Выбрать главу

Паступова ён увайшоў у смак і пачаў расказваць, згадваючы асобныя дэталі, выпадкі. Усё перажытае быццам праплывала перад ягонымі вачыма, а ён пераказваў прысутным тое, што бачыў. Апавядаў пра тое, як сядзеў у польскай турме, як адышоў ад камуністаў, як працаваў пры саветах, але быў звольнены з працы і ў той жа дзень атручаны колішнім былым сябрам. Пра службу ў немцаў сказаў коратка, што працаваў аграномам, у ягоную функцыю ўваходзіла збіранне паставак збожжа і свойскай жывёлы для нямецкага войска, і пры гэтым прызнаўся, што склаў спіс людзей, якія прычынілі яму гора, і перадаў немцам, у выніку чаго Пух быў расстраляны, а некалькі чалавек высланы ў Германію. Гардзей адзначыў, што быў пакрыўджаны на савецкую ўладу, за тое, што яго атруцілі, у выніку чаго ён хварэе на працягу ўсяго жыцця.

Суддзя спытаў, ці ёсць у яго даведка аб перанесенай хваробе. Гардзей дастаў з кішэні і паклаў перад суддзёй нейкія паперкі і працягваў свой аповед:

— У чэрвені 1944 года я ўступіў у нямецкае добраахвотнае войска. Заставацца дома мне было небяспечна, вельмі лютавалі партызаны ў апошнія дні перад прыходам Чырвонай Арміі. На зборным пункце ў Брэсце нямецкі афіцэр запісаў неабходныя звесткі, якія датычыліся мяне, і я застаўся там. Праз некалькі дзён мне выдалі мундзір нямецкага салдата і вінтоўку. Нас вучылі страявой падрыхтоўцы. Пра тое, што я пайшоў да немцаў, мая радня не веда­ла. У батальёне, дзе я служыў, набралася сорак добраахвотнікаў, астатнія былі немцы. Гэты батальён абараняў Брэст, але я ў баях не браў удзел, бо ехаў наперадзе з абозам. Я быў узяты ў палон пад горадам Пілау, а потым асуджаны на спецпасяленне ў горад Тулу на шэсць гадоў, працаваў на вугальнай шахце. З-за недаядання і цяжкай працы вельмі аслабеў, таму ўцёк дамоў, за што быў зноў асуджаны ўжо на дваццаць гадоў і адпушчаны па амністыі.

Суд дапытаў Зосю. Яна назвала сваіх блізкіх родзічаў, у тым ліку і Кацю, якая жыла ў Амерыцы, і нічога не магла дадаць да таго, што расказаў Гардзей. Паўліна наогул адмоўчвалася, а калі што і казала, дык немагчыма было разабраць, што яна шамкала бяззубым ротам. Найбольш гаваркой аказалася Марфа, якая скардзілася на тое, што праз Гардзея была выслана на працу ў Германію. Марк сказаў, што ў сяле ніхто не хацеў быць аграномам. Гардзей узяўся за гэтую справу, таму што быў не зусім здаровы на галаву. Ілля Раманюк абвінаваціў Гардзея ў тым, што той у час свайго аграномства забраў у яго сям’і карову і аддаў немцам. Яшчэ адзін вясковец Хвядос Янчук сказаў, што паколькі Гардзей быў у нямецкай арміі, дык ваяваў супраць яго, Янчука, былога чырвонаармейца, які дайшоў да Берліна і быў цяжка паранены.

Гардзей слухаў сваіх аднавяскоўцаў і думаў: «Кожны дбае пра сябе. Напэўна, некаму і я атруціў жыццё. Марфе, якая дамагалася майго кахання, Раманюку, які хацеў утаіць карову, Янчуку, якому давялося паваяваць. А хіба я распачаў гэтую вайну? Мы ж толькі пешкі. І шукаем вінаватых побач з сабою».

Суддзі выйшлі параіцца, а калі вярнуліся, была абвешчана пастанова аб прызначэнні судова-псіхіятрычнай экспертызы па справе грамадзяніна Рахубы Гардзея Максімавіча. Гардзею растлумачылі, што яго выклічуць на экспертызу, а пасля суд прыме канчатковую пастанову. Яго суцешыла тое, што твары суддзяў не былі такія пагардлівыя і абыякавыя, якія яму даводзілася бачыць раней. Г этыя глядзелі спакойна і нават прыязна.

Калі вярталіся дамоў, ужо ў цягніку, Зося, пазіраючы ў задуменны твар мужа, спытала:

— І навошта табе трэба былі гэтыя мітрэнгі? Што табе з тае рэабілітацыі?

— З некім я варагаваў, нехта не любіў мяне, але я ніколі не быў і не буду ворагам свайму народу! Таму рэабілітацыя мне патрэбна як паветра!

— Які ж ты неспакойны, Гардзейка, — заківала галавою Паўліна.

— Затое ты ў нас спакойная! Сапраўдны пралетарый, нічога не маеш, толькі другіх вучыш жыццю!

Паўліна імгненне глядзела на брата і раптам залілася слязамі, праз усхліпы яна прамовіла па складах:

— Гэта ж усё праз цябе! Праз цябе я засталася адна! Ты не даў мне выйсці замуж! Ты з’еў маю маладосць!

— Ціха, ціха, Паўлінка, — папрасіла Зося. — Людзі ж кругом.

Паўліна аціхла, унурылася, адвярнулася да акна. Гардзей нервова прыгладзіў валасы, працёр вочы. На зрэнкі наплываў туман. Ужо ён і Зосін твар не мог добра разгледзець. Іншы раз са страхам думаў пра тое, што некалі настане дзень, калі белы свет акрыецца непраглядным туманам. А потым не за гарамі і смерць. Але ці ж яму наракаць на лёс. І так пажыў, дзякаваць богу. Колькі палегла людзей тых, што працавалі разам з ім на шахце ў Туле і Варкуце! Колькі хлопцаў не вярнулася ў сяло, мабілізаваных на вайну! Што ж, у кожнага свой лёс, свая непратаптаная сцежка. Сам выбраў, сам іду, як магу, на колькі хопіць моцы.