Лявонцьеў. Зразумела, граф. Але дазвольце запытаць. Якое распараджэнне выйшла з урадавага сената адносна самога Вашчылы?
Бястужаў-Румін. Калі ўсё-ткі высветліцца, што ён не падданы Яе Імператарскай Вялікасці, а паляк альбо іншай прыроды чалавек польскі, то, згодна з трактатам аб вечным міры паміж Рэччу Паспалітай і Расіяй, яго давядзецца выдаць князю Радзівілу. Тым часам, калі Вашчыла акажацца сапраўды нашым падданым, усё прыме іншы кірунак. У такім выпадку ён падпадзе пад суд Расійскай імперыі. Суда нам не пазбегнуць, дарма што злачынствы, якія ўчыніў Вашчыла, ні палітычных, ні эканамічных інтарэсаў нашай дзяржавы не закранаюць. Па тым жа трактаце аб вечным міры падобныя справы без пакарання, самі ведаеце, не застаюцца. Таму Вашчылу належыць даставіць з Кіева ў Мглін. Адказнасць за ахову і бяспеку трэба ўскласці на вельмі надзейнага чалавека. Каго вы параіце, генерал?
Лявонцьеў. Старадубскага палкоўніка Максімовіча.
Бястужаў-Румін. Тым больш што мястэчка Мглін, здаецца, знаходзіцца на тэрыторыі Старадубскага палка?
Лявонцьеў. Так.
Бястужаў-Румін. І яшчэ ўлічыце адно — стала вядома, што цяперашні бунт у Крычаўскім старастве падаўлены вельмі жорстка. Руская дзяржава не можа закрыць вочы на падобную жорсткасць, бо яна накіравана на праваслаўных людзей, што значыць, на блізкіх нам па крыві і па веры. Якраз гэта і трэба давесці ў ходзе расследавання да змешанай камісіі. У пісьме ж радзівілаўскім камісарам да літоўскага падчашага вам, генерал, неабходна сур’ёзна, не зважаючы на рэзкі тон, указаць уладальніку Крычаўскага стараства, што за ім даўно пражывае нямала беглых людзей з Расійскай імперыі і што ён патурае іхняму ўкрывацельству.
Лявонцьеў. Я пра гэта пісаў, ваша светласць.
Бястужаў-Румін. Не толькі вы, генерал. У другіх прыгранічных маёнтнасцях Вялікага Княства Літоўскага таксама назіраецца падобнае становішча, і там знаходзіцца шмат беглых з нашага боку. Дык вось у пісьме да падчашага вам трэба настойліва запатрабаваць вяртання іх у імперыю. Акрамя таго, варта ўжо цяпер пачаць захады, каб добраахвотна схіліць іх да гэтага. Сенат, як і трэба, ацаніў, генерал, ваш намер накіраваць у каралеўства свайго чалавека. Але самі ведаеце, Вашчыла цяпер, генерал, для падобнай місіі не падыходзіць.
Лявонцьеў. Зразумела. Давядзецца шукаць кагосьці іншага.
Бястужаў-Румін. І не аднаго.
Лявонцьеў. Падумаем, граф. Тым больш што ў прыграніччы праблема гэта мае і другі сэнс. Польскі бок, не пакідаючы займацца інтрыгамі супраць імперыі, часта скарыстоўвае былых нашых падданых у зламысных мэтах. Адтуль, з-за польскай граніцы, пачынаючы з часоў ілжэцароў, не перастаюць пранікаць цёмныя людзі. І з кожным годам усё больш і больш.
Бястужаў-Румін. Гэта вечная праблема граніцы, генерал. Наўрад ці ёсць якая магчымасць яе рашыць. Іншая справа — зменшыць вастрыню. Але добра, будзем лічыць, што такім чынам аб усім дамовіліся, генерал. Больш я вас не затрымліваю. Шчаслівай дарогі ў Кіеў.
Генерал-губернатар кланяецца графу, выходзіць.
Карціна адзінаццатая
Замак Гераніма Радзівіла ў Слуцку. У багатым пакоі чакае шляхціч Пішчык. Ля дзвярэй, з двух бакоў, стаіць княская стража. Адчыняюцца дзверы. Заходзіць Радзівіл. Пішчык падхопліваецца, схіляецца ў нізкім паклоне перад князем.
Пішчык. Яснавяльможны князь наш, я спяшаўся з Кіева, каб заспець вашу мосць у Крычаве альбо палкоўніка Пястрыцу. Давялося, не злазячы з сядла, імчаць сюды.
Радзівіл. А што мне было рабіць у Крычаве? Парадак у старастве наведзены. Бунтаўшчыкі атрымалі па заслугах. Хлопы зноў прыведзены да пакорлівасці. І не абяцаннямі, як раней, а сілай. Цяпер мне патрэбны завадатар. Галоўны забойца і падбунтоўшчык. Патрэбны Вашчыла, для якога прыдумана ўжо кара не менш страшная, чым для ягоных хаўруснікаў — Бочкі, Карпача і каніцкага атамана Ветра. Атрымаў сваё і саматэвіцкі поп.
Пішчык. Так, так, яснавяльможны князь!
Радзівіл. Але я атрымаў з Кіева ліст ад генерал-губернатара, што расійскі сенат выдаў загад аб стварэнні руска-польскай прыгранічнай камісіі па справе забойцы. З усяго відаць, у Санкт-Пецярбургу рашылі пагрэць рукі на пажары, які распаліў мярзотнік сілічоўскі войт. Там не супраць нават, каб раздзімаць затлелы пажар. Выдаць Вашчылу яны пакуль не збіраюцца. Наадварот, маюць намер распачаць вялікую цяганіну, выстаўляючы розныя нам прэтэнзіі. Што ў вас у Кіеве?