Як заўсёды, раптоўна забалела галава. Ізяслаў абхапіў яе рукамі, падышоў да велізарнай цёмна-рыжай туравай шкуры, якая вісела на сцяне, упёрся ў шкуру лбом. Пахла дзікім воласам, лесам. Боль паступова змякчаўся, танчэў.
Назаўтра памчаліся ганцы ў Чарнігаў і Пераяслаўль клікаць князёў Святаслава і Усевалада ў стольны горад Кіеў да старэйшага брата, вялікага князя. Браты паказвалі гонар, не спяшаліся ехаць і ўсё-такі вымушаны былі з'явіцца ў Кіеў, кожны са сваёй дружынаю. Ізяслаў сустракаў іх вельмі ўрачыста каля Залатой брамы. Вялікі князь сядзеў на белым кані. На ім зіхцела кальчуга, сплеценая з тоўстых кляпаных кольцаў. На кальчугу быў накінуты ярка-чырвоны плашч, які на правым плечуку зашпільваўся вялізнай залатой спражкай з выявай святога Георгія. На галаву Ізяслаў надзеў высокі жалезны шалом з наноснікам, з кальчужнай сеткай-барміцай. Кіеўскае баярства, вясёлае, раскошна прыбранае, сцяной стаяла вакол вялікага князя.
Святаслаў і Усевалад злезлі з коней, схілілі перад братам калена. Ізяслаў зычна, каб усе чулі, сказаў:
— Прашу вас, дарагія браты, у горад бацькі нашага!
I адразу ж на кіеўскай метраполлі Сафіі ўрачыста загулі званы. Князева чэлядзь надворная, халопы, якіх дзеля гэтай урачыстасці прыгналі да Залатой брамы, пачалі весела крычаць, кідаць шапкі ўгору. Людна і шумна было.
Браты (Ізяслаў пасярэдзіне) ехалі на баявых конях да велікакняжацкіх палат. Іхнія дружыны шчацініліся коп'ямі, зіхцелі мячамі ззаду. Яраславічы былі вельмі падобнью між сабой: сухарлявыя, даўгалыгія, насы з лёгкай гарбінкаю. Толькі Ізяслаў быў больш цямнейшы з воласу, болын мажны ў паставе. Сорак чатыры сонцавароты адлічыла яму ўжо зямное жыццё.
— Добры горад збудаваў наш бацька. Добра жыць і княжыць у такім горадзе, — сказаў Святаслаў, сказаў ад шчырага душэўнага ўзрушэння, пасля доўгай адсутнасці зноў убачыўшы цудоўную Сафію, белакаменныя палацы.
— Чым горшы Чарнігаў? — адразу ўспыхнуў Ізяслаў. — Зайздроснае ж вока ў цябе, брат.
Вось-вось магла ўкалоць сваімі вострымі рагамі спрэчка. Ды самы малодшы з Яраславічаў Усевалад, млеючы ад цёплага кіеўскага сонца, ад узбуджаных шумных славіц шматтысячнага натоўпу, павярнуўся да іх і сказаў:
— Усміхніцеся, братанічы. Кіяне на нас глядзяць, нас вітаюць і славяць.
На княжым двары перад палацам яны не злезлі з коней, а пачакалі, пакуль сівагаловы віначэрпій налье ў Ізяславаў шалом віно. Потым пусцілі шалом па крузе, выпілі віно згоды і мудрасці.
— Богу нашаму слава ныне, і прысна, і ва векі вякоў. Амінь, — сказаў Ізяслаў.
Здарожаныя Святаслаў і Усевалад памыліся ў дубовай лазні гарачай вадою на сямі травах. Лёгкія целам, чырванашчокія, узышлі яны разам з вялікім князем і баярамі на сені. Гэта была велізарных памераў летняя галерэя на другім ярусе княжацкага палаца. Сені трымаліся на белых каменных слупах, вяла туды шырокая, з дубу і ясеню лесвіца — узыход.
Ізяслаў сеў на велікакняжацкі сталец — вялікае, упрыгожанае золатам і слановай косцю крэсла, што стаяла на высокім памосце. На сцяне над крэслам віселі два залатыя перакрыжаваныя кап'і — знак княжай улады. Святаслаў і Усевалад селі поруч з братам на ніжэйшыя крэслы.
Ад памоста на ўсю даўжыню сяней стаялі шырокія сталы і цёмныя дубовыя лавы. У вузкія, але высокія вокны з алавянымі рамамі і круглымі шыбамі ўрывалася сонца. Промні ззялі на срэбных падсвечніках, на свяцільніках пад столлю, на старадаўніх шлемах, кальчугах і шчытах, якімі былі густа завешаны сцены.
Княжыя дружыны гасцяваліся ў грыдніцы на першым ярусе палаца. Адтуль чуўся нямоўчны гуд галасоў. Потым там заспявалі, закрычалі, затупацелі нагамі.
Мёд і віно вельмі хутка змылі з душы скарынку асцярожнасці, стрыманасці і разважлівасці, якую кожны чалавек носіць у сабе. Разгарэліся твары, заблішчалі вочы. Але ўзняўся са свайго месца стары баярын Дабрагост і прашамкаў бяззубым ротам:
— Вялікі князь, загадай чаляднікам адчыніць вокны.
— Навошта, баярын? — спытаўся павесялелы ад моцнага віна і гарачага мяса Ізяслаў.
— Панюхаем, як пахне палавецкім дымам у стольным Кіеве.
Трапезнікі адразу змоўклі, як удавіліся. Ізяслаў разгублена глядзеў на пусты рот старога, ніяк не мог даўмецца, чаго хоча Дабрагост. Нарэшце зразумеў, парывіста задыхаў, стукнуў кулаком па залатым падлакотніку крэсла:
— Пі княжы мёд і маўчы, стары ліс!
— Я не твой раб падкаленны! — тонкім голасам заверашчаў Дабрагост. — Бяда ідзе, стэп гарыць! На вуголлях будзеш віно піць, на попеле!