Выбрать главу

Прыйшоў доктар, не стары яшчэ чалавек, з прыемным тварам, таксама з выселеных, агледзеў больку, сказаў, што гэта карбункул, які ўзнік хутчэй за ўсё з-за перамены клімату і недахопу вітамінаў. Прыклаў нейкую мазь. Ці то ад яе, ці ад простай чалавечай увагі Зосі зрабілася лягчэй. Яна ледзь не расплакалася расчуленая.

— Вось што, Сафія Кірылаўна, вы не хвалюйцеся, — сказаў доктар. — Г этую балячку я вам вылечу. І не з такімі хваробамі даводзілася змагацца. А яшчэ зраблю ўсё, каб вы больш у калгас на працу не хадзілі.

— А як жа мы будзем жыць? Нават за тую кукурузу, якую нам тут даюць, трэба адпрацоўваць.

— Абыдуцца. Будзеце прыбіраць мой кабінет і атрымліваць хоць і невялікую, але ўсё ж зарплату.

— Дзякуй вам вялікі, Іван Паўлавіч.

— Ачуньвайце. Заўтра зайду праведаць.

Доктар Селіванаў цэлы тыдзень наведваў Зосю, пакуль, нарэшце, не выцягнуў з нарыва карбункул. Затым прамыў рану, перавязаў, сказаў весела:

— Даю вам яшчэ тры дні на папраўку, а з панядзелка выходзьце на новую працу. У нас з вамі яе будзе шмат.

— Дзякую, Іван Паўлавіч, вы мяне з таго свету вярнулі.

— Няма за што. Гэта мой абавязак. Я з вашым сынам пазнаёміўся. Прыемны хлопец, выхаваны, думаю, мы з ім пасябруем.

— Ён розны бывае. Бачыце, расце без бацькі. Часам прапускае школу.

— А дзе ж бацька?

— Сядзіць недзе. Ніякіх вестак ад яго не атрымліваем. Спадзяюся, што жывы...

— За што яго? — спытаў доктар, потым спахапіўся. — Зрэшты, я і сам не ведаю, за што мяне выслалі.

Зося ціха ўздыхнула і сказала:

— Бедныя людзі, пакутуюць невядома за што. Ці можна ўжо легчы на бок? А то ж столькі дзён толькі на жываце ляжала з-за балячкі.

— Можна. Цяпер усё можна. Чакаю вас з нецярплівасцю на працу.

Іван Паўлавіч выйшаў, а Зося з радасцю падумала, што свет не без доб­рых людзей. Неяк выжывуць яны з Орастам у гэтай глухамані, а прыйдзе час — вернуцца дамоў, нават калі ім давядзецца пражыць тут дваццаць гадоў. Хто ведае, колькі ім адмерана лёсам? Яна згадала свой садок, асірацелую хату і ціха заплакала ад тугі і смутку.

4

Зося хадзіла на працу па абедзе, мыла падлогу, прыбірала кабінет доктара Селіванава, а потым ужо ўвечары мыла медыцынскі посуд, стэрылізавала яго. Усё зіхцела ад аконнага шкла да стала, за якім прымаў хворых доктар. Сачыла, каб і ягоныя халаты былі заўсёды чыстыя.

Аднойчы, а здарылася гэта трыццаць першага снежня, доктар затрымаўся на працы. Сядзеў, нешта пісаў за сталом і замінаў рабіць звычайную справу Зосі, якая спяшалася дамоў, бо хацела сустрэць Новы год разам з сынам і штонебудзь смачнае згатаваць на вячэру.

— Чаго гэта вы, Іван Паўлавіч, так запрацаваліся? Усе людзі рыхтуюцца святкаваць. А вы ніяк ад службовых абавязкаў не можаце вызваліць душу.

— Добра мне з вамі, Сафія Кірылаўна, вось і не хочацца ісці дахаты. Давайце мы з вамі сустрэнем Новы год. Тут у мяне трохі спірту ёсць. Нейкае сала яшчэ вядзецца. Дыню купіў на рынку ў райцэнтры.

Селіванаў дастаў з шафы колбу са спіртам і закуску, запрасіў Зосю:

— Адкладзіце свае анучы. Сядайце да стала.

Зося вынесла памыйнае вядро, вымыла рукі, прыгладзіла пышныя валасы, урачыста села да стала. Селіванаў напоўніў спіртам дзве мензуркі, перад Зосяй паставіў шклянку вады, пачаў свой тост:

— Давайце, Сафія Кірылаўна, вып’ем за Новы 1953 год. Няхай ён прынясе нам шчасце, добрае здароўе і ўсё найлепшае ў нашым жыцці.

— Няхай так і будзе. Будзьце здаровы, Іван Паўлавіч, — адказала Зося, падняла мензурку, чокнулася з доктарам і выпіла спірт, які, здаецца, апёк рот агнём, тут жа не ўдыхаючы паветра, запіла вадой.

— Малайчына. Вы проста геройская жанчына, — пахваліў Зосю доктар.

— Божа мой, я і не помню, колькі гадоў гарэлку не каштавала, — усміхнулася яна.

— У такім разе закусвайце, — Селіванаў паклаў перад ёю лусту хлеба, з нарэзанымі кавалачкамі сала.

— Дзякую... Смачнае сала, як дамашняе. Ведаеце, я трымала дома па некалькі свіней. Адну рэзалі да каляд, другую на масленіцу.

— Добрая вы гаспадыня, адразу відно. Усё гарыць у вашых руках. Вы мне з першай сустрэчы вельмі спадабаліся, калі той карбункул да вас прычапіўся.

— Я нават не ведаю, як вам аддзячыць за ўсё-ўсё, — з захапленнем ска­зала Зося.

— Нічога не трэба. Людзі павінны дапамагаць адно аднаму. Я, дарэчы, даўно хацеў пагутарыць з вамі на адну важную тэму. Ды не ведаю, як пачаць.

Зося зацікаўлена зірнула на Селіванава і сказала са шчыраю ўсмешкаю: