— Ды гаварыце, не саромейцеся. Я жанчына простая, усё зразумею.
Селіванаў памаўчаў, пасля дастаў з кішэні пачак «Казбеку», закурыў, хаваючы вочы за аблачынкаю дыму і ціха сказаў:
— Нам, Сонечка, давядзецца тут яшчэ доўга кантавацца. Мая жонка напісала мне, што падала на развод. Твой муж таксама невядома дзе. Я быў бы шчаслівы аб’яднаць нашы лёсы і ісці поруч па жыцці.
Зося зніякавела, твар заліло чырванню. Яна прыгладзіла валасы і сказала дрыготкім голасам:
— Іван Паўлавіч, дарагі, што заўгодна, толькі не гэта! Я паклялася сабе, што ніколі не здраджу мужу, пакуль ён жывы! А ён жывы! Я перакананая! Я буду чакаць яго заўсёды! Прабачце, што я вас расчаравала, але гэта мая горкая праўда. Кахаю я яго вельмі! Ён доўга прыглядаўся да мяне, выбіраў, перабіраў. А я больш за дзесяць гадоў аднаго яго чакала, хоць іншыя хлопцы сваталіся да мяне!
— Добра, годзе... Я ўсё зразумеў, — пахмурна сказаў Селіванаў, наліваючы мензуркі.
Зося падхапілася з-за стала, ускінула на плечы паліто.
— Я пайду, Іван Паўлавіч. Мяне сын чакае. Бывайце здаровы...
— Ідзіце, што з вамі зробіш. Пачакайце. Вазьміце дыню, перадайце ад мяне ў падарунак вашаму сыну.
Селіванаў паднёс Зосі дыню, аддаючы яе, патрымаў у сваіх далонях Зосіны, нацягнута ўсміхнуўся:
— Прабачце, калі што не так. З Новым годам, Сонечка.
Ён нахіліўся і пацалаваў Зосю ў шчаку. Яна спалоханай птушкай выпырхнула за дзверы, бо раптам адчула, што ёй вельмі сімпатычны гэты чалавек, і душа міжволі цягнецца да яго.
Сышла з ганка, убачыла над сабой чорнае неба і бухматыя зоркі, якія праменіліся ў марозным паветры і, здавалася, калолі ў зрэнкі. Зося схавала пад палу дыню, каб не падмерзла, і заспяшалася дамоў.
Сын сустрэў яе нездаволеным пытаннем:
— Чаму ты сёння так доўга?
— Канец года, трэба было ўсё як след прыбраць, каб леташні бруд не заставаўся на свята.
— Я так есці хачу!
— Зараз што-небудзь зварым. А табе доктар Селіванаў дыню перадаў.
— Якая смаката! — Ораст з асалодаю панюхаў дыню і сказаў: — Не трэба нічога варыць. Дыняю павячэраем.
Ён разрэзаў нажом духмяную мякаць, дастаў з сярэдзіны насенне, паклаў асобна ў міску. А дыню парэзаў на тонкія лустачкі.
— Сёння да нас у школу Дзед Мароз прыходзіў, кінуў некалькі цукерак. Мы за іх біліся, але мне нічога не дасталося, — сказаў Ораст.
— Весела было?
— Якая там весялосць? Дзеўкі скакалі пад балалайку, а мы, хлопцы, глядзелі. Вось і ўсё. Затое цяпер пачнуцца канікулы! Любата!
— Адпачнеш, — сказала Зося, думаючы пра Селіванава, як цяпер будзе з ім працаваць і як наогул паводзіць сябе? Рабіць выгляд, што нічога не здарылася? Ці як?
Праз дзень яна прыйшла на працу. Заўважыла, што Селіванаў пазбягае сустракацца з ёю позіркам, адчувае сябе няёмка. «Давядзецца мяняць працу, — падумала Зося. — А я ўжо так прывыкла на гэтым месцы. Трэба нешта прыдумаць. Добра было б наогул з’ехаць адсюль, але куды і як дабіцца дазволу?»
Праз месяц яна атрымала ліст ад Гардзея з Варкуты. Адшукаў ён яе праз сястру Паўліну. Пісаў, што працуе на шахце, але захварэў, цяпер знаходзіцца на лячэнні. Пісьмо было кароткае і цёплае, асабліва сагрэлі Зосю чатыры вершаваныя радкі:
Гэта быў яе Гардзей. Яго не змяніла турма! Такога яна памятала і кахала. У той жа дзень Зося, вяртаючыся з бацькоўскага сходу са школы з грэкам, які працаваў брыгадзірам у калгасе, сказала, што хацела б выехаць з паселішча ў райцэнтр, там лягчэй знайсці працу, а ёй трэба карміць сына. За сувойчык палатна ён згадзіўся дапамагчы Зосі памяняць месца жыхарства. У райцэнтры знайшлася для яе праца — упакоўваць у мяшкі бавоўну. Кватэру яна зняла ў знаёмага брыгадзіру бяздзетнага грэка. У Ораста пачалося новае жыццё ў новай школе. Яму тут больш падабалася, бо ў вёсцы школа была казахская, а тут руская. Там, не ведаючы мовы, ён толькі адседжваў заняткі. Яму ставілі тройкі і пераводзілі з класа ў клас, бо і так ён быў пераростак, страціў чатыры гады, пакуль ішла вайна. Тут жа ў яго завялося шмат сяброў: грэкаў, татар, грузінаў, чэчэнцаў, кабардзінцаў. Цяпер Зося рэдка яго заставала дома. З новымі сябрамі Ораст рабіў хатнія заданні, нешта ў некага спісваў, нечаму ў некага вучыўся, але ў новай школе ў сына з’явіліся першыя чацвёркі, гэта радавала маці.
5
Праца ў шахце, цяжкая і небяспечная, пры слабым харчаванні забірала шмат сілы. Гардзей стараўся не думаць пра тое, што яму давядзецца гэтак пражыць цэлых дваццаць гадоў, на якія яго асудзілі. Ніхто ў лагеры столькі не здолеў бы выжыць па той простай прычыне, што ў шахтах час ад часу здараліся аварыі: завалы, падтапленні, узрывы метану. Гінулі людзі. Катаржнікаў ніхто не імкнуўся ратаваць. Пашанцавала Гардзею ў тым, што побач працавалі вольнанаёмныя, якія з разуменнем і па-чалавечы ставіліся да гаротнікаў-катаржан, не шкадавалі ім лусты хлеба з салам ці шклянкі гарачай гарбаты з тэрмаса. На Гардзеевым адзенні, як і ў многіх асуджаных, таксама, «красавалася» літара «к», што азначала «катарга». Ён мусіў дзяліць долю катаржан, стараўся меней думаць пра невядомую будучыню, пра невыносна цяжкае сёння, а прымаў усё, што пасылаў яму лёс, і з дзіцячай непасрэднасцю ўзіраўся ў свет навокал, рабіў маленькія адкрыцці і радаваўся гэтаму. Часам нават думаў, што зусім невыпадкова прывялі яго неміласэрныя шляхі ў халодны край, можа, для таго, каб менавіта ён, селянін, які шмат працаваў на зямлі, убачыў яе нетры, спасціг таямніцы яе стварэння, што застаюцца пакуль недаступнымі мудрым навукоўцам, бо тыя вырашаюць навуковыя задачы, пераважна седзячы ў кабінетах. Мабыць, з-за таго, што не губляў цікавасць да жыцця, хваробы доўга яго не бралі. Аднак штодзённае ўдыханне на працягу некалькіх гадоў вугальнага пылу ўсё ж кепска адбілася на здароўі. У Гардзея выявілася цёмная пляма на лёгкіх. Хвароба пачалася з моцнага кашлю і высокай тэмпературы, таму яго і паклалі ў шпіталь. Пакуль абследавалі ды лячылі, Гардзей у вольны час нарэшце заняўся сваімі запісамі, якія даўно выношваў у галаве. Зрэшты, гэта былі не проста нейкія думкі ці дзённікавыя нататкі. Гардзей выказваў пэўную навуковую гіпотэзу, а свой ліст збіраўся паслаць у Акадэмію навук СССР. На вокладцы вучнёўскага сшытка ў лінейку ён напісаў назву трактата «Навука аб паходжанні выкапневых матэрыялаў. Прычыны землятрусаў і вулканічных вывяржэнняў. Гіпотэза аб паходжанні планет Сонечнай сістэмы».