з лазні, бегла па начным жыце, і мяккія пяшчотныя каласы білі па разагрэтай вішнёвай скуры. Над лесам вісела велізарная празрыста-шкляная поўня. Здавалася, яна, недасяжная поўня, звініць у небе і сочыцца па ўсёй сваёй паверхні крынічнай вадой або чалавечымі слязьмі. Бярозы піумелі на жытнёвым узмежку, і ў іхнім парывістым шуме як бы ўгадваліся нечыя жывыя галасы. Бялеліся самотныя валуны. Здалёку іх можна было палічыць за людзей, што даўно памерлі, але ціхай ноччу выйшлі з нутра зямлі, з пяску і гліны і грэюць свае косці пад месячным блакітным святлом. Сонца яны баяцца, бо ад сонечнай пякучкі адразу рассыпаюцца, ператвараюцца ў шэры прысак белыя косці. 3-пад ног раптам ірванулася птушачка. Паляцела ў начную бездань спалохана-трывожнае «ціў-ціў»... I гэта быў знак жыцця. Праз густы расплаў срэбнага туману бачыла Ульяніца хатку, у якой яе чакаў Белавалод. Свечачка цяплілася, патухала на стале...

Так было два разы. А ў трэці раз, як толькі Ульяніца вылезла з глыбокіх дубовых ночваў, як толькі выцерла вочы, нешта ціхенька рыпнула за шіячамі ў яе. Танюсенькі быў рып, незаўважны. Але яна імгненна павярнулася, як маладая ваўчыца, што ўсім сваім нутром адчула смяротную небяспеку. У бярвенчатай сцяне лазні былі, аказваецца, прарэзаны дзверцы, непрыкметныя воку. I вось гэтыя дзверцы былі адчынены, і ў іх шчаміўся, пралазіў нейкі чалавек.

— Хто ты? — у роспачы выгукнула Ульяніца, адчуўшы, як млеюць ногі. Яна прыкрылася лапушыстым бярозавым венікам, з жахам глядзела на нечаканага незнаёмца. Ён быў чарнавусы, з паголенай, як бы лысай галавою. Вочы ззялі нясцерпнымі вугольчыкамі.

— Я Гнеўны, — ціха адказаў чалавек. — Ты не бачыла мяне, а твой муж прыходзіў у маю пячору. Не бойся, не бойся... Для ўсіх я Гнеўны, але я магу быць пяшчотным, як ніхто.

Ён стаяў перад Ульяніцай на каленях, прагаа глядзеў на яе, і жаўлакі перакочваліся па сухіх бледных шчоках.

— Я магу быць пяшчотны, як цёплая начная раса, як птушыны пух, — шаптаў Гнеўны. — Дзесяць год жыву я пад зямлёй... Я даў зарок... я кусаў локці ўначы... Але я болын не магу... Не Гнеўны я, а Яфрэм. Чуеш? Яфрэм. Такая, як ты, снілася мне кожную ноч... Вішнёвацелая, мяккая... Пашкадуй мяне, багіня...

На каленях ён падпаўзаў усё бліжэй да Ульяніцы. Яна прыціснулася да гарачай сцяны, ударыла Гнеўнага венікам па твары. Ён нават вокам не міргнуў. Неадрыўна пазіраў на яе, выцягнуў з-за пазухі скураны мяшэчак, развязаў яго, шаптаў, задыхаючыся:

— Бяры срэбра і золата... У мяне шмат усяго... Рахманы працуюць спраўна... Бяры вось гэтыя пацеркі з жамчужынамі-зоркамі. Такія не насіла жонка рамейскага базілеўса.

Ульяніца кінулася да дзвярэй, але Гнеўны з глухім хрыпам-стогнам скокнуў за ёй, сашчапіў у абдымках, паваліў яе на гарачыя сасновыя дошкі.

— Пусці, — білася, звівалася ўсім целам Ульяніца...

Свечачка, як і ўчора, дагарэла на стале. Белавалод стаяў пасярод хаткі, наструнена ўслухоўваўся ў начную цішыню. Трывога, якая не давала дыхаць увесь вечар, успыхнула з такой сілай, што ён пахіснуўся, абшчаперыў рукамі гарачы твар. «Што са мною? — думаў ён. — Трасе, як у ліхаманцы. Ніколі са мной не было такога». I раптам ён зразумеў — нешта сталася з Ульяніцай. Заўсёды, нават калі Ульяніцы не было побач, ён адчуваў, калі ёй блага. Такое адчуванне прыходзіла нечаканым штуршком у сэрца.

Белавалод выбег з хаткі ў начны змрок, спыніўся. Спала селішча, спалі, як пчолы, рахманы, натаміўшыся за доўгі дзень. Хмарны полаг павольна валачыўся над зямлёй. Вецер нябачным звярком шастаў у мураве. Усюды, на зямлі і ў небе, чорным ценем вісела трывога.

Ён не ведаў, у які бок бегчы, і гэта надавала асаблівую вастрыню ягонаму адчаю. Раптам ён успомніў, што каля вялікай будыніны, каля дубка ёсць біла, якое склікае рахманаў у пушчы на абед, гоніць на работу. Ён ужо некалькі разоў чуў голас гэтага біла, урачыста-сумны, трывожны, што пераліваўся над усім наваколлем. Белавалод памкнуўся туды, але ў тое ж імгненне заўважыў белы цень, які няясна мільгануўся зводцаль. Ён прыпыніў дыханне, прыслухаўся. Маладыя босью ногі часцілі па калянай пясчанай сцежцы. Так мог бегчы толькі смяртэльна перапалоханы чалавек. Ульяніца!

Яна ў роспачы кінулася на шыю Белавалоду, выгукнула:

— Здаецца, я забіла яго. Ён ляжыць і не дыхае.

— Хто ляжыць? — прытуліў Ульяніцу Белавалод.