Выбрать главу

Ён змоўк, у глыбокім одуме сеў на злямчаную гарохавую падсцілку. Нічога ў гэтыя імгненні не было ў ім ад яраснага ваяра-князя, перад імклівым поступам якога дрыжалі суседнія княствы і народы. Сядзеў стомлены чалавек. Слава засталася ззаду, яе не пусцілі ў гэты смярдзючы поруб, як сокал з перабітым крылом, знясілена лётала яна дзесьці над Палатою і Нямігай.

Змрок затапляў поруб.

Усе трое сціхлі, нават, здавалася, не дыхалі. Кожны ўспамінаў сваё.

Расціславу ўспаміналася маці, княгіня Крутаслава. У ноч на Івана Купалу загадвала яна звязаць з тоўстых сасновых бярвенняў плыт. Дзеўкі-чалядніцы ўпрыгожвалі плыт гірляндамі з кветак, маладзенькімі бярозкамі, распальвалі на ім цяпельца, і павольна несла Дзвіна ў сіні начны змрок усіх: маці, Расціслава з Барысам і братамі, чалядніц, якія спявалі песні. Стырнавы стаяў на самым носе плыта і час ад часу трубіў у доўгі турыны рог — сурму. Рэха адбівалася ад стромкага рачнога берага, ад цёмных пушчаў, якія сонна камянелі над Дзвіной. Так хацелася тады зрабіцца птушкай або рыбінай, нырнуць у асветленую яркімі начнымі зоркамі ваду, плыць услед за плытом і да салодкіх дрыжыкаў у целе адчуваць, што ты можаш згубіцца ў гэтай трывожнай рачной імгле, але каля цяпельца на плыце ёсць маці, яна не дасць табе згубіцца, згінуць, вось зноў гучыць яе цёплы ласкавы голас: «Расціслаў, сынок, не засні, не ўпадзі ў раку».

— Бацька, дзе ты? — раптам ціха выгукнуў Барыс. У порубе была апраметная цемра. Апошняя свечка згарэла некалькі сядміц назад, але вой-ахоўнік не кінуў у акенца новую.

— Дзе ты, бацька? — зноў спалохана паўтарыў Барыс і пачаў лэпаць каля сябе, шукаць бацьку.

— Тут я. Не бойся, — сказаў Усяслаў. I каб сын супакоіўся, дакрануўся да яго шырокай далонню. Ды Барыс мог паклясціся на святым крыжы, што некалькі імгненняў да гэтага бацькі не было ў порубе. Яму нават здалося, што ўверсе поруба, у тым месцы, дзе было акенца, слаба мільгануў нейкі празрыста-сіні клубок, і лёгкім ветрам шаснула па твары.

Сэрца ў княжыча моцна тахкала. Ён прыціснуў яго рукою. Так ён некалі нёс, моцна сціскаючы, жывую, спалоханую да смерці вавёрыцу, якую злавілі для яго смерды. Вавёрыца адчайна калацілася, як калоціцца зараз сэрца.

— Засні, — сказаў Усяслаў з цемры. — Засні і ты, Расціслаў. Дайце, сыны, вашы галовы, я пакладу іх сабе на калені. Вось так. Спіце.

Абодва княжычы падгарнуліся да бацькі, умасцілі галовы ў яго на каленях. Праз нейкі час трывожны сон змарыў іх, і Расціслаў плыў на засыпаным васількамі і рамонкамі плыце, а Барыс, паміраючы ад жаху, сядзеў на касматай спіне ваўкалака, упіўшыся пальцамі ў жорсткую поўсць, і поўсць пахла гнілым балотам, начной навальніцай. Ваўкалак шалёна імчаўся праз ноч, вось падбег да лясной весі, да крайняй маленькай хаткі, глянуў у зацягнутае бычыным пузыром акенца. Маладая маці якраз карміла дзіця. I раптам у акенцы — жахлівы твар, дзікія вочы, а ў вачах жалоба, пакута, незразумелы дакор. Яна выпусціла з рук дзіця, закрычала. Ваўкалак адскочыў ад акенца, ад хаткі і таксама закрычаў, і на самым высокім усплёску голасу ваўчынае выццё пераходзіла ў чалавечы крык.

Раніцою вой-ахоўнік падаў ім ежу, і ўпершыню яны пачулі ягоныя словы. Вой сказаў:

— Рыхтуйся, князь. Сёння цябе забяруць адсюль. На допыт пойдзеш да вялікага князя кіеўскага Ізяслава Яраславіча.

— А я думаў, што ты нямы, — не ўстаючы на ногі, глянуў на яго знізу ўверх Усяслаў. — А ты, аказваецца, умееш гаварыць чалавечым голасам.

— Навошта лішнія словы? — спакойна сказаў вой.

— Твая праўда, — згадзіўся Усяслаў. — Лішнія словы могуць каштаваць лішніх бізуноў.

Вой адхіснуўся ад шчыліны. Ягоныя словы ўсхвалявалі княжычаў. Усяслаў жа быў спакойны.

— Можа, Яраславічы хочуць выпусціць нас з поруба? — з надзеяй глянуў на бацьку Барыс. Расціслаў жа думаў зусім пра іншае. Засмучаны, паклаў ён руку на бацькава плячо, сказаў:

— Толькі б не катавалі яны цябе, толькі б не білі. Няўжо яны пасмеюць напусціць катаў на князя?

«Якія розныя ў мяне сыны, — думаў Усяслаў. — Адна маці нарадзіла, ды неаднолькавыя сэрцы дала».

Неўзабаве шмат ног цяжка затупацела наверсе, прыйшлі надворныя халопы вялікага князя Ізяслава, пачалі разбіраць два дубовью вянцы поруба, бо толькі такім чынам можна было выбавіць Усяслава на белы свет. Пасыпаўся мох з пяском. Рыжабароды каваль, трымаючы свой струмант, спусціўся на вяровачнай лесвіцы ў поруб.

— Як жа ты, князь, рукі ад маіх вярыг вызваліў? — здзіўлена спытаўся ён.

— Махнуў рукамі, і зляцелі вярыгі, — усміхнуўся Усяслаў.

— Пракляты той, хто першы на свайго бліжняга, на чалавека, надзеў, як на вала, ашыйнік, — перахрысціўшыся, сказаў каваль і пачаў раскоўваць Усяслава.