Выбрать главу

Пасля працы хапіла сілы толькі на тое, каб пераапрануцца, умыцца над балеяю, павячэраць і легчы спаць. І гэта не палохала Зосю. Няхай працы будзе мора, каб толькі ні пра што не думаць, нічога не згадваць.

У нядзелю пасля сняданку дзяўчаты пайшлі ў касцёл. Хоць Зося была праваслаўнага веравызнання, але лічыла, што Бог адзін, таму даравання за грахі можна прасіць і ў царкве, і ў касцёле. Глядзела на абраз Божай Маці і шчыра прасіла ў яе супакою для душы і мудрасці для сэрца. На вочы навярнуліся слёзы, і праз іх Зосі раптам здалося, што Маці Божая ўсміхнулася ёй куточкамі вуснаў.

— Чаго ты плачаш? — спытала Гэля, якая сядзела побач.

— Маму ўспомніла, — адказала Зося першае, што прыйшло ў галаву.

Па абедзе на палянцы сярод старых ліп моладзь наладзіла танцы. Гэля пусцілася ў скокі, а Зося пайшла ў парк і толькі цяпер заўважыла пад нагамі першыя белыя вясновыя кветкі. Тут жа дзіўна цвіло ружовымі кветачкамі нейкае кустоўе, падобнае на лазу. Далей красаваліся нізкія кусцікі з галінкамі, усыпанымі жоўтымі пялёсткамі. Зося падумала з сумам, што хутка стане зусім цёпла, усё зацвіце, закрасуе, але ў яе душы ўжо ніколі не будзе ранейшай бесклапотнай радасці. Трэба было б напісаць дадому, але вырашыла: няхай Гэля піша, а праз яе можна перадаць родным прывітанне.

— Чаго паненка сумуе? — пачуўся нечы голас за спінаю.

Зося павярнулася і ўбачыла невысокага, худога хлопца з кучаравай рыжай галавой. Валасы яго залаціліся ў промнях сонца і здаваліся чырвонымі.

— Я не сумую, проста аглядаю парк. Тут шмат раслін мне невядомых.

— Граф замаўляў іх у розных краінах свету. Я тут працую памочнікам садоўніка. Кожную раслінку ведаю.

Хлопец пачаў паказваць і называць дрэвы, кустоўе.

— Не турбуйцеся, пане, я ўсё роўна не запомню.

— Як паненку клічуць? — нясмела спытаў хлопец.

— Зося, — адказала дзяўчына.

— А я Юлек. Вось і пазнаёміліся. Вельмі прыемна. Прыходзьце да мяне ў сад часцей. Летам будзе шмат кветак, яблыкаў, груш, ягад...

— Дзякую. Да лета трэба дажыць. Бывайце.

Зосі хацелася застацца адной, бо гора, якое спрабавала ўтапіць з сабою ў сажалцы, прыехала з ёю сюды, у графскі маёнтак Стараволя, і ціснула, не давала спакою. Яна праганяла чорныя думкі, але душа існавала ў прытоенай жалобе.

10

Гэля атрымала ліст ад бацькі і пачытала яго Зосі. Ён пісаў па-мужчынску коратка, паведамляў галоўныя навіны. Удала прадаў на кірмашы ў Берасці парасят, адсеяліся, з Крачак пабралі хлопцаў у войска. Дзядзька пералічыў усіх, у тым ліку і Гардзея.

Зося, пачуўшы пра Гардзея, са злосцю падумала, няхай бы ён з таго вой­ска не вярнуўся. З гэтаю весткаю зваліўся з Зосінай душы цяжар, бо вінавайца яе граху і ганьбы быў зараз недзе далёка, і гэта разнявольвала яе. Па нядзелях пачала хадзіць на вячоркі, весялілася, скакала, спявала прыпеўкі. На яе звярталі ўвагу, наперабой запрашалі на танцы і свае хлопцы з-пад Жабінкі, і ўкраінцы, і палякі. Той-сёй нават спрабаваў заляцацца, але Зося трымала залётнікаў на адлегласці. Да Юлека ставілася па-сяброўску, бо не адчувала з ягонага боку той жорсткай мужчынскай агрэсіі, якая ішла ад іншых хлопцаў.

Месяцы праз два Зося таксама атрымала з дому ліст. Сядзела на сваім высокім ложку і ўжо трэці раз перачытвала яго. Каця напісала, што ўсё лета працавала нянькаю ў Кобрыне, але не спадабалася гаспадыня, таму пакінула службу. Бацька адзін з цяжкасцю ўпраўляўся па гаспадарцы, навярэдзіў спіну, цэлы тыдзень ляжаў, цяпер падняўся, ходзіць па двары, але пакуль з яго работнік ніякі. Старэйшая сястра звярталася да малодшай так, быццам нічога не здарылася, нібыта прапаноўвала прымірэнне. І Зося прыняла яго, бо іншай радні, акрамя бацькі і Каці, у яе не было.

У пакой забегла ўсхваляваная Гэлька, паклікала Зосю:

— Хадзі хутчэй, паглядзі, маладая графіня прыехала!

За ўвесь той час, пакуль найміты жылі ў маёнтку, яны не бачылі нікога з гаспадароў. Казалі, што стары граф жыў ці ў Парыжы, ці ў Рыме, а ягоная дачка — у Варшаве. Усімі справамі кіравалі аканом, ахмістрыня, пісар і іншыя слугі. Зося ніколі ў жыцці не бачыла жывой графіні, цікаўнасць так авалодала ёю, што саскочыла з ложка і за Гэлькаю пабегла на двор, далучылася да невялікага гурту слуг, што і ў святочны дзень былі занятыя на гаспадарчым двары, даглядалі коней, даілі кароў, кармілі свойскае птаства.

Каля ўвахода ў палац яна ўбачыла самаход з адкрытым верхам, ля якога завіхаўся мужчына ў скураной куртцы, галіфэ і высокіх бліскучых ботах. Маладая жанчына, апранутая ва ўсё чорнае — ад карункавага капялюшыка з шырокімі палямі да доўгай сукенкі, — падымалася на ганак. Пакаёвыя слугі выйшлі ёй насустрач, кланяліся, вітаючы.