Выбрать главу

На ганку пачуліся крокі. У пакой увайшла жанчына са стомленым тварам. Яна павіталася, уважліва ўзіраючыся ў твар госця, ён у яе — таксама. І раптам Гардзею праз тонкія маршчынкі і цені вымалеваўся паўзабыты Зосін твар. Гардзей падняўся з-за стала. Ступіў крок наперад. Нарэшце яна пазнала яго і здзіўлена ўскрыкнула:

— Гардзей! Гардзей! Вярнуўся!..

Яна прыпала да ягоных грудзей, ён абняў яе адной рукою, другою пагладзіў па галаве, хустка спаўзла. І ён убачыў такія знаёмыя яе пышныя русыя валасы, закручаныя на патыліцы ў куксу. Зося ўсхліпнула.

— Годзе, чаго ты плачаш? Усё ж добра. — сказаў Гардзей.

— Ты так цяжка дыхаеш. Што ў цябе з лёгкімі? — занепакоена спытала яна.

— Гэта падарунак ад шахты. Але на сухоты я не хварэў. Не бойся, не заразны.

— Як ты даехаў? Чаму не напісаў? Мы б сустрэлі цябе.

— Я ж не на курорце быў, Зося. Там са мною не цацкаліся. А як толькі выпусцілі, я бягом — і да вас, пакуль зноў не загрэблі.

— Крый божа, што ты кажаш.

— Мне здавалася, што гэты жах ніколі не скончыцца. Пажыццёвае пекла. І паміраць там не хацелася, і жыць невыносна.

Зося паглядзела ў твар мужу блізарукімі вачамі і сказала:

— Нічога, дзякаваць богу, мы разам. Адкармлю цябе, і будзеш ты ў мяне гладкі, як пан.

— Адчуваю, што і вы тут нацярпеліся ліха. Але ты ў мяне малайчына! Такога сына выгадавала! Дальбог, яго не пазнаў! Падумаў, што памыліўся, не туды трапіў.

Гардзей абняў Зосю і Ораста. Яны селі на ўслоне і доўга сядзелі, нешта згадваючы з таго даўняга мінулага, калі сын быў яшчэ зусім малы і шмат чаго не помніў. Ім было добра і светла сядзець так разам і адчуваць, што ёсць у гэтым жыцці нешта вельмі важнае, што яднае іх, нягледзячы ні на якія выпрабаванні.

8

Зося штодня хадзіла на працу, сын — у школу, а ў Гардзея, які адзін заставаўся дома, з’явілася дастаткова вольнага часу, каб нарэшце сабраць свае запісы, якія датычыліся ягонай трактоўкі паходжання Зямлі і іншых планет, а таксама карысных выкапняў. Ён перапісаў усё ў асобны сшытак і паслаў у Акадэмію навук СССР у Маскву. З хваляваннем чакаў адказу, бо лічыў, што зрабіў адкрыццё, якое пераверне светапогляд навукоўцаў. Думаў, што ім давядзецца тэрмінова перапісваць падручнікі і не толькі ў Савецкім Саюзе, але і ва ўсім свеце. Цешыў сябе, што зрабіў гэта не нейкі славуты вучоны, а нікому невядомы селянін з вёскі Крачкі Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці Гардзей Рахуба.

Праз месяц прыйшоў з Акадэміі навук ветлівы адказ з падзякаю за актыўную жыццёвую пазіцыю. Унізе стаяў неразборлівы подпіс, замацаваны пячаткаю. Гардзей зразумеў, што ніхто не ўспрыняў усур’ёз ягоную гіпотэзу. Марныя былі ягоныя пошукі і азарэнні. Мусіць, зарана ён нарадзіўся на Божы свет. Несвоечасова здзейсніў навуковае адкрыццё. Нікому яно пакуль непатрэбнае. Вялікае расчараванне апанавала ягоную душу. Гардзей зрабіўся маўклівы і раздражнёны, а тут яшчэ пачалася звычайная для Казахстана летняя гарачыня, якую ён пераносіў з цяжкасцю. Гардзей клаўся спаць на вуліцы пад адкрытым небам, але і адносна прахалодныя ночы не прыносілі палёгкі. Яму было цяжка дыхаць, сэрца калацілася, ледзь не вылятала з грудзей. Дактары казалі, што не падыходзіць клімат. Зрэшты, Гардзей і сам не збіраўся тут затрымлівацца надоўга. Як толькі сын скончыў школу, сям’я Рахубаў вырашыла вяртацца ў Беларусь. Праўда, Зося згадзілася не адразу.

— Як уяўлю таго Леванюка ды Марфу, дык не хочацца мне пра Крачкі і думаць, — колькі разоў казала яна. — Давайце застанёмся ў Алма-Аце. Такі зялёны і прыгожы горад!

— Не, Зося, здароўе маё слабое. Хачу памерці дома. Нажыўся я сярод чужых. Хачу легчы на спачын у родную зямлю, — пярэчыў Гардзей.

— Ты будзеш жыць, Гардзей. Не думай пра смерць, — прасіла Зося.

— Я таксама хачу ў Крачкі — падтрымаў бацьку сын.

— Калі і паспелі дамовіцца? — здзівілася Зося.

— У першы ж дзень, як сустрэліся, — задаволена адказаў Гардзей.

Зноў Зося збіралася ў дарогу, нешта купляла, нешта прадавала. Гардзей пакаваў рэчы і рыхтаваў да адпраўкі багаж. Ораст прападаў цалюткімі днямі недзе на вуліцы, развітваўся з сябрамі. Моладзь пачала разлятацца пасля выпускнога балю хто куды.

Дзяўчына, з якою сябраваў Ораст, хацела вучыцца на актрысу, збіралася ехаць у Маскву і клікала яго з сабою. Быць акцёрам хлопец не прагнуў, да таго ж і вучыўся ў школе так-сяк, звычайна ўсё спісваў у сваёй сяброўкі.