— Гнеўны. Той, што пад зямлёй жыве. Калі я была ў лазні, ён адчыніў у сцяне дзверцы... Ён кінуўся на мяне, як вурдалак, як звер... Я ўпала, а каля сцяны, якраз пад правай маёй рукой, ляжаў замок... Жалезны замок ад дзвярэй... Я ўдарыла Гнеўнага замком па галаве.
Ульяніца была ў адной лёгкай сукенцы, басанож. Яе пачало трэсці ад хвалявання і холаду. Белавалод адчуў, як яна абвяла ў ягоных руках.
— Супакойся, — сказаў Белавалод. — Супакойся. Хадзем у хату... Вось табе і святыя людзі.
Ён амаль занёс Ульяніцу ў хатку, пасадзіў у цемры каля стала.
— Не запальвай свечкі, — спалохана зашаптала Ульяніца. — Трэба ўцякаць, бегчы адсюль.
— Вось табе і святыя людзі, — зноў паўтарыў сваё Белавалод. — Ах, чарвяк падземны, макрыца.
Ярасць і гаеў бушавалі ў ім. Ён узяў Ульяніцу за плечьі, дрогкім голасам спытаўся:
— Ёнцябе не...
— Я стукнула яму замком па мазгаўні, — жорстка, не даючы Белавалоду дагаварыць, сказала Ульяніца. — Бяжым адсюль.
—Як?
— Па небе, пад зямлёю, але трэба бегчы, ратавацца.
Яны асцярожна выслізнулі з хаткі, прыгінаючыся, пабеглі ў той бок, дзе, па іхніх падліках, павінен быў стаяць калаўрот з вяровачнай лесвіцай. Яны не думалі, ці здолеюць звалодаць з гэтым калаўротам, яны беглі.
Вось і сцяна. Цяпер, уначы, яшчэ вышэйшая і страшнейшая. На самым версе яна заканчваецца вострымі цвёрдымі бярвеннямі-каламі.
— Мір вам, людзі, што за любоўю прыйшлі, — лагодна пачулася з цемры. Белавалод з Ульяніцаю прыраслі да зямлі ад нечаканасці. Рослы худы рахман з дзідай у руцэ, з доўгай накідкаю на плячах стаяў побач. Здавалася, ён не здзівіўся, убачыўшы іх, бо стаяў і маўчаў, нічога не пытаючыся.
— Вяртайцеся назад, — нарэшце сказаўрахман. — Сцяна высокая, а ноч глыбокая. Мы ходзім за сцяну толью тадьі, калі сонца на нябёсах пакоіцца.
Моўчкі шыбуючы ззаду, ён давёў іх да самай хаткі, счакаў, пакуль яны ўвойдуць у яе. Там, у цемры, яны не звялі вачэй да світання, селі на одр, абняўшыся, слухалі ноч, якая магла быць апошняй іхняй ноччу. Ульяніца плакала. Цёплыя слёзы капалі Белавалоду на рукі. Ён гладзіў жончыны валасы, глядзеў у змрок. Шумеў за акенцам вецер, ляцеў над пушчай. Вольна было ветру — ляці куды хочаш і рабі што хочаш. Гні вербалозы над ракой, раскідвай хмары на небе, мякка біся ў шчыт маладому вою, што стаіць недзе на сцяне Менска, пільна ўзіраючыся ў цемру. Белавалоду хацелася зрабіцца ветрам. Лёгка падняў бы ён Ульяніцу на моцных крыллях, панёс туды, дзе цьмяным срэбрам свеціцца між лясоў Свіслач, дзе, схаваўшыся ад непагадзі, ад краплістага дажджу пад лодкай-дубоўкай, цярпліва чакае іх Ядрэйка. Ды немагчыма было вырвацца з-за сцяны. Ён адчуваў, як шпарка мінае, коціцца ноч, і шаптаў Ульяніцы:
— Спі... Засні...
Сам жа не спаў, гнаў прэч млявасць. Заўтра яму трэба быць моцным, не з сэрцам, а з кавалкам жалеза ў грудзях.
Знадворку ціха кашлянуў рахман. Пільнуе, глядзіць ва ўсе вочы, каб не збеглі. Калі ж збягуць, не бачыць яму абшчыны, выганяць з пракляццем у пушчу, а для рахмана гэта смерць.
I ўсё-такі Белавалод заснуў. I снілася яму мноства белых птушак, ці то буслоў, ці то вялізных азёрных чаек. Запаланілі птушкі ўсё неба, засланілі крыллем сонца, бела-бела зрабілася на зямлі, нібы снег пайшоў. Такая цнатлівасць, такая пяшчота і мяккасць былі ва ўсім і ўсюды. Белавалод з Ульяніцаю, абняўшыся, лагодна сядзелі на воблаку, нібы на ружовым чоўне. Веліч небясная адкрывалася позірку, неабсяжнасць. Зямля бачылася далёка ўнізе, як спелы лясны арэх, калі яго падчырвоніць ласкавае жнівеньскае сонца. Самы слабы шэпт громам каціўся, гучаў у аблоках, але не было ў гэтай гучнасці пагрозы, было адчуванне сілы таго, хто кіруе ўсім. Белыя птушкі неслі воблака, далікатна трымаючы яго доўгімі карычневымі дзюбамі. Часам адна з птушак губляла пёрка, і яно, успыхваючы на сонцы, кружачыся, павольна падала ўніз, у сінюю бездань. Раптам удалечыні, як пляма на асляпляльна-белым, паказалася чорная хмарка. Птушкі захваляваліся, нешта крыкнулі разгубленымі хрыплымі галасамі (гэта яны ад страху ахрыплі) і рынуліся хто куды, пачалі хавацца, зашывацца ў белую іскрыстую воўну воблакаў. А з чорнай хмаркі ўпаў, распластаўшы меднае крылле, арол. У яго былі востра наточанью жалезныя кіпцюры, жоўтыя сонечныя вочы, якія не міргалі. Арол быў буйнацелы, не менш Белавалода. Ён сеў між Белавалодам і Ульяніцай і, ахінуўшы Ульяніцу шырокімі меднымі крыллямі, на якіх патрэсквалі сіняватыя іскры маланкі, пачаў раздзяваць яе, дзюбай і кіпцюрамі здымаючы сукенку. Белавалод зайшоўся ад гневу, хацеў схапіць арла за шыю, але арол рэзка павярнуўся, пранізліва зірнуў жоўтым бясстрашным вокам і ўдарам цвёрдага крыла збіў яго з воблака. Белавалод ускрыкнуў і прачнуўся.