— Выкіньце яго! — з лютасцю крыкнуў Ізяслаў, схапіў са стала абгрызеную костку і шпурнуў у старога. Костка пацэліла Дабрагосту ў лысіну, і баярын абсунуўся на лаве, абмяк. Некаторым нават здалося, што Ізяслаў забіў Дабрагоста. Усе ўскочылі на ногі. Са сталоў пасыпаліся карчагі і каўшы. Частка гасцей памкнулася да дзвярэй, але Ізяслаў, наліўшыся цяжкой крывёю, крыкнуў:
— Чаляднікі, зачыніце дзверы! Налівайце мёд! Вядзіце гусляроў і гудошнікаў!
Вельмі хутка перапыненая трапеза ўвайшла ў свае звычныя, шумныя, п'яныя і вясёлыя берагі. Старога ж Дабрагоста ваявода Каснячка схапіў за бабровы каўнер і вывалак з сяней.
Ды Ізяслаў адчуваў, што шмат хто з ягоных гасцей падзяляе думкі і словы непакорлівага баярына, толькі да часу хавае іх пад ліслівымі ўсмешкамі, пад крыкам і тлумам. На душы зрабілася скрушна, трывожна, стрэліў боль у галаве. У самы разгар трапезы бледны вялікі князь узняўся са свайго месца і пайшоў у апачывальню. Нават братам не дазволіў пайсці з сабою. «Што мне рабіць? — думаў Ізяслаў, утапіўшы твар у туравай шкуры. — Усе супроць мяне. Баяры, смерды, рукадзельныя людзі, полаўцы, мае родныя браты... Я не сляпы, я бачу. Дзе ты, бацька? Нездарма цябе называлі Мудрым. Ты б знайшоў дарогу з гэтага лабірынта, ты прыдумаў бы, што рабіць».
Раптам нечы дужа знаёмы твар як бы ўспыхнуў перад ягонымі вачыма. Вочы былі заплюшчаны, але твар гэты, гэты ненавісны воблік нібы прапякаў наскрозь мозг і сэрца. «Усяслаў! — стукнуў кулаком па туравай шкуры вялікі князь. — Мой адвечны адважны вораг! Ты сядзіш у маім порубе і, пэўна ж, насміхаешся зараз нада мною. Але я зламлю цябе, зламлю! Мне балюча, а табе будзе яшчэ балючэй. Боль трэба лячыць толькі болем. Нездарма іудзейскі цар Ірад, той, што забіваў немаўлят і быў пакараны за гэта неймавернымі пакутамі, загадаў чвартаваць свайго старэйшага сына, чвартаваць на сваіх вачах, спадзеючыся гэтым новым вострым болем хоць на кроплю зменшыць боль, які грыз яго».
— Цімафей! — у шаленстве паклікаў Ізяслаў свайго рынду. — Кліч ваяводу Каснячку, князёў Святаслава і Усевалада. I хай з поруба воі прывядуць сюды полацкага князя Усяслава.
Так Усяслаў упершыню за доўгі час зноў убачыў над сабой сонца. Ён адразу моцна заплюшчыў вочы, бо зразумеў, што аслепне, калі яшчэ хоць хвілінку затрымае на ім позірк. Князя вадзіла ў бакі, але ён стараўся цвёрда ставіць на зямлю нагу. Дзесятага ліпеня мінулым летам падманам схапілі яго Яраславічы на Дняпры каля Ршы, а ўжо гарэла сонца верасня.
Ізяслаў, астыўшы, паклікаў да сябе, апроч братоў і Каснячкі, ігумена Пячэрскага манастыра Феадосія, свайго даўняга добразычліўца. Феадосій прывёў разам з сабою манастырскага юродзівага Ісакія, які славіўся тым, што зімою лавіў голымі рукамі і еў варон і танцаваў басанож на распаленай да чырвані печы. Ісакію адразу ж далі карчажку віна і схавалі за ядвабнай шырмаю ў дальнім куце апачывальні, загадалі, каб сядзеў там, як мыш, чакаў свайго часу.
Усе, апроч Ісакія, умасціліся за вялізным, з грэцкага дрэва сталом, Усяслава пасадзілі каля сцяны на нізкім услоне. Спачатку было маўчанне.
— За што мяне драпежыце? — першы спытаўся Усяслаў. Ні разгубленасці, ні страху не было ў вачах. I тут Яраславічы не вытрымалі, усхапіліся са сваіх месцаў, затупалі нагамі, замахалі кулакамі. Асабліва шаленствавалі Ізяслаў і Святаслаў Чарнігаўскі.
— Дзяржаву бацькі нашага рушыш! Кроў льеш! — крычаў Ізяслаў.
— Ваўкалак ненаедны! Таць начны! Мала табе ноўгарадскіх званоў, хочаш кіеўскія зняць?! — крычаў следам за ім Святаслаў.
— Разам з вамі, князі, я хадзіў на торкаў, — спакойна сказаў Усяслаў. — За Русь мы разам біліся і цярпелі. Я зняў у Ноўгарадзе званы, а вы спалілі Менск на Менцы, спалілі Нямізу на Свіслачы. Усіх на шчыт узялі. Ні быка не пакінулі, ні чалядзіна. Чорны попел стыне на Полацкай зямлі. Я з мірам прыехаў да вас у шацёр на лоддзі з-за Дняпра, а вы, чэсны крыж пацалаваўшы, клятву пераступілі, заняволілі мяне і маіх сыноў. Хто ж болын віновен?
— Ты віновен! — схапіў загрудкі Усяслава Святаслаў. — Таму, што ваюеш супроць Кіева, супроць вялікага князя!
Ён пачаў душыць Усяслава.
— Адпусці яго, брат! — закрычаў Усевалад Пераяслаўскі. — Ён адзін, а нас шмат, і ён у нашым палоне. Грэх караць бяссільнага.
Святаслаў, узбуджана дыхаючы, адышоўся, сеў за стол. На нейкі час усе змоўклі, быццам не ведалі, што рабіць далей.
— Зло табе ад нас будзе, — нарэшце сказаў вялікі князь. I ў ягоных словах пачуў Усяслаў свой прысуд.
— Выпусціце княжычаў, маіх дзяцей, — папрасіў ён.
— Княжычаў Барыса і Расціслава мы пашлём на багамолле ў Візантыю. Хай грахі свайго бацькі замольваюць.