Выбрать главу

Ораст разгублена паўзіраўся ў твар маці, але раптам рынуўся да дзвярэй, схапіўшы на хаду з цвіка куртку і выскачыў з хаты.

— Рыхтык такі ж шаленец, як ты, — сказаў Гардзей, сочачы ў акно за сынам.

— Куды ён пабег? — з трывогаю спытала Зося.

— Не бойся, ён не пабяжыць тапіцца, як ты некалі ў маладосці. Пашыбаваў у бок чыгункі.

— Божачкі, што ж я нарабіла? — загаласіла Зося. — Калі ж ён вернецца? Я звар’яцею, калі яго доўга не будзе.

— Супакойся. Няхай хлопец абдумае тое, што мы яму сказалі. Можа, якраз на карысць пойдзе, — суцешыў Зосю Гардзей.

— Што у вас там здарылася? — спытала старая Агатэля з печы.

Яна зусім аслабла, з ранку яшчэ трохі тупала па хаце, а потым адлежвалая. З-за таго, што недачувала, дык амаль не размаўляла са сваімі кватарантамі, бо бачыла, што толькі раздражняе іх.

— Нічога, цётка, трохі Зося на сына накрычала, каб позна з дзяўчатамі не гуляў, а ён пакрыўдзіўся, — адказаў Гардзей.

Старая нешта прамармытала сабе пад нос і аціхла на печы.

11

Ораст вярнуўся да бацькоў праз два дні, сказаў, што ўладкаваўся на працу ў будаўнічую арганізацыю ў Брэсце і пасяліўся ў інтэрнаце. Вестка ўзрадавала Зосю, яна спытала:

— А што ж ты, сынку, там будзеш рабіць?

— Буду старшым, куды пашлюць.

— Трэба ж нейкую прафесію асвоіць, — параіў бацька.

Ораст уздыхнуў, пачухаў патыліцу і адказаў:

— Разумееце, каб нечаму навучыцца, трэба мець настаўніка. Ім мог бы стаць брыгадзір. Але ён адмаўляецца мяне вучыць, кажа, я лепш свайго сына навучу.

— Гэта несправядліва. На працы ў брыгадзіра ўсе сыны, — запярэчыла Зося.

— Толькі ты, мама, можаш так думаць. Нічога, агледжуся, можа, з часам пашукаю лепшую працу. Галоўнае, што інтэрнат далі. Там весела. Па серадах, нядзелях і суботах наладжваюцца танцы.

Ораст задаволена ўсміхнуўся, быццам згадаў нешта прыемнае, зірнуў на гадзіннік і папярэдзіў:

— Я прыехаў, каб забраць свае рэчы.

Зося заспакоена падумала, што, напэўна, ён адмовіцца ад Марфінай Веркі, калі раптам так крута памяняў свае планы. Крый божа ўступаць у сваяцтва з гэтым гадзючым кодлам. Часам Зося думала, што Марфа наслала на Гардзея псоту, што ён стаў абыякавым да яе, сваёй жонкі, ды і наогул да ўсіх жанчын, але нікому пра гэта не казала. Ды і каму скажаш? Распусцяць плёткі па сяле, зганьбяць, што сорамна будзе на людзі паказацца.

— Ты ж хоць наведвай нас, — папрасіла Зося. — І адрас пакінь, каб ведаць, дзе цябе шукаць.

— Няма чаго мяне шукаць. Усё ў мяне будзе добра. Брэст мне падабаецца. Там не засумуеш, — весела адказаў сын. — Мы з хлопцамі ўчора хадзілі ў парк, піва папілі, патаўкліся на танцпляцоўцы, карацей, добра бавілі час.

— Толькі будзь асцярожны, сынок, не пі гарэлкі, не ўвязвайся ў бойкі. Ты ж не хлапчук зялёны. Нашто табе даказваць сваю вартасць кулакамі? — зноў папрасіла Зося.

— Ай, вечна ты, мама, нешта выдумляеш. Есці хачу. Хутчэй, бо на бліжэйшы цягнік спазнюся, — адказваў Ораст, скідваючы ў стары абдзёрты чамадан касцюм, сарочкі, бялізну.

Зося дастала з печы дранікі са шкваркамі, спытала:

— Крышаны есці будзеш?

— Не, дранікаў дастаткова.

Сын еў з апетытам проста з патэльні рукамі, аблізваў тлушч, што цёк па пальцах, а бацькі з замілаваннем назіралі за ім. Вось і вырас хлопец, стаў на крылы, і бацькі яму патрэбны толькі для таго, каб час ад часу праведаць іх і паказацца, які ён стаў. А ці даўно ляжаў у калысцы, кугікаў і быў бездапаможны і кволы.

— Усё, я пабег. — сказаў Ораст.

— Ідзі з Богам. І помні, што я табе сказала пра Марфіну Верку.

— Ды я ўжо забыўся даўно пра тую Верку, вельмі трэба. У Брэсце поўна прыгожых дзяўчат, ажно вочы разбягаюцца.

Гардзей толькі ўсміхнуўся, слухаючы сына, і згадваючы сябе гэткім жа маладым, калі і ў самога разбягаліся вочы на вячорках і ён ніяк не мог выбраць адну адзіную.

Калі Ораст пайшоў з хаты, Зося з сумам сказала:

— Вось і вылецела наша птушаня з гнязда. Цяпер, Гардзей, засталіся мы з табою ўдваіх, як старыя пянькі.

— Чаму адны? Вунь цётка Агатэля дрэмле на печы. Хутка ўнукі пойдуць касяком. Цяпер дзеўкі ўчэпістыя, не такія сарамлівыя, як у наш час. Павісне на шыі, не адвяжашся, — адказаў Гардзей. — Ораста, мусіць, зацягне гарадское жыццё. Рэдка будзем бачыць хлопца.

— Ты ж бываеш на службе, будзеш яго наведваць. Слухай, пайду і я на працу, чаго мне гэтую хату вартаваць? І грошы трэба.

— Як хочаш, — адказаў Гардзей.