Ульяніца, абміраючы сэрцам, глядзела на Гнеўнага і думала, што ён завязаў твар не толькі таму, што баіцца сонца. Калі б сарваць ручнік, усе б убачылі след ад страшнага ўдару цяжкім жалезным замком. Яна была ўпэўнена, што там, у лазні, забіла яго, пацэліўшы ў скронь, а ён выйшаў, стаіць перад усімі, як Бог. Ён гаворыць пра вечную цнатлівасць абшчыны, і рахманы вераць кожнаму слову, а сам жа ён, як нікчэмны чарвяк, поўзаў нядаўна ля яе ног, вымольваючы жаночую ласку і пяшчоту. Хто ж ён? Д'ябал ці святы? Зіма ў ягоным сэрцы, зіма, хоць і абсыпае ён усіх цёплымі, як сонечныя промні, словамі.
— Я вяртаюся ў змрок, — сказаў ціхім голасам Гнеўны.
— Не пакідай нас! Пабудзь яшчэ хоць трошкі з намі! — залямантавалі рахманы. Вялікая любоў і адчай былі ў іхніх крыках.
— Бывай, сонца, — узняў угору твар Гнеўны. — Дзеля таго, каб ты свяціла ўсім і грэла ўсіх, нехта павінен жыць у цемры.
Ён пакланіўся сонцу, пакланіўся рахманам, павольна пайшоў да сваёй пячоры.
— Не пакідай нас! — кінуліся следам рахманы, але ён, не азіраючыся, спыніў іх рухам і знік пад зямлёю.
— Гора! Гора нам! — аж завыў натоўп. Некаторыя пачалі, нібы жанчыны, ірваць валасы на галаве. Добры з сумнай усмешкай глядзеў на бушаванне рахманаў. Былі між іх не толькі маладыя, былі дзяды-сівагрыўцы, і слёзы каціліся па старэчых шчоках, буйныя, непадробныя.
Белавалода з Ушьяніцай больш нішто не затрымлівала ў абшчыне. Моўчкі дайшлі яны да сцяны, моўчкі з дапамогаю калаўрота і вяровачнай лесвіцы перабраліся цераз яе і толькі там, за сцяною, у пушчы, з палёгкай уздыхнулі. Здавалася, скончыўся нейкі недарэчны незразумелы сон.
— Ніколі б не паверыла, каб на свае вочы не бачыла, што жывуць такія, — сказала Ульяніца. Белавалод маўчаў. Пакуль што ён не мог выказаць словамі тое, што нагарнулася на душу, што змушала па-новаму глядзець на сябе і на свет, у якім побач радуюцца сонцу і змроку, дыхаюць, пакутуюць, спадзяюцца на вечнае жыццё зусім непадобныя людзі. Ён адчуваў, што пасталеў за гэтыя тры дні, зразумеў нешта такое, аб чым не толькі казаць, а нават прызнавацца самому сабе яшчэ рана, яшчэ не час.
Яны ішлі да ракі, і ўсё болей глушэў лес, усё часцей трапляліся бясконцыя завалы з дрэў, якія некалі рухнулі пад напорам ветру або пад напорам старасці. Некаторыя спарахнелыя дрэвы ўжо зараслі высокай вільготнай травою, што з самага нараджэння свайго не бачыла промня сонца. Галіны дрэў цягнуліся з гэтай глухой травы, нібы рукі тапельцаў.
Нарэшце стужка Свіслачы затрапяталася наперадзе. Яны вельмі абрадаваліся рацэ, бо рака — гэтарух, дарога, Менск...
Ядрэйка сядзеў на беразе і паліў цяпельца, кідаючы свежы лапнік у агонь, каб вышэй уздымаўся слуп сіняга дыму.
— Даўно чакаю вас, баяры вы мае дарагія, — узвіўся Ядрэйка. — Чаго толькі я не нацярпеўся! I камары мяне грызлі, і мядзведзь-сапун падыходзіў, і нехта енчыў у пушчы касцяным голасам. Толькі вочы звяду, а ён др-р-ру... др-ру-ру...
— Мы болей, дзядзька, нацярпеліся, — сказала Ульяніца, шукаючы вачыма лодку-дубоўку. Ёй хацелася як мага хутчэй плыць з гэтага месца.
— Тваё цярпенне вядомае, жаночае, — шырока ўсміхаўся Ядрэйка. — Так ужо Бог стварыў вас, жанчын. Ого-гого, якая сіла ў вас! А так з выгляду дзеўкі падатныя, мяккія, хоць у вузел вяжы.
У гэты час пачулася шыпенне стралы. Белавалод, які выводзіў дубоўку з-пад схоўнага куста на чыстую ваду, разгублена азірнуўся. У смаляны бок лодкі, між ягоных рук, уваткнулася, упілася доўгая страла і яшчэ трапятала, уздрыгвала ўсім сваім апярэннем, быццам шкадавала, што не патрапіла ў шыю або ў спіну чалавеку. Між прырэчных дрэў мітусіліся нейкія цені.
— Гэта Гнеўны іх паслаў! — у роспачы закрычала Ульяніца. — Ён усіх нас хоча забіць! Каб не ведалі, каб нікому не расказалі!
Белавалод схапіў Ульяніцу, паклаў на дно дубоўкі, прыкрыў сваім целам. Побач цяжка ўпаў у лодку Ядрэйка. Лодка захісталася, завалюхалася, вось-вось зачэрпне зеленаватай цяжкой вады.
Рукамі яны адпіхнуліся ад куста, потым Белавалод успомніў пра вясло, уваткнуў яго ў раку, з натугаю пачаў веславаць. Стрэлы паляцелі густым роем, і адна ўсё-ткі адшукала Ядрэйку, пеканула ў левы плячук. Рыбалоў, моршчачыся, выдраў яе, шпурнуў прэч ад сябе, крыкнуў:
— Каб над вамі вароны крукалі, хто на людзей палюе!
Стрэлы білі па вадзе. Білі з ціўканнем і шыпеннем. Але раптам на беразе, дзе заселі лучнікі, усчаўся шум, гвалт. Пэўна, з'явілася нейкая новая сіла і навалілася на людзей Гнеўнага. Лучнікам было зараз не да ракі. Ядрэйка асмялеў, узняў галаву, з пагрозаю крыкнуў: