Выбрать главу

— Ты не першы. Бі смялей па жалезе.

Калі Усяслава пачалі па лесвіцы выцягваць з поруба, Расціслаў не вытрымаў, заплакаў, пацалаваў бацькава калена.

— Не плач, сын, — падбадзёрыў яго Усяслаў. — Халопы не павінны бачыць княжых слёз. Я вярнуся...

Частка II

Ужо некалькі начэй запар вялікі князь кіеўскі Ізяслаў Яраславіч у суправаджэнні свайго рынды-целаахоўніка Цімафея і баярына Чудзіна патаемна знікаў з апачывальні. Усе трое апраналі грубыя чорныя плашчы з капюшонамі і бясшумна, нібы кажаны, раставалі ў начным змроку. Велізарны палац спаў. Воі, што ахоўвалі пераходы і галерэі, віталіся з вялікім князем, ціха стукаючы дрэўкамі коп'яў аб каменную паддогу. Ізяслаў строга пазіраў на іх, ківаў галавою.

У Кіеве стаялі цёмныя сухія дымныя ночы. Нават такая магутная рака, як Дняпро, не давала свежасці, прахалоды. Палавецкая арда хана Шарукана запаліла на поўдзень ад горада стэпы. Птушкі, звяры і гадзюкі ратаваліся хто як мог. Але агонь і дым даганялі іх, знаходзілі ў ярах, у азёрах і норах, і ўсюды востра пахла паленай поўсцю, гарэлым птушыным пяром. За вялікім дымам, як заўсёды, павінна была прыйсці на Русь вялікая бяда — крывавы набег полаўцаў. У тысячах кібітак ужо лютаваў голад, і смуглатварыя вастравокія коннікі набівалі стрэламі калчаны, вастрылі каля кастроў крывыя шаблі. Хутка загудзе стэп ад конскіх капытоў.

Ізяслаў ведаў пра ўсё гэта, і таму, амаль ужо месяц, пёк яму цемя галаўны боль. Нішто не ратавала ад болю — ні шаптуны кіеўскія, ні зялейнікі царгародскія, ні попел чорных гадзюк, які сыпаў вялікі князь у свой мядовы залаты кубак. «Хоць ты вазьмі ды адсячы гэту галаву», — думаў Ізяслаў, сціскаючы зубы.

Але што ж гнала вялікага князя кожную ноч з палаца? Не галаўны боль і не палавецкі дым. Пачуў ён неяк ад вояў-дазорцаў, якія пільнавалі поруб з Усяславам, што полацкі князь у самы глухі змрок вылётвае з поруба.

— Як вылётвае? Што ён, птушка? — здзівіўся і адначасна спалохаўся Ізяслаў.

— Чуецца свіст, быццам вецер у чаратах грае, — растлумачыў дазорца, — а потым адчыняецца акенца поруба і адтуль, знізу, вылётвае нешта светлае, нешта сіняе, як воблака. Трошкі пакружыцца над порубам, нібы вынюхвае ці выглядвае што, і ляціць у бок Дняпра, на Падол.

— Ты сам бачыў?

— Бачыў. Як цябе, вялікі князь, бачу.

— Дык ты ж кажаш, што там з'яўляецца воблака. Не Усяслаў жа, а воблака.

— А каму быць, як не яму? — упэўнена сказаў вой. — Увесь Кіеў гаворыць, што гэты полацкі князь чарадзей і ваўкалак.

«Звар'яцелі, пэўна, усе, — разгублена падумаў Ізяслаў. — Шарукан ужо каня сядлае, цеціву напінае, а ім ваўкалакі-пярэварацені сняцца». Але распалілася ў ім цікавасць вялікая, і той жа ноччу пайшоў ён з Цімафеем і Чудзінам да поруба. Якраз крапаў дожджык, задымленую зямлю паліваў. Хмары ляцелі ў небе цяжкія, трывожнью. Ізяслаў затаіўся ля каменнай сцяны непадалёку ад поруба, глядзеў ва ўсе вочы, ды нічога не бачыў. Глуха шумелі над ім дрэвы, нібы змоўшчыкамі былі, нібы супроць князя нешта ўчыніць хацелі, і ядавіты страх паласнуў Ізяслава. Не ўпершыню цёк па жылах гэты ганебны страх, але тут, ля поруба, ён схапіў за сэрца так моцна, што князь на колькі імгаенняў перастаў дыхаць.

Нікога і нічога ў тую ноч не ўбачылі. Назаўтра гнеўны Ізяслаў воя-дазорцу драў за бараду, крычаў:

— Дзе ваўкалак? Дзе сіняе воблака? Прыдумаў, пёс, небывальшчыну?! Хочаш, каб з тваёй сабачай скуры лыка надралі?!

Дазорца бухнуўся на калені і амярцвелым голасам залепятаў:

— Дожджык ішоў, вялікі князь, дожджык... Нячыстая сіла баіцца вады. Але, вось табе святы крыж, вылётвае з поруба воблака. Можа, зараз прытаілася. Цябе чуе, вялікі князь.

Ліслівіў дазорца, выціраючы барадою пыл каля князевых ног, але ягоныя словы прынеслі нейкае, хоць і часовае, супакаенне. «Прытаілася нячыстая сіла, мяне баіцца», — думаў задаволены Ізяслаў. Ён быў лёгкі на злосць, але гэтак жа лёгка адыходзіў, разумеючы, што нельга ўсё жыццё быць злым, што злы гарачлівы чалавек сам сабе, у рэшце рэшт, яму капае. У трэцюю ці чацвёртую ноч баярын Чудзін усхвалявана выгукнуў:

— Бачу! Плыве...

Ноч, як і ўсе астатнія, была цёмная, непраглядная. Ізяслаў напружыў зрок, але ні сіняга, ні зялёнага воблака не ўбачыў, нічога не ўбачыў. Начное чарноцце было наўкол. «Ці я сляпы, ці яны дужа хітрыя, — паныла падумаў князь. — I што гэта я кожную ноч поўзаю тут? Хіба я кіеўскі князь? Я смаркаты хлапчук, які хоча залезці ў чужую рэпу». Ён рашуча, шумна выпрастаўся, зычна сказаў Чудзіну і Цімафею: