9
Эма паступіла ў тэатральны інстытут, аднак Ораст не здолеў выехаць да яе ў Маскву. Хлопца забралі ў войска. Паколькі ён меў адукацыю — дзесяць класаў, дык яго паслалі спачатку асвойваць шафёрскую прафесію. І гэта яму нават спадабалася, бо ён марыў, як кожны хлопец, на чым-небудзь ездзіць: на машыне ці хоць на матацыкле. Вучыўся ён добра і лёгка асвоіўся ў новым асяроддзі. У першыя ж месяцы зрабіў на пальцах сабе татуіроўку — год свайго нараджэння, 1936, а на плячы напісаў імя Эма, чым увекавечыў сваю каханую, якая заўсёды цяпер была пры ім.
Пасля курсаў яму даверылі грузавую машыну і ён выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, пакуль не здарылася непрадбачанае: Эма прыслала ліст, у якім дзякавала яму за разуменне і школьнае сяброўства і паведамляла, што яна сустрэла вялікае і сапраўднае каханне. Пісала, што выйшла замуж за вядомага кінарэжысёра і што шчаслівая, а таксама, што яе з мужам яднае не толькі каханне, а і сумесная справа. Хвалілася, што яе ўжо запрасілі на здымкі фільма, далі, хоць не галоўную, але даволі значную ролю. І яшчэ паведамляла, што зусім не мела часу для таго, каб напісаць яму раней, бо ёй трэба шмат што паспець: і вучыцца, і прысутнічаць на здымках, і даглядаць мужа, бо ён, як малое дзіця, без яе не можа ні сабраць рэчы, ні зрабіць сабе вячэру.
Ораст прачытаў гэты ліст і зразумеў, што страціў Эму назаўсёды. Жыццё пазбавілася сэнсу. Для чаго яму служыць у войску, ездзіць на машыне, нешта рабіць, калі наперадзе замест будучыні беспрасветная цемра, дзе няма і ніколі не будзе Эмы.
Напярэдадні Ораст вярнуўся з далёкага рэйса. Суткі яму далі для адпачынку. І ён іх патраціў на тое, што цэлы дзень ляжаў на ложку тварам да сцяны, часам плакаў, часам сціскаў зубы, каб не закрычаць ад нянавісці і бяссілля, нават абедаць і вячэраць не пайшоў. Ноччу спрабаваў заснуць, але нейкія галасы, што ўзнікалі ў падсвядомасці, будзілі яго, не давалі спакою.
Раніцай сяржант загадаў уставаць і збірацца ў дарогу. Ораст нават не варухнуўся.
— Устаць! Табе тут што, курорт! — загадаў сяржант.
— Не магу, — адказаў Ораст.
— Што, можа, захварэў, дык валяй у санчасць!
— Захварэў! Душа баліць! — ціха адказаў хлопец, ад гора ён страціў сілу, не мог варухнуцца, наогул, здавалася, што лепш памерці, чым трываць такую пакуту.
— Душэўнахворых у дурдоме трымаюць! Уставай, каму сказаў! — сяржант рэзкім рухам сарваў з Ораста коўдру і кінуў яе на падлогу.
Ораст з нянавісцю паглядзеў у вочы сяржанту, раптоўна ўскочыў з ложка, адкрыў тумбачку, выхапіў нож і паласнуў сябе па жываце. Кроў вузкай палоскай пазначыла рану і пачала капаць на падлогу. Сяржант збялеў і нема закрычаў. Ораст знясілена апусціўся на ложак і заплюшчыў вочы. Ён не адчуваў ні болю, ні страху, а праз імгненне страціў прытомнасць і ўжо не чуў, як яго на насілках вынеслі ў машыну, як рабілі аперацыю, як размясцілі ў рэанімацыю. Ён прачнуўся пад вечар, пабачыў над сабою доктара, спытаў:
— Чаму я тут?
— Табе зрабілі аперацыю, — адказаў доктар.
— Аперацыю? — перапытаў Ораст і толькі цяпер усё ўспомніў.
— Як сябе адчуваеш? Што баліць?
— Нічога. А што са мной?
— Разрэзаў скуру, трохі пашкодзіў кішэчнік, але, дзякуй богу, быў галодны з ранку, дык абышлося без ускладненняў. А магло быць і вельмі дрэнна. Падумай, што табе даражэй, уласнае жыццё ці нейкая непрыемнасць, якая вывела цябе з раўнавагі?
— Падумаю. А калі мяне выпішуць?
— Выпішуць, як адужаеш, а пакуль ляжы спакойна. Наклалі дванаццаць швоў, глядзі, каб не паразыходзіліся. Бо зноў будзем зашываць.
Доктар выйшаў. Ораст паспрабаваў павярнуцца на бок і адчуў рэзкі боль у жываце. Паспрабаваў памацаць жывот, ён аказаўся увесь перабінтаваны.
Зноў аднекуль здалёку выплыла крыўда на Эму, але ён адагнаў яе. Захацелася раптам дадому, да маці. Яна ўмела даглядаць яго, калі ён хварэў. Яна хутка паставіла б яго на ногі. І зноў у памяці ўзнік твар Эмы, гарэзлівы, вясёлы.
— Ідзі, ідзі да свайго рэжысёра, — прабурчаў Ораст. — Мая жонка — бальнічны ложак.
Ён падняў руку, каб прыгладзіць чупрыну — гэты рух азваўся болем. Цяпер ён шкадаваў, што быў такі нястрыманы і ледзь сам сябе не знішчыў з-за нейкай лярвы, якая здрадзіла яму з першым сустрэчным рэжысёрам. Нездарма кажуць, што ўсе акцёры распусныя. Яны не жывуць, а толькі выконваюць ролі.
Праз чатыры дні Ораста перавялі ў палату, а яшчэ праз пару тыдняў камісавалі. І ён нечакана вярнуўся ў Крачкі. Першае, што заўважыла маці, была татуіроўка на пальцах рукі — год нараджэння Ораста. Яна вельмі захвалявалася, бо ў вёсцы ведалі сапраўдны год нараджэння Ораста, маглі яму сказаць праўду пра колішні матчын грэх, чаго ёй вельмі не хацелася.