Выбрать главу

Карціна другая

Вашчыла ў камеры Пячэрскай крэпасці. Ходзіць па камеры. Спыняецца каля сцяны, стукае ў адчаі па ёй кулаком і доўга стаіць так, апусціўшы галаву.

Вашчыла. Дзе вы, мае баявыя сябры? Відаць, быў я кепскі атаман, раз апынуўся тут, у Кіеве, і не ведаю, што цяпер робіцца ў Крычаве. І ці правыя вы ўвогуле, бо князь Радзівіл нікому не даруе. Я добра ведаю яго. Усе мы добра ведаем яго. І ці ўсё мы зрабілі так, як трэба? А галоўнае, чаму здарылася, што княская конніца напала знянацку? Значыць, нехта прадаў нас? Хтосьці прывёў князевых слуг у Царковішча па нашых знясіленых слядах?

Вашчыла адхінаецца ад сцяны, падыходзіць да лаўкі, што стаіць пры другой сцяне, кладзецца.

Праз успамін узнікае на другім краі сцэны хата ў Царковішчы, паўстанцкі штаб. Тут Вашчылавы паплечнікі па паўстанні — войты: Іван Карпач, Стась Бочка. Пісар паўстання, Стасеў сын Іван Бочка, сотнік Мікола. На тапчане, што паміж сцяной і печкай, спіць падлетак, Вашчылаў сын Мартын. Вашчыла сядзіць за сталом, ашчаперыўшы галаву, цяжка думае. Нарэшце страсае з сябе клопат, усё роўна як насланнё, гаворыць.

Вашчыла. Што будзем далей рабіць, войты? Бітва за Крычаў нашым войскам сянні ганебна прайграна… Гэта ўжо й малому ясна!..

Карпач. Твая праўда, войт, — прайграна. Цяпер зноў нам да Крычава няскора падступіцца.

Бочка. Але мы сваю сілу таксама паказалі. Запомніць князь, што з намі не так сабе мерацца.

Вашчыла. Я ажно да ўчарашняга дня спадзяваўся ў душы, што да крычаўскіх харугваў не паспее падысці артылерыя з Невеля. Але дарэмна. Яна вось і вырашыла ўсё на карысць князя. Дарэчы, а колькі ў нас засталося гармат?

Карпач. Ніводнай, войт. Усе пакінуты там, пад Крычавам.

Вашчыла. А ці палічыў хто паўстанцаў? Колькі вас пасля бітвы засталося?

Бочка. Многа, войт. Асабліва — конных. Пешыя ці то адсталі, ці то разбегліся. Аднак людзей яшчэ хапае.

Вашчыла. Дзе ж яны ўсе размесцяцца тут, у Царковішчы? Хат жа небагата.

Бочка. Частка тут, а іншым — у Семенаўку загадана перайсці. Трэба спадзявацца, што і па іншых вёсках нашыя заначуюць.

Вашчыла. Да раніцы няхай спяць… Усё-такі што будзем рабіць заўтра, войты, як паўстанцы прачнуцца? Наступаць на Крычаў без гармат ужо нельга.

Карпач. Трэба дачакацца вясны. Заўтра адступім на край стараства, хоць бы за Бесядзь альбо нават у тваю воласць, войт, каб апынуцца бліжэй да рускай граніцы, ну і перачакаем астатак зімы, а там разводдзе, вясна. І цяпер ужо снег ледзьве трымае каня. Так што князь не стане пасылаць па бездарожжы наўздагон свае харугвы. Ды і пашкуматаны яны за гэты час моцна. Ну, а па сухіх дарогах, пасеяўшы сядзібы, зноў можна будзе рушыць на Крычаў, на першае адсюль князева логава, а там, дасць Бог, і на Слуцк некалі павернем свае атрады.

Бочка. І на Вільню.

Вашчыла. І на Белую, за Бярэсце. Вас, войты, толькі паслухаць!.. Але ж сянні, трэба прызнаць, мы разбіты!.. Князевы харугвы аказаліся мацнейшымі за наша сялянскае войска.

Карпач. Не карай сябе, войт! Ці першы раз мужыкам даводзіцца трапляць у такое становішча. Гэта ты малады, ну, калі не па гадах, дык па вайсковаму прыкладу, а я ўжо з Радзівіламі барукаюся даўно. І з маткай гэтага Гераніма дужаўся, цяпер вось з ім выпала.

Вашчыла. Але ж дзед мой Пацей нездарма гаварыў — раніца мудрэй за вечар. Ідзіце па хатах, войты, кладзіцеся спаць. Ты ж, сотнік Мікола, паглядзі на пасты. А мы з Іванам (ківае на пісара) станем кумекаць тут, што да чаго, відаць, новыя адозвы ўжо зранку трэба па валасцях пасылаць.

Карпач. Разумна рассудзіў, войт, — адозвы край патрэбны цяпер. А пасылаць сапраўды не шкодзіць. Дый позна ўжо. Вунь Мартын твой ужо, няйначай, каторы сон сніць. (Смяецца, гледзячы на тапчан.)

Войты разыходзяцца. Вашчыла з пісарам застаюцца ў хаце адны. Іван Бочка дастае з мяшэчка бутэльку з чарнілам, разгортвае з палатнянага шкумата гусінае пяро. Кладзе на стол скруткі паперы. Але да Вашчылы не паспявае падсесці. Раптам на дварэ чуюцца крыкі і стрэлы.

Вашчыла. Што гэта?

Пісар. Няйначай, напіліся мужыкі… А мо пасварыліся…

Вашчыла слухае шум, той усё расце.

Вашчыла. Не, гэта штосьці іншае, пісар. І не п’янка, і не сварка. Глянь-тка на вуліцу!

Але пісар не паспявае выйсці з хаты. Уросхрыст расчыняюцца дзверы, цераз парог пераскоквае сотнік Мікола.