Выбрать главу

Сотнік. Што ўжо цяпер думаць!..

Вашчыла. А я вось думаю, сотнік. Выходзіць, падняў мужыкоў на змаганне, а толку даць не здолеў, нібыта дарэмна ўсё — і кроў, і пакуты, і надзеі. Вось папрасіў, каб прывялі цябе. Маўчаць больш не мае сэнсу. Да таго ж мы не ворагі Рускай дзяржаве, Мікола.

Сотнік. Калі не ворагі, то чаму нас трымаюць?

Вашчыла. Мяне, напрыклад, палякі патрабуюць выдаць, а пра цябе пакуль ніхто не ведае. Не скора, мусіць, народ наш зноў падымецца за волю, раз мала хто ўцалеў там…

Сотнік. Мала, войт.

Вашчыла. Мне б зноў на Сож, на Бесядзь…

Сотнік. Забудзь пакуль.

Сядзяць моўчкі.

Давай, Васіль, заспяваем нашу песню!

Пяюць.

Манах. Дзіва, але гэта наша, украінская. Толькі словы трохі перайначаны.

Вашчыла. Яна і наша, беларуская. І ў твайго народа, і ў нашага адны пакуты праз усё жыццё. Няйначай, у старыя часы казакі Налівайкі занеслі да нас гэту песню. Ці ж маеш, чарнец, чым пісаць? Справа такая, што трэба засведчыць.

Манах выходзіць, прыносіць пісьмовыя прылады, паперу.

Сотнік. А ты, Васіль, добра падумаў, што збіраешся прызнавацца?

Вашчыла. Падумаў, сотнік. Пішы, чарнец. Нарадзіўся не тут я, у Малой Расіі. Нарадзіўся ў беларускай зямлі, у вёсцы Лобжа, што ў Крычаўскім старастве, і жыў потым за князем Радзівілам. Адкуль прыйшлі ў тую зямлю дзед мой Пацей ды бабуля Ганнуша, дакладна не ведаю. Бацька казаў, што нібыта паходзяць сапраўды з тутэйшага маларасійскага сяла Чамаданава. З Лобжы дзед мой і бацька Мацей перайшлі жыць у Мсціслаўскім ваяводстве ў маёнтнасць шляхціча Святкоўскага ў вёску Мурын Бор. Старыя ўсе нашы хутка памерлі, застаўся я з братамі — Мацеем, Яфрэмам ды Сямёнам жыць пры маці Марыне. Але і з Мурынага Бора сям’і давялося перабрацца ў тым жа Крычаўскім старастве ў другое месца, у Сілічы. Там і прайшло ў асноўным жыццё. У Сілічах стаў войтам. Прозвішча Вашчыла маю не дзедава і не бацькава, як яны пісаліся, не ведаю. Жыву Вашчылам. Ёсць у мяне дарослы сын Якаў з жонкаю і малалетні Мартын. Мне пяцьдзясят чатыры гады. Жонка таксама памерла. Так што ўсё маё засталося ў Крычаўскім старастве, жыў за князем Радзівілам, якога не здолеў перамагчы. Аб гэтым вельмі шкадую і дакараю сябе. Жыдоў у часе паўстання не забіваў. Гэта дарэмна на мяне гавораць. Здаралася, што ратаваў. Іншая справа, што за ўсім прасачыць не хапала магчымасці. Можа, хто і пацярпеў ад гневу людскога. Мы толькі хацелі прагнаць арандатараў з нашай зямлі. А браты Іцкавічы зніклі са стараства яшчэ перад паўстаннем. Думаю, што іх недзе перанялі на дарозе чавускія цыганы. Казалі мне пра гэта мужыкі. Там, каля Чавусаў, што паміж Магілёвам і Мсціславам, цыганскае баронства здаўна. Няйначай, цыганы і паквапіліся на жыдоўскае багацце, нарабаванае ў часе арандатарства. Іцкавічы былі хцівыя ліхвяры, рабавалі людзей, не маючы сораму за душой, але мае паўстанцы не чапалі іх. Мы толькі хацелі, каб князь замяніў іх. Радзівіл лічыць мяне сваім ворагам. Што ж, ворагам я князю стаў, гэта праўда, бо стаяў за вясковы народ і за крычаўскую рамесную беднату, не раз хадзіў з людскімі скаргамі да князёў у Слуцк, нават у Белую. Ажно пакуль цярпенне не скончылася.

Манах. Усё?

Вашчыла. Так.

Манах. Ну, а пра паўстанне?

Вашчыла. Гэта — іншая гісторыя. Ад мяне пакуль патрабавалі сказаць, хто ды адкуль.

Манах. Пастаў сваё прозвішча.

Вашчыла. Не навучаны грамаце.

Гасне святло. Чуецца тая ж песня, што і нядаўна.

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

Карціна дзясятая

Санкт-Пецярбург. Калегія замежных спраў. Зноў граф Бястужаў-Румін і кіеўскі генерал-губернатар Лявонцьеў.

Бястужаў-Румін. Вось якую рэзалюцыю, генерал, меў я гонар атрымаць сёння ад урадавага сената па той справе, дзеля якой я прасіў вас затрымацца ў сталіцы. Спадзяюся, не сумавалі ў нас. Ды і рэзалюцыя, трэба сказаць, выйшла хутка, што даволі рэдка здараецца ў наш час. Так што маё прабачэнне за доўгую затрымку не спатрэбілася нават.

Лявонцьеў. Слухаю, граф.

Бястужаў-Румін. Паколькі справа з халопскімі бунтамі ў Крычаўскім старастве Вялікага Княства Літоўскага выйшла далёка за межы нашых з вамі паўнамоцтваў, урадавы сенат пастанавіў утварыць для расследавання змешаную расійска-польскую камісію. Месцам знаходжання камісіі вызначана прыгранічнае мястэчка Мглін. Вам, генерал, належыць паведаміць аб гэтым падчашаму літоўскаму, князю Радзівілу, каб вылучыў у камісію сваіх камісараў.