Выбрать главу

— Што ж ты нарабіў? Навошта, каб усе ведалі? — спытала яна з горыччу.

— А што тут такога? Так усе хлопцы нашы сабе напісалі. Ці мала што? І пашпарт не трэба.

— Паглядзі на свайго сына, Гардзей. Што будзем рабіць?

— Нічога. Каму якая справа да нас? — спакойна адказаў муж. — Ты лепш спытала б, чаго твайго сына раней часу адпусцілі з войска.

— Чаму, сынок?

Ораст неяк дзіўна ўсміхнуўся і весела адказаў:

— Абрыд я там усім. Кармі мяне, апранай, узбройвай, выпраўляй на служ­бу — вось і выгналі. Кажуць, ідзі, няхай пра цябе бацькі клапоцяцца.

Зося недаверліва насцярожылася і настойліва спытала:

— Выдумляеш ты, сынок. Нешта здарылася? Так? Вунь у суседнюю вёску прывезлі хлопца ў труне забітай, нават паглядзець не далі.

— Ды нічога не здарылася. Аперацыю зрабілі.

— Якую аперацыю? — устрывожана спытаў Гардзей.

— Не ведаю, нешта выразалі там.

— Пакажы, — загадала Зося.

Ораст загаліў гімнасцёрку і паказаў чырвоны шрам на жываце. Бацькі ўтаропіліся ў Ораста, нават старая Агатэля спаўзла з запечка, паглядзела і перахрысцілася на ікону.

— Ой-ё-ёй, мой сыночак, і балела ж табе? — заплакала маці.

— Наркоз далі — і нічога мне не балела. Слухайце, колькі можна? Есці хачу. Ці вы збіраецеся мяне голадам марыць?

— Зараз, зараз, — адказала Зося і замітусілася ля печы.

Запахла знаёмымі стравамі. Ораст раптам адчуў, што ён шчаслівы, спакойны і вольны. Можна пачынаць новае жыццё.

Як толькі звечарэла, за акном пачуліся дзявочыя галасы. Нехта спяваў, смяяўся, міжвольна Зося адхінула фіранку, паглядзела на вуліцу, але нічога не ўбачыла блізарукімі вачамі.

— Ужо дзеўкі пранюхалі, што кавалер у вёсцы з’явіўся, — прабурчала старая Агатэля.

— Зараз пайду і нюхаўкі ім перцам натру, — злосна сказала Зося.

— Ага, схавай яго пад спадніцу, — заўважыў Гардзей.

Ораст тым часам, ні слова не кажучы сямейнікам, выслізнуў за дзверы. Вярнуўся ён пад ранне. Зося абурана пачала папракаць сына, што швэндаецца немаведама дзе, а бацькі з-за яго ноч не спалі. Гардзей спыніў яе:

— Дай хлопцу адпачыць з дарогі. Ты не ведаеш, што такое служба ў войску.

Ораст папіў малака, залез на печ, а праз імгненне адтуль пачулася яго роўнае дыханне.

10

Зося падграбала смецце ў двары і думала пра сына. Добра было б яму прадоўжыць вучобу, але не ахвочы ён да кніжак. Не ў Гардзея ўдаўся. Зося і сама не надта хінулася да навукі. Калі вучылася ў прытулку, ёй больш падабаліся спевы ды танцы. Каб засталіся тады з бацькам жыць у Расіі, можа, стала б яна спявачкаю, балерынаю ці проста артысткаю ў тэатры. А вярнуліся дамоў, тут іншае жыццё: зямля, гаспадарка, бясконцая праца з вясны і да вясны. Не, яна не хацела, каб і сын яе ўпрогся ў калгаснае жыццё. Які сэнс працаваць задарма? Гардзей уладкаваўся ў Брэсце вартаўніком. Зося таксама падумвала пра тое, каб пайсці на працу, бо трэба будаваць сваю хату. Праўда, Каця абяцала прыслаць грошай на падлогу і дах, калі паставяць сцены. Але ж і сцены трэба за нешта ставіць. Сын таксама мусіць шукаць працу ў горадзе, тым больш што да Брэста ўсяго якіх кіламетраў пятнаццаць, не болей. Туды ходзяць аўтобусы і цягнікі. Каб трапіў на добрае прадпрыемства, дык і кватэру атрымаў бы, сям’ю завёў бы, а там Зося магла б унукаў дачакацца. Яна не прыспешвала сына брацца за справы, хацела, каб адпачыў, набраўся сілы. Колькі таго жыцця? Перакалоцішся, прапакутуеш, што пасля і згадаць няма чаго.

Занятая думкамі, яна і не заўважыла, як у двор увайшла Паўліна, павіталася, села на прызбу, паклала рукі, пакручаныя артрытам, на прыпол, сказала:

— Грабешся як курыца ў пяску, і не ведаеш, што твой сын вырабляе.

— А што? — здзіўлена ўскінула вочы Зося.

— З Веркаю Марфінаю сустракаецца. Вось што!

— Адкуль ты ведаеш?

— Уся вёска гудзе. Верка хваліцца, што Ораст абяцаў з ёю ажаніцца.

— Гэтага няшчасця нам толькі не хапала! — пляснула рукамі Зося і з трывогаю паглядзела ў бок клуні, дзе Гардзей з Орастам пілавалі дровы. — Я пакажу яму Верку!

— Цішэй ты, не навальвайся на хлопца знянацку, — спыніла Зосю Паўліна, ведаючы, якая тая гарачая. — Пагутары з ім ціха, ласкава, па-мацярынску, растлумач што да чаго. Раскажы, як Марфа ў мяне палатно пакрала. Паскудніца! Гардзею праходу не давала, цяпер за Ораста ўзялася! Бацьку ж твайго са свету звяла, на цябе пры немцах данос напісала.