Выбрать главу

— Правалюся я на экзаменах, — казаў ён ёй.

— Спішаш у мяне. Я падкажу, — абяцала Эма і ззяла зялёнымі вачамі.

— А там жа яшчэ трэба спяваць і вершы чытаць.

— Ну, ужо нічога прасцей не прыдумаеш. Што табе цяжка праспяваць?

— Ды не хачу я выглядаць блазнам. Які з мяне спявак? — упарціўся Ораст.

— Ты проста лайдак! Дзеля нашага шчасця пальцам не варухнеш! — абурылася Эма.

Ораст хацеў пакрыўдзіцца на гэты папрок, але потым прапанаваў:

— Давай зробім так. Калі ты паступіш вучыцца, я прыеду да цябе ў Маск­ву, знайду працу і буду табе дапамагаць, чым змагу. Калі не паступіш, прыедзеш да мяне ў Беларусь. А там разам вырашым, як жыць далей.

— Дамовіліся, — лёгка згадзілася дзяўчына і абвіла хлопца за шыю гарачымі рукамі.

Упершыню ён адважыўся яе пацалаваць. І гэта быў самы адметны дзень у ягоным жыцці. Праз тыдзень Эма прыйшла правесці Ораста на вакзал. Пад назіркам бацькоў хлопец адчуваў сябе скавана. Ён толькі глядзеў на дзяўчыну, імкнучыся запомніць кожную рыску яе твару. Калі маці паклікала, ён адступіў на колькі крокаў, спыніўся, памахаў рукою і скокнуў у вагон. А потым, колькі ехалі, што б ні рабіў Ораст — глядзеў у акно ці ляжаў з заплюшчанымі вачамі, бачыў перад сабою толькі яе, Эму, дзяўчыну з цёмнымі кучаравымі валасамі вакол прыгожага чыстага лба, яе яскравыя зялёныя вочы і адчуваў дотык цёплых вуснаў. З-за расстання з каханаю дзяўчынаю сустрэча з радзімаю не была такою радаснаю, як марылася і ўяўлялася.

Стары будынак вакзала ў Жабінцы выглядаў абшарпаным, быў ён той самы, нязменны. Тыя ж высокія дрэвы прыветна калыхалі зялёныя галіны пад спякотным ветрам. Вераб’і, як і некалі, чародкамі зляталі і садзіліся на перон. Рахубам здалося, што яны вярнуліся ў ранейшы час, а калі агледзеліся, дык заўважылі, што не бачаць ніводнага знаёмага твару, быццам мясцовасць засялілі новыя людзі.

Гардзей выйшаў на прывакзальную плошчу, згледзеў хлопца на возе, спытаў, скуль ён. Той адказаў, што едзе ў Сцяблова і згодны падвезці сям’ю да Крачкаў.

Рахубы ехалі моўчкі, прагна ўзіраліся ў наваколле і не пазнавалі ранейшых мясцін. Выраслі новыя дрэвы, зніклі шнуркі сялянскіх палёў, поле было агульнае, суцэльна калгаснае. Вазак спрабаваў распытаць, хто яны ды скуль. Гардзей коратка патлумачыў, што выязджалі на заробкі, але, як кажуць, добра толькі там, дзе нас няма, таму і вяртаюцца на радзіму.

— Цяпер шмат хто шукае лёгкага хлеба, едуць, хто на цаліну, хто на Укра­шу, — адказаў хлопец. — А ў Крачках вы дзе жылі?

— На хутарах.

На тым гаворка скончылася. Воз пратарахцеў па брукаванцы, звярнуў на палявую дарогу, якая хутка прывяла ў невялікі лес, і раптам адкрыліся Крачкі. Гардзей з хваляваннем адразу заўважыў тры новыя будыніны побач з поплавам, астатнія хаты лёгка пазнаваў, згадваў гаспадароў, зазіраў у двары, дзе бавіліся нечыя дзеці і ўнукі. Жыццё ішло і не звяртала ўвагі на страты. Можа, толькі цяпер Гардзей з усёй трагічнасцю зразумеў самотнасць і неабароненасць чалавека, які мусіць трымацца за блізкіх людзей, бо нікому, акрамя іх, ён не патрэбны.

У канцы вёскі Рахубы папрасілі вазака спыніцца, падзякавалі і пайшлі да свайго хутара па дарозе, добра ўбітай калёсамі. Яны прыглядаліся да дрэваў, удыхалі родныя пахі і прыспешылі крок — хацелася хутчэй пабачыць свой хутар, хоць і ведалі з лістоў Паўліны, што хаты даўно няма, застаўся садок.

Сям’я спынілася на спустошаным двары, ад якога не засталося нічога, акрамя каменнага грудочка, дзе стаяла печ, якая некалі грэла і цешыла, якая карміла і радавала, а цяпер нагадвала магільны курганок. Ораст сарваў зялёны яблык, надкусіў, пажаваў, зморшчыўся і выплюнуў.

— Усё расцягнулі, — злосна сказала Зося.

— А ты думала, што цябе тут палац чакае? — пахмурна пасміхнуўся Гардзей.

— Хоць бы печ пакінулі!

— Печ кожнаму трэба.

— Гардзей, як ты можаш быць такім спакойным?

— Я шчаслівы, што мне галаву не адкруцілі, а хату паставім новую.

Раптам знаёмы голас аклікнуў іх:

— Каго я бачу! Рахубы вярнуліся! Каб вы здаровенькія былі!

Да іх, накульгваючы, ішоў Леванюк, ведучы ў руках веласіпед.

— Здароў быў, землячок, — стрымана адказаў Гардзей.

— Ну што, разнёс хату, а цяпер прыехаў нашаму няшчасцю парадавацца? — пайшла ў наступ Зося.

— Дарэмна ты на мяне. Праўленне калгаса забрала вашу маёмасць, я тут ні пры чым, — пачаў апраўдвацца Леванюк. — Няма пра што шкадаваць, старая ваша хата была, нічога не вартая. На дровы пусцілі. Купляйце новае дрэва, я вам такую хатку выштукую! Ого-го!

Зося грэбліва акінула постаць Леванюка і спытала: