Сотнік. Здрада, войт! Драгуны ў вёсцы! Сякуць шаблямі нашых!
Вашчыла. Дзе Бочка? Дзе стары Іван?
Сотнік. Драгунамі схоплены!
Вашчыла. А іншыя, дзе ўсе нашы?
Сотнік. На вуліцы паніка! Але нашы ўсё яшчэ б’юцца, дарма што драгуны напалі на вёску знянацку. Лічы, усе спалі.
Вашчыла. Адкуль яны ўзяліся, драгуны?
Сотнік. Не ведаю…
Вашчыла нейкі час пакутліва маўчыць.
Вашчыла. Будзі, Мікола, сына майго. Сядайце на коні, няхай ён возьме майго каня на стайні, і ратуйцеся. Ты цяпер будзеш адказваць мне за сына. Схавай у надзейным месцы. У старастве, трэба думаць, знойдзецца недзе надзейны куток? Знайдзі такое месца, да магілы буду ўдзячны, Мікола!
Адчыняюцца дзверы. На парозе з’яўляюцца княскія драгуны. Вашчыла выхоплівае з-за пояса пістолю, страляе ў аднаго драгуна. Той падае. Другі драгун кідаецца назад. Сотнік Мікола зачыняе за ім дзверы.
(Да сотніка.) Будзі сына!
Мартын ужо ад стрэлу прачнуўся і працірае рукамі вочы.
Мартын. Тату!..
Вашчыла (кідаецца да яго). Уцякай, сынку. Вось з Міколам! У нас тут, здаецца, новая бяда. (Зноў да сотніка.) Не затрымлівайся, Мікола, бяры Мартына. А я на вуліцу, да войска!
За акном чуюцца стрэлы. Хтосьці зноў спрабуе адчыніць дзверы ў хату, але Вашчыла страляе па іх з другой пістолі. Страляе туды і пісар Бочка. Сотнік выбівае нагой акно, цягне за сабой праз яго Вашчылавага сына. Бітва ў Царковішчы паступова заціхае…
У камеры Пячэрскай турмы на лаўцы ляжыць Вашчыла. Ужо світанак. Чуюцца званы Кіева-Пячэрскай лаўры.
У камеру заходзіць манах. Ён нясе шайку з вадой. Будзіць Вашчылу.
Манах. Прачынайся, замежны госць, прачынайся. Чуеш, ужо звоняць да ютрані ў нашай лаўры.
Вашчыла падхопліваецца, бачыць незнаёмага чалавека ў камеры.
Вашчыла. Хто ты?
Манах. Тутэйшы, з лаўры. На паслугі пастаўлены да цябе. Умывайся, вось шайка з вадой стаіць. А тады прынясу паесці. Не забудзь лоб перад сняданкам перахрысціць. А можа, пара ўжо і да споведзі?
Вашчыла пачынае мыць над шайкаю твар, грудзі.
Вашчыла. Спавядацца мне пакуль няма ў чым. Грахоў яшчэ не паспеў нарабіць, каб спавядацца ў іх.
Манах. Усе мы — грэшнікі. Грэшныя перад Богам нават тыя, што і не здагадваюцца пра гэта.
Вашчыла. Які ж гэта грэшнік, калі не ведае, што грэшны.
Манах. Усе мы грэшныя. Усім нам ёсць у чым спавядацца. Нават гасподнія шляхі невядомы, а нашы…
Вашчыла. Нічога, ойча. Споведзь пачакае. А вось памаліцца Богу не лішне будзе. Шкада, што позна разбудзіў. А то б у гэту ютрань і памаліўся. Ёсць за каго ў мяне маліцца.
Манах. А за сябе?
Вашчыла. Што з таго, каб маліцца толькі за сябе!..
Манах (сядае на лаўку, на якой спаў Вашчыла). Я спытаю дазволу ў генерала, каб табе маліцца разам з браціяй.
Вашчыла. Не варты я такога дазволу.
Манах. Усе мы грэшныя, брат мой. Але, бачу, важная персона ты. І камеру табе памянялі на лепшую, і наглядчыка адмянілі — папрасілі мяне вось, Божага чалавека, памагаць.
Вашчыла. Чаму раптам цябе?
Манах. Нашы тут, у крэпасці, часта розныя паслугі аказваюць. Арыштантам таксама. Вось і мяне папрасілі сёння пахадзіць за табой. Дык я прыйшоў і рады не магу даць сабе — што ты за чалавек?
Вашчыла (смяецца). Я ўжо сказаў, ойча, хто я — і тады, як перайшоў граніцу сюды, і ўчора, на допыце ў губернскай канцылярыі. Ты спытай лепей пра мяне ў генерала.
Манах. Да генерала мне далёка, да Бога высока.
Вашчыла. Табе, ойча?
Манах (нібыта не чуе). То калі ў храм пойдзем? Тут ужо каторы дзень спрабуе да цябе чалавек трапіць.
Вашчыла. Хто? Здаецца, знаёмых у мяне ў Кіеве няма, каб хто папрасіўся?
Манах. Не ведаю хто, аднак калі ішоў сюды, то сустрэў чалавека, нават чырвонцамі знушчаў.
Вашчыла. А ты?
Манах. Сюды, у крэпасць, нельга. Можа, па дарозе ў храм вокам кінеш на яго?
Вашчыла. Можна й кінуць, як ты кажаш, ойча.
Манах. А на споведзь?
Вашчыла. Сам жа чуеш, няма мне ў чым спавядацца пакуль.
Манах. Што сказаць таму чалавеку?
Вашчыла. Тое і скажы, ойча, што паспрабую па дарозе ў храм кінуць вокам на яго, раз сюды не пускаюць. А чаму? Што, мяне злачынцам трымаюць? Я ж сам перайшоў граніцу, сам здаўся ў Латаках. Адсюль колісь пайшоў на польскі рубеж, сюды і вярнуўся. Чалавек, ойча, шукае, дзе лепей, дзе меней прыгнёту. А ён, аказваецца, паўсюль.