— Пойдзем на свежае паветра, успомнім маладосць.
Марк злосна згроб з прылаўка манету заскарузлаю рукою і сказаў:
— Пайшлі, Гардзей. Ты адзіны разумны чалавек на ўсё сяло. Я цябе заўсёды паважаў.
Яны выйшлі з крамы. Па-старэчы пачалі гаманіць пра гаспадарчыя справы. Толькі тут Гардзей заўважыў, што паштовая скрынка вісіць на слупе каля крамы і ўзрадавана апусціў у яе свой ліст, бо ногі ўжо балелі і не хацелася цягнуцца да пошты ў другі канец вёскі.
— Пойдзем, Марк, я цябе дахаты правяду.
— Пайшлі, Гардзей, колькі таго жыцця засталося?
Два старыя чалавекі тупалі ўдоўж вёскі, якая выгадавала іх, паставіла на ногі, пусціла ў шырокі свет, але яны вярнуліся сюды, не жадаючы жыць у разлуцы з ёю. Яны глядзелі на хаты, дзе некалі жылі іншыя людзі, якія даўно перасяліліся на клады. Цяпер па сяле хадзілі дзеці і ўнукі памерлых і рысамі твараў нагадвалі сваіх папярэднікаў. «Кругазварот жыцця ў прыродзе, — сам сабе ўсміхнуўся Гардзей. — А я яшчэ жыву. Перажыў многіх сваіх ворагаў. У гэтым мая перамога і шчасце».
— Як ты Марк пачуваешся? — спытаў Гардзей.
— Як прачнуся раніцай, здаецца, што толькі пазногці не баляць. Увесь, як пабіты.
— Вось, што я табе скажу. Калі аднойчы прачнешся і адчуеш, што нічога табе не баліць і не смыліць, ведай, што памёр, — засмяяўся Гардзей.
— Цьфу на цябе! Такое паскудства кажаш, — раззлаваўся Марк.
— Як ні круціся, а прыйдзе час адпачыць.
— Калі прыйдзе, тады і пагаворым, а цяпер давай пра што весялейшае. У цябе колькі ўнукаў?
— Двое.
— А ў мяне пяцёра, нават адзін праўнук ёсць! Абскакаў я цябе, Гардзей! — задаволена прыцмокнуў языком Марк. — Але ж ты не ведаеш галоўнае маёй радасці. Я рэабілітаваны! Прызнаны ні ў чым не вінаватым. А табе, напэўна, рэабілітацыю не дадуць. Лічыцца, што ты на немцаў працаваў.
— Я працаваў на людзей. Стараўся, каб пастаўкі немцам былі як мага меншыя, каб жывёлу здавалі горшую. Ты гэтага не заўважыў?
— Я заўважыў, але хто табе паверыць? Ты ж для саветаў — вораг народа.
— Ат, не павераць, дык і так памру. Для мяне галоўнае не чалавечы суд, а Боскі. Будзь здаровы, Марк, і не кашляй.
Гардзей рушыў па вуліцы, а думка пра рэабілітацыю не адпускала яго. Ён не адчуваў сваёй віны ні ў чым, шкадаваў толькі, што ўзяў грэх на душу, напісаў данос на Пуха. Думаў, што Пуху ўчыняць допыт, выкрыюць яго нялюдскую дзейнасць, а немцам не было часу разбірацца. Яны расстралялі Пуха як камуніста і супрацоўніка савецкіх карных органаў. Гардзей вельмі спадзяваўся, што здолее дазнацца, чым быў атручаны. Тады, магчыма, было б лягчэй знайсці лекі ад невылечнай хваробы, якая хоць і прыціхла ў апошнія гады, але час ад часу нагадвала пра сябе страшэнным болем у галаве і грудзях. Цяпер ужо нічога не дазнаешся, позна. Сваю таямніцу забраў Пух на той свет. Калі Гардзей уяўляў, як Пух стаяў перад дуламі аўтаматаў, яму рабілася страшна і моташна. І раптам ён згадаў той выпадак, калі расстрэльвалі людзей каля Жабінкі. Сэрца балюча сціснулася і, здалося, спынілася. Гардзей схапіўся за плот і доўга стаяў нерухома, баючыся варухнуцца, быццам баяўся, што тая далёкая смерць, што згрэбла людзей у яму, можа прыхапіць з сабой і яго.
2
На другі дзень Гардзей паехаў у Брэст і напісаў заяву ў абласную пракуратуру з просьбаю разгледзець ягоную справу з мэтаю рэабілітацыі. Праз некалькі месяцаў яго выклікалі ў суд для разгляду справы. У якасці сведкаў былі запрошаны жонка і сястра Паўліна. Утрох яны і выправіліся ў Брэст. У будынку суда са здзіўленнем убачылі Марфу, Марка і яшчэ двух аднавяскоўцаў: Іллю Раманюка і Хвядоса Янчука, з якімі Гардзей ніколі хаўрусу не вадзіў, бо яны былі на дзясятак гадоў маладзейшыя за яго.
Калі сакратар стукнуў малаточкам і абвясціў: «Суд ідзе!», усе ўсталі. Гардзей адчуў незвычайную ўзрушанасць, але пастараўся супакоіць сябе, маўляў, сам заварыў кашу, цяпер трывай. Суд пачаўся з таго, што прапанавалі Гардзею расказаць пра сваё жыццё. Ён пачаў гаварыць, спачатку хваляваўся, але хутка супакоіўся і аповед ягоны паліўся імкліваю рэчкаю, нават сам дзівіўся, як лёгка яму згадваецца тое, што ляжала недзе на дне памяці, а цяпер быццам хто вяслом ускалыхнуў і падняў на паверхню той забыты час:
— Нарадзіўся я ў 1901 годзе ў вёсцы Крачкі. Мой бацька меў дзесяць гектараў зямлі, два кані, тры каровы, карацей, гаспадарка даволі вялікая, але ў 1914 годзе ён памёр, а мама пайшла ў лепшы свет яшчэ раней. Я застаўся за гаспадара з трыма малодшымі сёстрамі. З 1909 да 1912 года вучыўся ў школе, да 1922 года працаваў на сваёй гаспадарцы, пасля мяне ўзялі ў войска, дзе служыў да 1924 года. Вярнуўся зноў у сваю гаспадарку, выбіраўся войтам, але кандыдатура не была зацверджана.