Пісар плюскае вачамі, тады адмоўна ківае галавой.
Ладна, ідзі.
Пісар выходзіць.
Карціна шаснаццатая
Кірмаш у прыгранічным мястэчку. Шляхціч Пішчык і ротмістр Шленца шныраць паміж вазоў. Пішчык з вялікім плеценым кашом. Купляюць правізію. Шляхціч прыцэньваецца да пеўня.
Пішчык (абураны). Халера, гэта ж каб ведаў хто ў Польшчы, чым тут, у Масковіі, займаемся! Прыродны шляхціч курэй на кірмашы мацае!
Шленца. Але ж не ўвесь час нам, пся крэў, па шынках ацірацца. Кацапы гэтыя хоць і чысты народ, але клапы і ў іх ёсць. Так што мацай курэй, шляхціч, раз слугі пры сабе не маеш.
Пішчык. Нібыта ротмістр мае!..
Шленца. У ротмістра пакуль хоць гусары былі. Гэта рускім нечага ўздумалася не пусціць іх з намі, у Літву адаслаць. Нібыта з чатырма гусарамі мы сталіцу іхнюю захапілі б. Ну, а тым часам афіцэру княскай харонгі не да твару курэй мацаць. Да таго ж казной агульнай пан шляхціч загадвае. Мог бы маладзіцу якую наняць, каб тая на кірмаш схадзіла. Хоць бы гаспадыню нашу, дзе мы цяпер на пастоі.
Пішчык. Маладзіцы, пераспаўшы ноч з ротмістрам, нос дзяруць, прыродным шляхцічам памыкаюць.
Шленца. Не зайздросць, шляхціч, кожнаму сваё. Але дзе той гіцаль, пся крэў?
Пішчык. Не выйшла пара яшчэ, пан ротмістр. Я вось пра што думаю — ці не здагадваецца шаноўны пан, што нас знарок падоўгу ў дарозе затрымліваюць? Што б гэта значыла? Можа, рускія зноў штосьці задумалі?
Шленца. Кажуць, царыцу ў гэтым краі хутка чакаюць…
Пішчык. Іх не зразумець, гэтых рускіх! То крычаўскі бунтар Вашчыла іх цікавіць, то раптам царыца!
Шленца. А так і разумей, што я нездарма кажу — не бліжэй, як да Пакроваў нам тут вандраваць. Таму не даражыся, шляхціч, плаці за гэтага гусака (паказвае на пеўня), будзем сілы мацаваць.
Пішчык (смяецца). Хіба што! Ці ж пан ротмістр вытрымае?
Праз натоўп прабіраецца сюды Чорны дзяцюк.
А вось і ён!
Шленца. Чакаць прымушаеш, пся крэў! Не за тое плоцім!
Чорны дзяцюк (недаступна). Сам ведаю, за што мне паны грошы плацяць.
Пішчык. Дакладвай — аб чым Вашчыла з тым без’языкім размаўляў?
Чорны дзяцюк. Не ўсё зразумеў. Адзін жа — нямко. А гэты Вашчыла не дужа адкрываўся. Хітры вельмі.
Пішчык. Я адразу пазнаў яго — Вашчылаў пісар. Сын войта Бочкі. Дарэчы, у князевай школе ў Слуцку навучаўся разам з дзецьмі прыроднай шляхты.
Шленца. Навучыў на сваю галаву яснавяльможны князь! А ён замест таго, каб князю аддана служыць за ласку, да бунтаўшчыкоў падаўся, пся крэў. Чаму разам з бацькам на кол не пасадзілі гіцля?
Пішчык. Так яснавяльможны князь рашыў — няхай з таўром на твары па свеце бадзяецца, нагадвае іншым, што іх чакае, калі за зброю супроць князя схопяцца. Ну, а для чаго мову адабраў? Дык тут таксама зразумела. І песню не заспяваеш, і быліну не раскажаш. Так што з паўстання таго — адзін пшык.
Шленца. Але чаму ён тут, за мяжой, апынуўся?
Чорны дзяцюк. Я так зразумеў з размовы, што ён адтуль, са стараства, Вашчылавымі людзьмі падасланы.
Пішчык. І пра што яны гаварылі?
Чорны дзяцюк. Змова ў іх нейкая. Ці не збіраюцца яны адбіць па дарозе Вашчылу. Але цяжка было зразумець да канца. Адзін увесь час маўчыць, а другі невыразна пытае.
Шленца. Да князя далёка.
Пішчык. Тады палкоўніку ў Крычаў.
Шленца. Хто паедзе туды? Нам жа з табой не дазволена адлучацца.
Пішчык. Тады трэба самім рашаць. Але нябогу гэтага пакідаць жывым нельга.
Шленца. Халера! (Думае.) Давядзецца табе (звяртаецца да Чорнага дзецюка) і гэтым заняцца.
Чорны дзяцюк. Не ўжо, паны, пра гэта няхай вашы галовы баляць. Мяне вы змаўлялі на адну мокрую справу, за адну плацілі. Яе і пільнавацца буду.
Шленца. Шляхціч заплаціць табе і за гэта.
Чорны дзяцюк. Маё слова непарушнае.
Шленца. Што табе ўрэшце каштуе — дзе адна душа ў рай паляціць, там і другая? На тым свеце ўсё роўна давядзецца адказваць. Дык чаму тады не за двух?
Чорны дзяцюк. Гэта мне ўжо рашаць.
Пішчык. Дзе ён цяпер, той нямко?
Чорны дзяцюк. Яшчэ зранку падаўся па старадубскай дарозе.
Пішчык. У цябе ўсё гатова?
Чорны дзяцюк. Для Вашчылы?
Пішчык. Так.