Выбрать главу

На другі ж дзень Зося паехала ў Брэст і ўладкавалася на чыгунку. Давялоя працаваць у тры змены, прымаць будаўнічыя матэрыялы. Цяпер яна рэдка бачылася не толькі з сынам, але і з мужам. Нават па святах часам у іх не супадалі дзяжурствы. Вяскоўцы, хто выпадкова сустракаў Ораста ў горадзе, казалі, што часта бачаць яго на падпітку. Маўляў, ходзіць ён па горадзе, заглядвае то ў адну «забягалаўку», то ў другую, набіраецца як свіння гразі, дамоў і носа не паказвае. Гардзей ездзіў да сына на працу, паўшчуваў яго, Ораст абяцаў выправіцца. Зося колькі разоў наведвалася да яго ў інтэрнат, але там не заста­вала.

Толькі на Новы год пашанцавала: Зося і Гардзей аказаліся дома разам. Чакалі сына, каб разам адсвяткаваць. Ён сапраўды прыехаў, але не адзін. Разам з ім увайшла прыгожая чарнявая дзяўчына, усмешлівая, прыязная.

— Знаёмцеся, гэта мая жонка, — заявіў Ораст з парога.

Зося зніякавела і разгублена спытала:

— Як жонка, адкуль?

— З Брэста. Хаця не, родам яна з Мінскай вобласці. Працуе буфетчыцай у кафэ. Карацей, варыць смачна і якасна. З голаду не прападу.

— Як жа цябе завуць, маладуха? — спытаў Гардзей.

— Міла, — адказала дзяўчына.

— Міла і сэрцу міла, — адказаў Гардзей і запрасіў, — заходзьце, калі ласка, стол накрыты, толькі вас і чакалі.

Старая Агатэля глядзела на маладых і дзівілася:

— Вось табе і гацаца! Не жаніўся, не вянчаўся, а жонку маеш!

— Мы распісаліся, бабуля! Рас-пі-саліся! — сказаў на вуха старой Ораст.

— Ну, дзякаваць богу, дзякаваць богу, — заківала галавою Агатэля.

Гардзей дапамог нечаканай нявестцы зняць паліто, правёў яе да стала, паказаў месца, дзе сесці, напоўніў келіхі віном, сказаў:

— За шчасце маладых! Жывіце ў згодзе і каханні. Няхай збываюцца вашы задумы і мары, а мы, старыя, будзем толькі цешыцца вашай удачы.

Усе выпілі віно, толькі Міла ледзь прыгубіла свой келіх. «Не п’е, гэта добра. Не разбэшчаная», — падумала Зося і спытала:

— А калі вяселле, сынок?

— Ды было ўжо ў нас вяселле. Два мае хлопцы ды дзве Міліны сяброўкі пасядзелі ў рэстаране, выпілі па чарцы і справе канец.

Зося згадала, што і ў яе не было сапраўднага вяселля, бо здарылася яно пасля радзін. Што ж, у кожнага свой лёс. Гэта, напэўна, за мой грэх мяне Бог карае. Хоць бы ў сына былі дзеці. Каб прычакала я ўнукаў. Даруй, Божа, грахі мае цяжкія.

— А дзе ж вы жывяце? — устурбавана спытала Агатэля.

— Дзе давядзецца, у мяне ў інтэрнаце, або ў Мілы на кватэры.

— Трэба, бацька, пачынаць будаваць дом, — сказала Зося.

— Будзем будавацца, сям’я павялічылася, — задаволена ўсміхнуўся Гар­дзей, наліваючы ў чаркі віно. — Давайце вып’ем за Новы год, няхай ён здзейсніць усе нашы надзеі і планы. Горка!

Міла сарамліва паглядзела на Ораста, але хлопец абняў яе за шыю і пацалаваў. Маладая заружовілася і апусціла вочы. Гардзей задаволена ўсміхнуўся і падумаў: «Усё-ткі мой сын не зломак. Дзяўчыну прыгожую выбраў і паводзіць сябе па-мужчынску. Праўда, яна нейкая занадта сарамлівая. Ці толькі прыкідваецца? Ведаю я гэтых цнатлівак. Бачыш, як хутка Ораста захамутала. Хаця і ён хуткі на справу, не вельмі задумваецца, што робіць. Вунь гатовы быў і Верку Марфіну ўзяць, нават не разгледзеўшы як след, што яму ў рукі валіцца. Малады яшчэ, зялёны.»

Раздзел чацвёрты

Амерыканская спадчына

1

Вясной Рахубы распачалі будаўніцтва. Леванюк паставіў сцены, праўда, без сянец. Каця своечасова прыслала грошай, таму за лета накрылі хату гонтаю, склалі печ, заслалі падлогу, нават такі-сякі хлеўчык скідалі, у якім можна было размясціць карову і пару падсвінкаў. Позняй восенню сціпла справілі ўлазіны. Тады ж нарадзілася ўнучка Гануська. Нявестка перабралася з малою да Ораставых бацькоў. Зося не магла нацешыцца малою, аддавала ёй усю любоў і пяшчоту. Гардзей здзіўляўся, назіраючы за жонкаю, як палагаднела яна, як засвяцілася шчасцем, быццам вярнулася ёй адчуванне маладосці і мацярынства. Ды і сам дзед любіў бавіцца з малою, слухаць яе тонкі галасок, здагадвацца пра яе жаданні. Праз год нявестка нарадзіла яшчэ і ўнучыка Радзіка. У хаце стала цесна і тлумна. Гардзей аблюбаваў сабе месца для адпачынку на печы, каб нікому не замінаць. За турботамі пра малых, не было часу асэнсаваць тую радасць, якая пасялілася ў новай хатцы на хутары. Аднак Зося адчувала сваё шчасце і пра ўсё напісала ліст Каці. У адказ атрымала строгі і асуджальны адказ. Нехта са сваякоў паведаміў сястры ў Амерыку, што Ораст дрэнны сын, не запрасіў бацькоў на сваё вяселле, што любіць ён прыкладвацца да чаркі, ніякім рамяством не авалодвае, а толькі часта мяняе месцы працы, шукае лёгкага хлеба.