— Я адрэжу ўсім вам вялікі палец правай рукі, і вы ніколі болей не возьмеце лук! Гэта кажа вам Ядрэйка!
Столькі рашучасці было ў ягоным голасе, столькі адвагі, што няцяжка было ўявіць яго самым харобрым воем усёй Полацкай зямлі. Асабліва таму, хто не бачыў, як некалькі імгненняў назад гэты адважны Ядрэйка тачыўся на самае дно дубоўкі.
— Ці жывыя вы? — запытаўся Ядрэйка ў Белавалода і Ульяніцы.
— Здаецца, жывыя, — адказаў Белавалод.
— Ну то й добра. Трэба жыць, баяры вы мае дарагія.
Ядрэйка ўзняўся на поўны рост. У гэты час на рачны бераг выехаў з пушчы на вараным танканогім кані вой, крыкнуў:
— Хто вы, людзі?!
— Мы плывём у Менск! — за ўсіх спалохана выкрыкнула Ульяніца.
— Нікога не бойцеся і плывіце да мяне, — загадаў вой. — Я дружыннік полацкага князя Усяслава Раман.
Раздзел трэці
Вялікі князь кіеўскі Ізяслаў разам з усім дваром, разам з блізкімі баярамі і княгіняй Гертрудай, разам з прыдворнымі дамамі, кухарамі і гудошнікамі плыў на пяці лоддзях у дняпроўскія затокі пастраляць шызых качачак і белых лебедзяў. Яшчэ ўчора бушавала над Кіевам навальніца, маланка ўгрызалася ў цвёрды нябесны блакіт, і ўсе, асабліва маладзенькія прыдворныя дамы, баяліся, што непагадзь спалохае князя і зноў давядзецца сумаваць у горадзе. Але неба вызвалілася ад абложных воблакаў, рака пасвятлела, паспакайнела, заіскрылася пад лагодным сонцам, і грабцы, усе загарэлыя, шыракаплечыя, у зялёных кашулях, наляглі на вёслы. Кожная лоддзя мела чатыры пары вёсел і на носе ачаг — жалезную скрынку, напоўненую пяском. Кухары, як толькі лоддзі адплылі ад княжай прыстані ў Кіеве, пачалі рыхтаваць абед. Меркавалася, што гэта будуць лёгкія закускі з віном і мёдам, бо галоўны абед звычайна рыхтавалі на адным з астравоў, якія густа ляжалі па цячэнні ракі. Там, на востраве, можна было раскласці велізарнае вогнішча, каб на ражнах падсмажыць вепраў, казуль і зайцоў, тушы якіх загадзя ўзялі з сабою.
Ізяслаў з вялікім цісавым лукам у руках сядзеў пад ядвабным чырвоным балдахінам, які быў нацягнуты на гранёных медных слупках. Дно лодцзі пакрываў агромністы мяккі дыван, затканы кветкамі, сцяблінамі раслін, хвастамі яркапёрых паўлінаў. Разам з Ізяславам плылі баярын польскага караля Баляслава Казімір, пасланец канстанцінопальскага базілеўса Рамана Дыягена Тарханіёт і начальнік атрада варагаў-находнікаў Торд. Гэта былі вельмі розныя людзі, і вельмі розныя справы і мэты прывялі іх з розных канцоў зямлі ў Кіеў.
Ізяслаў толькі што ўдала пусціў стралу, падбіўшы ёй вялікую птушку. Адзін з грабцоў адразу ж кінуўся ў раку і неўзабаве прыплыў назад, кінуў князю пад ногі паляўнічую здабычу. Гэта быў прыгожы качар, з бліскучай цёмна-зялёнай галавой і шыяй, з белай палоскай на шыі, з фіялетавымі «люстэркамі» на крыллях.
— Базілеўс — цудоўны стралок! — усклікнуў Тарханіёт і смуглымі, аголенымі па локаць рукамі схапіў мёртвую птушку. Лях Казімір, буйнацелы і шэравокі, пры словах рамея ўсміхнуўся аднымі куточкамі тонкіх вуснаў і гэта азначала, што ён таксама ўхваляе трапнасць Ізяслава і што яму, а не Тарханіёту патрэбна было першаму выказаць захапленне. Толькі рыжавалосы Торд, якому ў даўняй бітве рассеклі правую шчаку, быў, здавалася, бясстрасны. Але з-пад густых светлых броваў насцярожана глядзелі, нічога не прапускаючы, вочы колеру зеленаватага паўночнага лёду.
Ізяслаў быў надзвычай задаволены. Калі б не грабец, што паспяшаўся выслужыцца перад князем, ён сам бы скокнуў у Дняпро і дастаў бы птушку. Хай бы глядзелі рамей і лях з варагам, які спрытны, які дужы кіеўскі князь. Трымаючы сталец вялікай і багатай дзяржавы, нельга быць слабым хірляком.
— Дарагія госці, — шырока ўсміхнуўся Ізяслаў, — неба паслала нам вялікую тлустую птушку, як напамінак, што ўжо час абеду. Прыстанем да вострава, і мае кухары падсмажаць яе.
Лоддзі весела памчаліся да бліжэйшага вострава. Грабцы скінулі сходні, і рознакаляровы шумны натоўп мужчын і жанчын выліўся на жоўты пясок і зялёную мяккую траву. Нацягнулі шацёр, прычым ваўняныя беласнежныя полы шатра не даставалі да самай зямлі, каб быў вольны ход свежаму рачному ветру. Елі печаную з яблыкамі дзічыну ў гліняных гаршках, белую і чырвоную рыбу з падсоленай духмянай ікрой, залітых смятанай перапёлак і курапатак, печань маладых тураў. Пілі рамейскае віно, кіеўскі мёд, халодны квас, гарачы збіцень, настойкі з лугавых траў, у якія быў падсыпаны перацёрты мак. Потым отракі разнеслі на залатых талерках вінаград і арэхі, сушаныя дыні, ярка-чырвоныя сакавітыя скрылі кавуноў.