Карціна дваццаць першая
Карчма ў Старадубе. Карчмар збіраецца несці ў турму вячэру. Заходзіць Чорны дзяцюк.
Чорны дзяцюк. Карчмар не есць тут свой абед?
Карчмар. Калі ўжо быў той абед! Вячэраць пара. У турму вось нясу.
Чорны дзяцюк. Каму ж, калі не тайна?
Карчмар. Прывезлі нейкага чалавека з Кіева. Вязуць у Мглін. Загадана насіць яму ў турму страву. А мне што, мне абы плацілі. Ну, а палкоўнік старадубскі, дзякаваць богу, пакуль плоціць спраўна. Скардзіцца грэх.
Чорны дзяцюк. Што за чалавек?
Карчмар. Не ведаю. Пра гэта маўчаць нават стражнікі. Але ў кайданах увесь час — і калі спіць, і калі так сядзіць. Моцна ахоўваецца. Відаць, важны дзяржаўны злачынца, раз гэтак строга абыходзяцца з ім.
Карчмар адварочваецца, каб узяць штосьці на паліцы. Чорны дзяцюк выхоплівае з-за пазухі атруту, сыпле ў міску.
А ты, добры чалавек, не ў час. Зачыняю я карчму. Няма каму быць тут з табой.
Чорны дзяцюк. Думаеш, красці стану?
Карчмар. Ну, як знаеш. Зрэшты, можаш і праўда пасядзець, пакуль не вярнуся. Адкуль жа ты сам? Здаецца, першы раз у нас?
Чорны дзяцюк. Прыйшоў аж здалёку паглядзець на матухну імператрыцу.
Карчмар. Так, у Старадубе становіцца людна. Я вунь пакоі рыхтую. Гандаль пойдзе.
Чорны дзяцюк. Налі віно, карчмар, пакуль яшчэ не пайшоў. Я застануся тут. Памяну грэшную душу.
Карчмар. Чыю?
Чорны дзяцюк. Гэ-э, памянуць каго заўсёды ёсць. Грэшнікаў на зямлі хапае. Даруй нам, Госпадзі!.. (П’е.)
У Старадубе тым часам зазванілі на цэрквах званы.
Голас за сцэнай (пад іх звон). Васіль Вашчыла, кіраўнік сялянскага паўстання на Магілёўшчыне, памёр у рускім горадзе Старадубе, у турме, дваццаць восьмага жніўня тысяча семсот сорак чацвёртага года. Радзівілаўскія камісары ажно тры разы прымушалі раскопваць ягоную магілу, не верачы да канца, што адважнага мсціўца за народныя пакуты не стала.
Следчая справа Вашчылы, якая вялася ў Кіеве, тым часам праляжала нікім не кранутая ў архіве былой Калегіі замежных спраў Расійскай імперыі дзвесце сорак гадоў. І вось мы цяпер упершыню перагарнулі яе, старонку за старонкай, аддаючы належнае паўстанцу. Да свяціцца яго імя!
Канец драмы