Выбрать главу

Усе гэтыя разважанні Гардзей адзначаў у сваім трактаце, які лічыў навуковым, і сам здзіўляўся, як складна і лёгка яму пісалася: «Землятрусы ў большасці выпадкаў здараюцца на астравах і паўастравах, а таксама ў горных раёнах і нават на марскім дне. Там узнікаюць умовы для бурных хімічных рэакцый пры сутыкненні горных парод з вадой (накшталт узаемадзеяння вады з карбідам або з неабпаленай вапнай). У выніку выдзяляюцца газы і шмат цеплавой энергіі, якая дасягае вельмі высокай тэмпературы, расплаўляе пароды, расшыраецца і пад націскам вырываецца на паверхню, скаланаючы зямную кару, у выглядзе гарачай лавы. Калі лава ўтварылася на невялікай глыбіні, яна лёгка вырываецца наверх, так адбываецца вывяржэнне вулканаў. У тым выпадку, калі рэакцыя адбываецца вельмі глыбока, тады здараюцца землятрусы. Каб папярэдзіць такія стыхійныя з’явы, трэба загадзя адшукваць месцы ўтварэння газу ў самым эпіцэнтры будучага землятрусу. Трэба таксама помніць і пра тое, што ў час вывяржэння вулканаў знішчаюцца вялізныя багацці карысных выкапняў, якія расплаўляюцца і згараюць у выглядзе попелу і лавы. З усяго вышэй сказанага вынікае, што наша зямля на працягу мільёнаў гадоў паступова вырасла і выйшла з вады, накшталт каралавых астравоў. Перакананы, што і цяпер зямля працягвае расці, інакш як можна растлумачыць паходжанне вельмі глыбокіх мораў і азёраў не толькі на раўніне, але і высока ў гарах. Усе мацерыкі зямнога шару, астравы і горныя вяршыні — гэта дно суцэльнага акіяна ў далёкім мінулым. Могуць сустракацца і невялікія ўзгоркі вулканічнага паходжання. Але яны павінны мець форму конуса, як звычайны фурункул. Зразумела, што без сонечнага цяпла, нічога не магло адбыцца ў свеце. А таму можна сцвярджаць, што галоўным фактарам ва ўтварэнні зямлі і іншых планет ёсць Сонца і вадарод, створаныя па волі Усявышняга Творцы, які пазней даў жыццё і разумным істотам, здатным думаць і дзейнічаць, як, напрыклад, чалавек.

Г этак жа, як зямля, выраслі ў Сусвеце іншыя планеты, у тым ліку і Месяц. За Палярным кругам, асабліва зімой у яснае надвор’е Месяц можна назіраць на працягу некалькіх дзён запар, калі ён не хаваецца за далягляд. Няўзброеным вокам бачна, што Месяц заўсёды, рухаючыся па арбіце, павернуты да Зямлі адным і тым жа бокам. Ён пазбаўлены сваёй атмасферы і не круціцца вакол уласнай восі. На Месяцы можна разгледзець узвышшы, якія яскрава адбіваюць святло, а таксама даліны (былыя моры), якія не адлюстроўваюць святла і таму здаюцца больш цёмнымі. У былых морах на Месяцы няма вады, таму няма і атмасферы.

Можна ўявіць, што ў далёкім мінулым Месяц, як і Зямля, меў атмасферу. Круціўся вакол уласнай восі. Там назіраліся дзень і ноч, якія складалі суткі, а таму, магчыма, там быў раслінны і жывёльны свет.»

Нехта тузануў Гардзея за плячо, ён ажно здрыгануўся ад нечаканасці, павярнуў галаву, убачыў бляклыя вадзяністыя вочы аднаго з хворых на сухоты з суседняй палаты, які шапялява прамовіў бяззубым ротам:

— Хадзем, пісар, у карты пагуляем.

— Не магу. Дрэнна сябе адчуваю. Іншым разам, — адмахнуўся Гар­дзей, нездаволены тым, што перабілі ягоныя разважанні.

— А што ты пішаш?

— Запавет.

— Ну-ну, пішы. Нядоўга нам тут засталося, — адказаў хворы, плюнуў кроўю на падлогу.

— Што ты тут раскідаеш свае мікробы, — абурыўся Гардзей, яшчэ хацеў нешта сказаць, але на галас прыбегла медсястра, вочы ў яе былі заплаканыя

— Як вы можаце? — з дакорам спытала яна і выцерла слёзы. — У краіне такое гора! Наш дарагі Іосіф Вісарыёнавіч Сталін памёр.

— Сталін? Сталін памёр? — здзіўлена перапытаў хворы і з нейкім дзіўным падскокам выбег з палаты.

Гардзей падумаў: «Мусіць, трэба чакаць перамен.»

6

1953 год сапраўды аказаўся незвычайным. Летам Зося атрымала першы ліст ад Каці з Амерыкі. Сястра напісала, што выйшла замуж. Яе пазнаёмілі з добрым чалавекам, з якім яны спярша заключылі фіктыўны шлюб, што выратавала яе ад выканання місіі ў Індыі. Два гады яны жылі як чужыя людзі, а пасля ў складчыну купілі двухпавярховы дом і вырашылі аб’яднаць свае лёсы. Каця працавала швачкаю на фабрыцы. Выконвала тонкую работу, за што атрымлівала неблагую плату. Па ўсім было відаць, што Каця задаволеная жыццём. Як бы для доказу свайго дабрабыту, яна пачала высылаць пасылкі з харчамі і адзеннем, каб падтрымаць сястру ў Казахстане і яе мужа ў Варкуце. Гэтыя пасылкі не толькі дапамаглі Гардзею захаваць здароўе, але, дзякуючы ім, ён «купіў» сабе цёплае месца ў канторы, дзе пачаў працаваць рахункаводам. Час ад часу насіў падарункі дактарам, а тыя клалі яго ў стацыянар і лячылі, наколькі дазвалялі лекі, якія былі ў іх пад рукою.