Сотнік. Што цяпер успамінаць?
Вашчыла. Не, сотнік, не. Мне за ўсё адказваць — і перад паўстанцамі, і перад Богам. Праўда, з Богам мы неяк паразумеемся пасля. А вось мужыкі… Збіраў, абяцаў, што волі даб’ёмся, а зладзіць усё як трэба не здолеў. І ў Царковішчы не так усё выйшла. Пра гэта толькі і шкадую цяпер. Будзеш у Відуйцах — скажы Пёкле, няхай таксама не памінае ліхам, кахаў яе, адна ўцеха была пасля смерці жонкі.
Сотнік. Рана яшчэ, войт, адпяваць сябе.
Вашчыла. Ну, пра гэта адзін Бог ведае, сотнік. Я гэта, каб усё па-людску паспець. Але ідзі, у Кіеве не затрымлівайся, раз ужо так выйшла, што такую магчымасць далі табе. Сянні так, а заўтра можа іначай выйсці. Бывай, сотнік. (Устае з лаўкі, абдымае таварыша.) Сына майго глядзі, у крыўду не давай.
Манах выводзіць сотніка з камеры.
Карціна пятнаццатая
Карчма на дарозе. Тут ужо сядзіць за сталом Чорны дзяцюк.
Рускія стражнікі вядуць у ланцугах Вашчылу. У гэтай кампаніі — Шленца і Пішчык. Рускія стражнікі падводзяць Вашчылу да стала амаль на покуці, блізка да Чорнага дзецюка. Самі сядаюць за другі стол. За трэцім размяшчаюцца літоўскі ротмістр і шляхціч.
Шленца (крычыць карчмару). Гэй, кацап! Стаўляй на стол што ёсць! (Звяртаецца да стражнікаў.) І вы, паны рускія, не пагрэбуйце. Сядайце з намі, няма чаго чыніцца. У шляхціча грошай хапае, тым больш — у нашага яснавяльможнага князя.
Рускія колькі часу раздумваюць, тады сядаюць разам.
Вы пільнуйце, пся крэў, гэтага злачынцу (паказвае на Вашчылу), мацней пільнуйце, князь чакае не дачакаецца яго ў Слуцку. От пацеха будзе! Нават зоркі на небе захістаюцца ў жаху, халера!
Першы стражнік. Мы служым…
Другі стражнік. Ад нас не ўцячэ!
Першы стражнік. А што ён такое зрабіў, што гэткая пільнасць за ім спатрэбілася?
Шленца (хапаецца за шаблю). Я от!..
Пішчык (памяркоўна). Што робяць зладзеі? Рабуюць, забіваюць.
Першы стражнік. Але я чуў, што вязём мы яго нібыта, каб перадаць на граніцы ў Мгліне вашаму цару?
Шленца. Не крулю, а князю, літоўскаму падчашаму яснавяльможнаму Радзівілу Гераніму.
Другі стражнік. Што гэта — пад чашаю?
Шленца (са злосцю). Не пад чашай, пся крэў, а падчашы!
Другі стражнік. Дык хто вы — палякі ці як?
Пішчык. Літоўцы мы Рэчы Паспалітай.
Першы стражнік. Значыць, не хрысціяне?
Пішчык (пакрыўджана). Чаму раптам не хрысціяне? Я — праваслаўны шляхціч, ротмістр — католік.
Другі стражнік. Дык хто ж з вас нехрысць у Літве?
Шленца. Ат, не па тваім розуме гэта, кацап!.. Праваслаўны, католік, вуніят!.. Пі вось, пакуль даюць, пся крэў, а пан шляхціч не пашкадуе тым часам князевых злотых.
Другі стражнік. Выпіць — можна, чаму не выпіць, але няхай карчмар накорміць і ланцужніка.
Пішчык. Кормныя ж вам і на яго выдалі?
Першы стражнік. Выдалі-то выдалі, але ж кішэня ў майго таварыша дзіравая. Вось і выпала манетка са штаноў па дарозе. Цяпер ступай, знайдзі яе ў пыльным пяску. Не, паны палякі, вы ўжо, будзьце ласкавы, не пашкадуйце князевых злотаў і на яго.
Шленца. Ты, кацап, не прыдурвайся!
Першы стражнік. А што гэта ты, пан ротмістр, усё кацап ды кацап? Гэта абразліва ў нас.
Шленца. Эйш, пся крэў!
Першы стражнік. І гэта неяк па-сабачаму.
Пішчык (умешваецца). Добра, я заплачу. Здаецца, яшчэ пару злотых затрымалася ў кішэні. Але каб апошні раз, паны рускія.
Другі стражнік (махае рукой). Давай, гані, а там відна будзе.
Пішчык (да карчмара). Дай паесці злыдню! (Ківае галавой на Вашчылу.) Плачу і за яго, каб яму пуста! Толькі і ведаю, што на ўсякую свалату трачуся!
Шленца. А дзе твая шынкарка, шынкар? Хаваеш пенкну пані? А то ў Кіеве адну я ўпадабаў быў. О, вельмі пенкна і пакладзіста была, пся крэў.
Пішчык (смяецца). Пан ротмістр, я ўжо і не ведаю, на які рахунак адносіць твае заляцанні?