Пры гэтых словах вялікага князя Усяслаў пабляднеў. Візантью, яе непрыступныя манастыры на марскіх скалістых астравах здавён былі турмой ддя рускіх князёў. Пераможцы ссылалі туды пераможаных, і чалавек знікаў, як пясчынка ў агромністай пустыні.
— Дзеці невінаваты, — горача загаварыў Усяслаў. Ён узняўся з услона, стаяў з вялікай пакутаю на твары.
— Вінаваты бацькі. Ты вінаваты! — усклікнуў Святаслаў Чарнігаўскі. Усяслаў глянуў на яго, і нешта такое мільганула ў позірку, што ўсе на імгненне адчулі халадок пад сэрцам.
Тады пачаў гаварыць ігумен Феадосій, учэпістьі, тоненькі, вёрткі, нібы карэньчык нейкага дрэва. Ён асяніў крыжам полацкага князя, раздумліва сказаў:
— Агаране [Агаране — нехрысціяне. Тут, у гэтым значэнні, полаўцы] стаяць ля Юева, хочуць на конях і вярблюдах уехаць у святую Сафію. У цяжкі час мы жывём. Хрыстос выпрабоўвае рабоў сваіх. Крывавымі слязьмі плачуць нябёсы. Аты, полацкі князь, — ён ва ўпор, нібы шылам кальнуў, глянуў на Усяслава, — сварку сееш, зваду. Ты — трэшчына ў хрысціянскай сцяне. Адна гнілая ягадзіна псуе цудоўную вінаградную гронку. Што трэба рабіць садоўніку з такой ягадзінай? Сарваць, кінуць на зямлю і растаптаць.
Ігумен тупнуў сухой ножкай. Усяслаў усміхнуўся. Зноў вярнуліся да яго рашучасць і сіла.
— Ты не тое гаворыш, святы айцец, — сказаў ён Феадосію. — Я не трэшчына. Я — сцяна. Спрадвеку полацкія князі жывуць, павярнуўшыся тварам да Варажскага мора, ахоўваюць вашы і нашы землі ад варагаў, ад яцвягаў і аўкштайтаў. Разам з усімі мы хадзілі на Канстанцінопаль, на торкаў. Ніколі я не біў нажом у спіну стольнаму Кіеву. Я ваяваў Ноўгарад, Пскоў і Смаленск, але ж гэта адвечныя землі крывічоў.
— Гэта землі Кіева, — гнеўна сказаў Ізяслаў. — Святы Уладзімір сабраў гэтыя землі ў адзін кулак, і я не адцам іх табе. Ніколі не аддам. Чуеш?
Вялікага князя адразу ж падтрымаў Святаслаў Чарнігаўскі.
— Пракляты ізгой, — накінуўся ён на Усяслава. — Сядзі ў сваім балоце і не дыхай. Ды і ў балота ты болей не вернешся.
Усяслаў нічога не сказаў яму. Абвёў позіркам раскошную велікакняжую апачывальню, дзе ўсё, да самай дробязі, было створана для ўцех пешчанага сытага цела, успомніў цёмны брудны поруб і зразумеў, што яго наўмысна прывялі не куды-небудзь, а сюды, каб ашаламіць і адначасова прынізіць гэтым бляскам, гэтым святлом і цяплом.
— Ісакій! — паклікаў ігумен Феадосій. 3-за шырмы адразу ж вытыркнуў галаву юродзівы.— Ідзі сюды, — пальцам, нібы сабачку, паманіў яго ігумен.
Ісакій на пальчыках бясшумна выбег з-за шырмы. Віно, у якое быў падмешаны мак і цёртыя карэньчыкі сушаных рамейскіх траў, разружовіла і адурманіла яго. Востры бляск быў у чорных вочках. Юродзівы пачаў кружыцца вакол полацкага князя, кідаючы на Усяслава кароткія пранізлівыя позіркі з-пад рукі, нібы разглядваючы нешта далёкае, недасяжнае. Раптам Ісакій рэзкім рухам сарваў, скінуў з сябе чырвоную кашулю, бліснуў худым белым целам. Да гэтай старэчай скуры ніколі не дакранаўся сонечны прамень, і яна ззяла, як снег. Ісакій дзіка ўскрыкнуў, крутнуўся на правай пятцы, упаў, адразу ж усхапіўся, і ўсе ўбачылі, як у яго на грудзях на сінявата-белай скуры ўспыхнуў чырвоны крывавы крыж. Феадосій і Яраславічы, хоць яны і чакалі гэтага, ведалі пра гэта, міжволі ўздрыгнулі. Позіркі ўсіх былі скіраваны на крыж. Якая сіла запальвала яго? Чаму Бог паміж мноства людзей абраў нікчэмнага Ісакія?
Юродзівы тым часам усё болей узбуджаўся, пырскаў слінай, куляўся цераз галаву, выў. На кісцях рук у яго выступілі яркія крывавыя плямы, якраз на тым самым месцы, дзе Хрысту, прыбіваючы да крыжа, пранізалі цвікамі плоць.
— Бачу! Бачу! — раптам закрьгчаў Ісакій. Ён дзіка зарагатаў, паказаў пальцам на Усяслава.
— Поўсць на сэрцы ў яго бачу! Поўсць! Дзе агонь? Спаліце гэту звярыную поўсць!
— Няшчасны стары, — ціха сказаў Усяслаў. — Чым яны апойваюць цябе? У тваёй галаве звілі гняздо гадзюкі.
Юродзівы захістаўся, выкаціў вочы, выгукнуў нешта незразумелае і ўпаў. Рында Цімафей адразу ж мякка падхапіў яго падпашкі, пацягнуў з апачывальні. Юродзівы быў як нежывы.
— Божы і княжы суд будзе табе, — сказаў полацкаму князю Ізяслаў. — За зло сваё кару прымеш.
— А перад гэтым манахі Арцёмій, Улеб і паслушнік [Паслушнік — прыслужнік у манастыры, які рыхтуецца прыняць манаскі сан] Андрэй дапытаюць цябе, — асяніў Усяслава святым крыжам ігумен Феадосій. Рука ў ігумена была празрыста-жоўтая, быццам вылепленая з воску...
Аб чым расказаў Усяслаў манахам і паслушніку Андрэю
Мы, чарняцы святога Пячэрскага манастыра Арцёмій і Улеб і паслушнік святога Пячэрскага манастыра Андрэй, сведчым, што з вялікім страхам і вялікай душэўнай трывогаю прыйшлі да полацкага князя. Ён пачаў жаліцца, што не хоча жыць у велікакняжым палацы, а хоча як найхутчэй вярнуцца ў поруб, да сваіх сыноў. Ён сказаў нам, што апошнія ночы не бярэ яго сон і толькі ў порубе, разам з сынамі, мог бы ён спакойна звесці вочы. Але не ў нашай гэта ўладзе рашаць, дзе жыць полацкаму князю. Калі мы сказалі князю аб гэтым, ён пагаядзеў на нас грозна і пранізліва, і доўга страх у сэрцы і ў жываце ў нас варочаўся цяжкім халодным каменем.