Максімовіч. Іван Тубчыц.
Лявонцьеў (успомніў). Так, Тубчыц. Яму і належыць высветліць усе акалічнасці, што датычаць Вашчылы. Няхай сотнік сам наведаецца ў сяло Чамаданава і ўдакладніць паказанні перабежчыка. Калі сапраўды ён былы падданы расійскі, то гаворка з палякамі павінна весціся па-іншаму. Па дамоўленасці з польскімі ўладамі яны павінны самі вяртаць нам такіх перабежчыкаў, а не хаваць іх у сваіх землях. Словам, у Санкт-Пецярбургу я данясу аб пісьме князя Радзівіла графу Бястужаву-Руміну. Але пакуль вярнуся ў Кіеў, звесткі аб Вашчылу павінны ляжаць вось тут, на стале. Зразумела, Фёдар Андрэевіч?
Максімовіч. Так, пан генерал.
Лявонцьеў. Тады з Богам, палкоўнік. Паклон мой шаноўнай Ксені Апалінараўне. Як яна? Нябось, па-ранейшаму штогод па наследніку раджае?
Максімовіч. Дзякуй, ваша светласць. Ёсць такое. А вы ў сталіцу з супругай? Вельмі рады будзем сустрэць яе ў Старадубе. (Устае, паціскае працягнутую генералам руку, ідзе да дзвярэй.)
Лявонцьеў (наўздагон). З усімі матэрыяламі аб Вашчылу, якія мы маем, пазнаёмцеся ў прэм’ер-маёра Гарнастаева.
Максімовіч. Слухаю, пан генерал.
Карціна чацвёртая
Царква ў Кіева-Пячэрскай лаўры. Ютрань ужо закончылася. Але яшчэ гараць свечкі, ходзіць поп. Укленчыўшы перад алтаром, стаяць Вашчыла і знаёмы Манах. Вашчыла часта жагнаецца, шэпча малітву. Аддае належнае Богу і манах. Да іх падыходзіць чалавек у армяку, галава яго накрыта башлыком. Чалавек укленчвае побач з Вашчылам. Той працягвае маліцца, нейкі час не зважае на новага чалавека. Тады паварочвае галаву — гэта сотнік Мікола.
Сотнік. Ціха, Васіль!..
Вашчыла. Гэта ты хацеў мяне бачыць! Даўно ў Кіеве?
Сотнік. Ды ўжо каторы дзень.
Вашчыла. Што з маім сынам Мартынам?
Сотнік. Не хвалюйся. У надзейным месцы. Я яго даручыў беладубраўскаму папу ў Студзянцы.
Вашчыла азіраецца на манаха, які спрабуе пачуць гаворку.
Вашчыла. Як ты апынуўся тут?
Сотнік. Ды я даўно іду па тваіх слядах. Лічы, ад самай раніцы, калі ты быў на Латакоўскім фарпосце.
Вашчыла. Расказвай, а то ці давядзецца ў больш зручным месцы апынуцца. Расказвай так, каб гэты не ўсё зразумеў. (Ківае на манаха.)
Сотнік. У Крычаве адбыўся суд над нашымі паўстанцамі. Прыязджаў са Слуцка Радзівіл. Івана Карпача зашылі ў мядзведжую шкуру, зацкавалі сабакамі… Стася Бочку пасадзілі на кол… Закатавана многа нашых, вельмі многа, Васіль…
Вашчыла. А што са Стасевым сынам, пісарам?
Сотнік. Яго знявечылі, выразаўшы язык, выпалілі на твары пятлю і прагналі з Крычава. Цяпер недзе бадзяецца, небарака.
Вашчыла ўздыхае.
Манах. Што ж, замежны госць, Богу Богава, а кесару кесарава. Хадзем, бо нас спахопяцца ў крэпасці.
Вашчыла не спяшаецца, нейкі час стаіць на каленях у здранцвенні.
Вашчыла (да сотніка). Куды ж ты цяпер?
Сотнік. Буду недзе побач. Дасць Бог, выручым. А там…
Вашчыла. Мусіць, мяне нядобра ўспамінаюць у старастве?
Сотнік. Як і належыць… Хто як. Але сянні бачыў у Кіеве, ля канцылярыі, генерал-губернатара, Радзівілавых ганцоў. Няйначай, нешта ўнюхалі. Пільнуйся, а па мне не клапаціся.
Вашчыла. Беражы сына, калі што, не давай у крыўду. Ты цяпер адказваеш за яго. Ведай гэта, Мікола. Бывай.
Сотнік. У мяне з сабой грошы. Я падкуплю каго трэба. Не сумуй, Васіль, можа, абыдзецца. Шкада вось, што Радзівілавы ганцы тут.
Вашчыла. Бывай і сам беражыся. (Устае, ідзе следам за манахам да выхаду з царквы.)
Карціна пятая
Губернская канцылярыя. У пакоі — прэм’ер-маёр Гарнастаеў, ротмістр Шленца, шляхціч Пішчык.
Шленца. Пан маёр, я яшчэ раз настойліва патрабую ад вашай міласці выдаць рабаўніка і забойцу Вашчылу!
Гарнастаеў. Справа з гэтым чалавекам, якога вы называеце рабаўніком і забойцам, высвятляецца, пан ротмістр. Нам яшчэ пакуль невядомы шматлікія акалічнасці, што датычаць яго. Калі Вашчыла сапраўды быў падданы Яе Вялікасці Імператрыцы ўсерасійскай, то па ранейшым дагаворы з Рэччу Паспалітай аб вечным міры мы не павінны выдаваць такіх вам. Наадварот, яго вышэйшасць генерал-губернатар даручыў мне перадаць праз вас князю Радзівілу, што ён незаконна трымае ў сваім старастве нашых падданых.