Вашчыла. І на тым дзякуй.
Максімовіч. А што сотнік твой, ну той, што ў Кіеве быў, чалавек надзейны? Сапраўды, з ім справу можна мець?
Вашчыла. Для мяне — надзейны.
Максімовіч. Для цябе… Бывай, гетман. Мне трэба спяшацца з палком. Але князь Радзівіл увесь час даводзіць, што ты нібыта золата многа нахапаў там?
Вашчыла. Якое золата, пан палкоўнік!.. Па ўсім старастве нядоімкавыя квіткі знішчыў, па якіх мужыкі павінны былі плаціць у князеву казну. Вось ён цяпер і падлічвае праз тое страты. Канечне, страты князю выйшлі вялікія. Нічога не скажаш. Але золата яго мы не бралі. Бо не было дзе. Па золата трэба было выступаць з войскам на Слуцк, а то і на Вільню, дзе родавыя гнёзды Радзівілаў. Крычаўскія землі Геранім атрымаў ад караля на час. Таксама, як у арэнду, дарма што здаваў сам іх ліхвярам.
Максімовіч. У нас яшчэ будзе час пагаварыць, гетман. Ды і на камісіі сёе-тое давядзецца табе расказаць. Так што бывай. А сына твайго скажу, каб прывезлі з Почапа.
Старадубскі палкоўнік пакідае памяшканне. Вашчыла набліжаецца да акна, глядзіць праз яго, як рушыць у паход мясцовы полк.
Карціна дваццатая
Турма ў Старадубе. Вашчыла з сынам Мартынам.
Вашчыла. Вось і пабачыліся, сынку. Можа, астатні раз…
Мартын. Тату, мне страшна.
Вашчыла. Цяпер табе няма чаго баяцца. Ад князя ты вызваліўся.
Мартын. За цябе мне страшна, тату.
Вашчыла. Усё ў ласцы Божай. Відаць, рускія яшчэ не рашылі, што са мной рабіць. Але я пакуль не разумею іх. Здаецца, іншы раз нібыта нават спачуваюць. Але такіх людзей, што стаяць за народ, нідзе, сынку, не шануюць. Ні там, у нас, у нашай зямлі, ні тут. Пакуль ім нейкая выгада ад мяне. Хоць ты яшчэ і малы, Мартынку, але слухай. Авось і ў тваім жыцці спатрэбіцца.
Мартын. Так, тату. Якаў прасіў перадаць табе, каб ты за нас не хваляваўся.
Вашчыла. Дзе ж вы цяпер жывяце?
Мартын. У аднаго почапскага дзядзькі. Нейкі Міколаў знаёмы.
Вашчыла. Дык ты бачыў сотніка?
Мартын. Ён нас і вывеў у Расію.
Вашчыла. Дзе ж ты быў датуль?
Мартын. Хаваўся ў папа.
Вашчыла. А Якаў?
Мартын. І Якаў з Анютай дзесь хаваліся. Нібыта ў Відуйцах. У тваёй жонкі. Нас звёў пасля сотнік.
Вашчыла. Яна мне не жонка яшчэ, сынку. Але магла стаць тваёй другой маці, каб усё склалася добра. Не пашанцавала нам, бо князь узяў верх.
Мартын. Мы думалі, што ты загінуў, пакуль не прыйшоў з Кіева сотнік.
Вашчыла. Ты сотніка слухайся.
Мартын. Ён кажа, што я таксама буду войтам.
Вашчыла. Думаеш, войтам быць лёгка? Заўсёды паміж князем і вясковым чалавекам трэба стаяць. Гэта як жорны, толькі і зважай, каб не расцерла, бы тое зярнятка. Але няхай, будзь войтам. А лепей за ўсё — будзь тым, кім станеш. І пра бацьку ніколі не забывай. Не кляні яго, сынку, што б пра яго ні гаварылі, што б праз яго табе ні выпала ў тваім сірочым жыцці. Вырасцеш — вяртайся ў стараства. Там нашы магілы — і дзедава, і бабчына. Схадзі ў Мурын Бор, пакланіся матчынай магіле. Прасі яе дараваць мне за ўсіх за вас. За вашы цяперашнія пакуты і за тыя, што будуць яшчэ.
Мартын. Добра, тату. (Туліцца да бацькі.) А мне можна з табой у мястэчка тое?
Вашчыла. Не, сынку. Ты павінен сцерагчыся злых людзей. Ды і не пусцяць цябе рускія туды. Як падрасцеш — трымайся добрых людзей. Куды яны — туды і табе трэба. Што пераказваў сотнік?
Мартын. Ён з Якавам больш гаварыў.
Вашчыла. Бо за малога цябе лічыць. Ты і ёсць малы. Сірата.
Мартын. У мяне ёсць ты, бацька. Чаму сірата? Пры жывым бацьку нават малы хлопчык не сірата. А я ж…
Вашчыла. Гэта я так, сынку. У вас жа там, у Почапе, усё ёсць? Ну, кормяць хоць? І не пад стражай вы? Жабраваць не даводзіцца?
Мартын. Не.
Вашчыла. То і добра. Тут, у Старадубе, царыцу рускую чакаюць. Усе занятыя гэтым клопатам. Але я яшчэ пагавару пра вас.
Мартын. Добра, татку.
Вашчыла. Пара табе, сынку, ісці. Час ужо.
Мартын пачынае плакаць.
(Суцяшае.) Не плач. Расці вялікі і дужы. (Цалуе Мартына, той кідаецца яму на шыю. Ляскаючы ланцугамі, Вашчыла так і нясе сына праз усю камеру да дзвярэй. Кліча.) Гэй, хто там? Вазьміце хлопца! (Застаецца ў турме адзін.)