Пішчык. Асабіста я, яснавяльможны князь, і ротмістр Шленца рабілі ўсё, каб выканаць ваш строгі загад. Не шкадавалі грошы, не…
Радзівіл. Ну, тое, што вы не шкадуеце мае грошы, гэта я ведаю. Можаш не гаварыць. Ты мне, шаноўны шляхціч, скажы, чаго вы з ротмістрам дамагліся па маім загадзе?
Пішчык. Забойцу Вашчылу ў Кіеве моцна ахоўваюць, яснавяльможны князь. Нам са Шленцам, нягледзячы на вялікія намаганні, не ўдалося не толькі паймець размову, каб учыніць допыт, але і пабачыць яго рускія не дазволілі. Адмову сваю ў канцылярыі генерал-губернатара тлумачаць інструкцыямі, якія нібыта неабходна захоўваць з іхняга боку пры следстве.
Радзівіл. Следства ўсё-ткі вядзецца?
Пішчык. Ва ўсякім разе, выгляд, што яно сапраўды вядзецца, у Кіеве робяць, яснавяльможны князь.
Радзівіл. Цяпер гэтым заклапочаны не толькі ў Кіеве. Вы ж чулі, у рускай сталіцы надумалі стварыць змешаную камісію. І ўжо генерал-губернатар Лявонцьеў прапануе як найхутчэй прызначыць у яе камісараў. Я вось думаю цяпер аб гэтым. Але думаю таксама і пра тое, ці патрэбна мне такая камісія наогул? Што я мецьму з яе? Як мяркуеш, шляхціч?
Пішчык. Дык…
Радзівіл. Вось іменна — дык! За што я толькі плачу вам, гіцлям, са свае казны вялікія грошы? Лепей бы самі пашукалі іх у старастве — недзе ж Вашчыла схаваў нарабаванае ў жыдоў багацце. Дзеля гэтага ён таксама патрэбны мне, каб выдаў сховы. А што нягоднік выдасць, я не сумняваюся. У маіх лёхах і не такім развязвалі языкі. (Доўга ходзіць па пакоі, думае. Нарэшце зноў пачынае размову.) А што гавораць у Крычаве па маім ад’ездзе?
Пішчык. Я не дазволіў сабе нават пераначаваць там, адразу сюды.
Радзівіл. Ну ты, шляхціч, заўсёды добра служыў мне. Вось толькі нічога суцешлівага не прывёз. Мусіць, дарэмна я грошы даваў лішнія. Нябось, прапіліся там, па кіеўскіх карчмах? Ведаю я твайго Шленца. Вечна п’яны. Ну, што маўчыш?
Пішчык. Мы стараліся, яснавяльможны князь.
Радзівіл. Што мне з вашага старання!
Пішчык. Частка злотых пайшла на подкуп тамашніх абывацеляў.
Радзівіл. Ну і што?
Пішчык. Ну, калі раптам спатрэбіцца…
Радзівіл. Ды ўжо ж, відаць, і спатрэбіцца, шляхціч. Раз рускім даспадобы мой зацяты вораг, то мне таксама варта падумаць аб сваёй асобе. Літоўскі падчашы не такі чалавек, каб… Словам, да д’ябла тую камісію. Яшчэ невядома, дзеля чаго яна створана. Не дзеля аднаго таго ж, каб высветліць — мой падданы Вашчыла ці нейчы іншы? Як думаеш, шляхціч?
Пішчык. Ваш светлы розум, яснавяльможны князь…
Радзівіл. Дык мой светлы розум якраз і паказвае — да д’ябла тую камісію. Але і адмаўляць рускім не стану ў ёй. Сёння ж прызначу двух камісараў — спраўнага афіцэра і адмысловага пісца-юрыста. На ўсякі выпадак. А цяпер слухай, шляхціч. Вашчыла не павінен даехаць да Мгліна, каб трапіць на камісію. Няхай рускія кусаюць потым локці сабе. Яны мне падрыхтавалі пастку, а я не дамся, пся крэў. Каго вы там, у Кіеве, нанялі?
Пішчык. Надзейнага чалавека, яснавяльможны князь.
Радзівіл. На тым і спынімся. Збірайся ў дарогу, шаноўны шляхціч. Павязеш ліст мой да генерал-губернатара. Але паедзеш у Кіеў не праз Гомель, а зноў праз Крычаў. Даставіш палкоўніку мой найстражэйшы загад — працягваць пошукі Вашчылавага вывадка. На тэрыторыі стараства недзе хаваюцца яго сыны, асабліва мне патрэбен другі, малалетні. Не выключана таксама магчымасць, што яны паспелі следам за бацькам перабегчы граніцу. Там ужо ваш са Шленцам клопат. А палкоўніку Пястрыцу ў Крычаве скажы ад майго імя, каб перавярнуў усё ў старастве, а вывадак Вашчылаў дастаў.
Пішчык. Дзякуй за вялікі давер, яснавяльможны князь.
Шляхціч колькі разоў б’е паклоны, спяшаецца выйсці. Радзівіл змрочна глядзіць услед. Тады моцна пляскае ў далоні, кагосьці кліча гэтым.
Карціна дванаццатая
Камера Вашчылы ў Пячэрскай крэпасці. Усё тая ж абстаноўка, але вязень — у ланцугах ужо.
Забягае манах, усё роўна як шнарыць нечага моўчкі альбо пільнуе за парадкам перад тым, як камусьці ўвайсці сюды. І сапраўды — праз момант у камеру ў суправаджэнні прэм’ер-маёра Гарнастаева заходзіць генерал-губернатар Лявонцьеў.
Лявонцьеў. Шанаванне маё, гетман, шанаванне.
Вашчыла глядзіць спадылба на генерал-губернатара, але твар яго спакойны, поўны годнасці.