Выбрать главу

Чорны дзяцюк. Была такая змова.

Шленца. Дык што скажаш, пся крэў? Можа, перадумаў?

Чорны дзяцюк. Справа прывычная.

Ротмістр смяецца.

Шленца. Што значыць — прывычная?

Пішчык. Не чапляйся да чалавека, ротмістр! (Пачынае браць на сябе размову.) Плата тая ж застаецца і сродкі тыя — нож ці атрута. Калі не здолееш тут, у Кіеве, то па дарозе, будзеш следаваць за канвоем да самага Мгліна, але справу зробіш!

Шленца. Так, пся крэў, а то я жартаваць не стану, халера. (Вымае з ножнаў шаблю напалавіну, ляскае ёю.) Раз — і галава далоў!

Чорны дзяцюк. Навошта пан лаецца?

Пішчык. Ты не звяртай увагі. Гэта ротмістр страху наганяе. Але слоў звычайна на вецер не кідае.

Чорны дзяцюк. Тое і я раблю.

Пішчык кідае перад Чорным дзецюком важкі мяшочак. Той хапае амаль на ляту.

Шленца. Абмыць трэба, значыць, шляхціч, такую важную справу. (Бярэцца за штоф.) Не шкадуй князевых грошай! Гэй, карчмар, нясі новаму чалавеку свайго тухлага селядца! Ды і нам са шляхцічам на зуб што-небудзь падкінь!

Чорны дзяцюк не мае намеру піць, ківае Пішчыку. Ссутулены, выходзіць.

(Як шкельца, ужо цвярозы.) Штосьці не падабаецца мне ён, твой памагаты, халера. Ой, не даспадобы! Прыйшоў, чырвонцы згроб і лататы. Нават паху сабачага пасля сябе не пакінуў. Глядзі, шляхціч, не шукаў бы ён нас. Што — нас? Князя яснавяльможнага! Хіба сам верыш такому?

Пішчык. На дарозе забойцы не валяюцца, ротмістр. А справу княскую трэба зрабіць. Што да даверу — дык тут я і сабе не дужа давяраю. Давядзецца, мой дабрадзею, папільнаваць — і тут, у Кіеве, і там, дзе гэта мецьме.

Шленца. Ну, за літоўскую стражу, шляхціч. Віват! (П’е.) А то ўжо чорт сёння з’яўляўся ўначы. Да д’ябла чорта!

Карціна чатырнаццатая

Турэмная камера ў Пячэрскай крэпасці. Заходзіць манах.

Манах (да Вашчылы). Сказана рыхтаваць цябе ў дарогу. Але там чалавек твой чакае. Дапусцілі.

Вашчыла. Пакліч.

Манах адчыняе дзверы, кліча сотніка Міколу.

Дзень добры, сотнік.

Сотнік. Дзень то добры, Васіль, вясна ўжо, лічы, на дварэ мінае.

Вашчыла. Мужыкі, нябось, адсеяліся ў нас?

Сотнік. Калі было каму.

Вашчыла (уздыхае). Сон бачыў сянні. Кідаліся ўсю ноч сабакі на мяне. Нібыта і я ў мядзведжай шкуры, як і войт Іван. Кажаш, у мядзведжую шкуру князь загадаў зашыць Карпача?

Сотнік. Сам я не бачыў гэтага, але сведкі ў Крычаве былі тады. Няйначай, праўда, войт. (Пасля маўчання.) Рускія мяне адпускаюць у стараства.

Вашчыла. Хвала Богу.

Сотнік. Ва ісціну, войт.

Вашчыла. Мартына ў сне бачыў таксама. Каб не здарылася што з ім. Якаў ужо дарослы, не страшна, а вось гэты… Скруха мая… Ды не дужа падбівай мужыкоў, каб вярталіся. Бо там пан, тут — барын. Што той, што гэты. Адна панская няволя. Гавары ўсім, што да позняга Спаса таксама аб’яўлюся ў старастве. Няхай не забываюць. Дый дарога на суд доўгая, а вось…

Сотнік (косіцца на манаха). Палякі ўсё чамусьці па корчмах шушукаюцца.

Вашчыла. Не разляцелася вараннё?

Сотнік. Крумкае.

Вашчыла. Крумкачы — на падаль.

Сотнік. Свят, свят, войт! (Махае рукой.) Дарога да Мгліна сапраўды доўгая. Гэта мне прэм’ер-маёр казаў, што цябе нібыта мусяць везці ажно ў Мглін. Да стараства адтуль рукой падаць.

Вашчыла. Вось і я думаю. Таму й гавары ўсім, што… (Маўчыць.) А хораша мы з табой спявалі, Мікола, той раз. Ажно манах вось пазайздросціў, чорная ў яго душа!.. Так і не зразумець — каму служыць, Госпаду Богу ці мамоне?

Манах. Мы — прыслужваем.

Вашчыла. Служыць альбо прыслужваць — адно і тое. Ці многа ж табе даюць за мяне?

Манах. Пабойся Бога, чалавеча. Дзе гэта знойдзеш, каб забойцу ды так вось утрымлівалі, акурат важную персону?

Вашчыла (паказвае на ланцугі). А гэта?

Манах. Путы цялесныя — не путы душэўныя. Сказана, у царкву перад дарогай звадзіць цябе.

Вашчыла. Перад смерцю памалюся ўжо. Недзе пасля.

Манах. Ведама, бязбожнік. А за хлеб-соль трэба дзякуй сказаць.

Вашчыла. Што ў гэтым разумееш, чарнец!.. (Да сотніка.) Я многа думаў, Мікола, якую мы памылку дапусцілі пад Крычавам, што нас разбілі. Трэба было ўсё ж паслаць Ветраў атрад на дрыбінскую дарогу, каб пераняць княскіх драгунаў з артылерыяй. Сам не дадумаўся, а сотнікі не падказалі, хоць і ведалі, што з Невеля ідзе асаджаным падмога.