Выбрать главу

— А ведаю, ведаю. Хочаце памаліцца?

— Памаліцца і застацца тут назусім. Г эта магчыма?

— Безумоўна, чаму б і не? У Амерыцы жыве шмат эмігрантаў, якія наведваюць царкву і разумеюць нашы патрэбы і па магчымасці дапамагаюць. Заставайцеся, разам будзе весялей.

— Я прыехала да сястры. Як яна вырашыць, так і будзе.

— Ну, поспеху вам. Беражы вас Гасподзь, — адказала манашка і пачала парадкаваць дагарэлыя свечкі.

Да Зосі нячутна падышла Каця, прашаптала на вуха:

— Пойдзем адсюль.

— Ты дамовілася?

— Нічога я не дамовілася. Не возьмуць цябе сюды. Дакументы твае не адпавядаюць. У нас законы вельмі строгія.

Яны выйшлі з царквы пад яскравае сонца, якое асляпіла Зосю. Яна падхапіла Кацю пад руку і занепакоена спытала:

— А што ж цяпер будзе са мной?

— Трэба думаць, — з напускною важнасцю адказала сястра. — Мяркую, што мне варта развесціся з Дэнам, а ты выйдзеш за яго, і тады ў нас усё атрымаецца. Ніякі закон не падкапаецца. Зрэшты, я магу паехаць да Гардзея і жыць з ім. Выдатна я прыдумала, праўда? — Каця засмяялася, няшчыра і злосна.

— Вярзеш абы-што, ажно слухаць брыдка, — азвалася Зося.

— Я шукаю выйсце, а ты яшчэ прыдзіраешся! Мне нічога для цябе не шкода. Ты ж адзіная родная душа ў мяне на свеце! — з пафасам прамовіла Каця.

— Ведаеш што, нешта ў нас нейкая няшчырая гаворка атрымліваецца. Я разумею, ты яшчэ жывая і здаровая. А я прыехала спадчыну шукаць. Прабач, Каця, я жадаю табе жыць доўга-доўга. А мае ўнукі дагледжаныя, накормленыя. Яны абыдуцца і без тваёй спадчыны.

— Вой-вой, пакрыўдзілася ўжо! Сядай у машыну, паедзем дамоў, — зага­дала Каця.

— Ды за што мне крыўдзіцца? Ты запрасіла, я прыехала. Пабачыліся, пагаманілі і дзякаваць богу. Пара і дамоў збірацца.

— Не выдурняйся! Мяне людзі засмяюць, калі ты так хутка паедзеш. Заўтра пойдзем па крамах, накупляем падарункаў. Яшчэ ж я табе нашу Амерыку як след не паказала.

— Рабі, што хочаш, — абыякава прамовіла Зося. — Я цяпер пад тваёй уладай.

Каця нічога не адказала. Засяроджана вяла машыну. Зося зірнула на спідометр. Ён паказваў хуткасць 80 міль у гадзіну.

— Божа, як ты ездзіш?

— А што? Дарога выдатная! А паміраць, дык з музыкаю!

9

На другі дзень Зося з Кацяй пайшлі ў супермаркет. Парыліся там гадзіны чатыры, выбіраючы падарункі Гардзею, Орасту і дзецям, знерваваліся ўшчэнт, бо тое, што выбірала Каця, зусім не падабалася Зосі. Каця абвінавачвала Зосю ў безгустоўнасці, адсталасці, абмежаванасці.

— Ну, куды табе старой бабе гэтая квяцістая цыганская сукенка? — абуралася Каця. — Да тваіх сівых валасоў падбірай што-небудзь шэранькае або блакітнае.

— Ненавіджу шэры колер, — адказвала Зося. — Адзенне павінна быць яркім, радаваць, звяртаць на сябе ўвагу.

— Ты яшчэ хочаш, каб на цябе звярталі ўвагу? У люстэрка хоць калі глядзішся?

— Гляджуся, абавязкова.

— Разумею, ты ж блізарукая, маршчын не бачыш, табе ўсё здаецца, што ты маладзіца хоць куды. Ты хоць на старасці купі акуляры ды разгледзь свет, які ён ёсць на самай справе.

— Не трэба мяне папракаць маімі недахопамі, дадзенымі ад прыроды. Не хачу я нічога купляць. Паедзем дахаты! — раздражнёна сказала Зося.

— Як хочаш, дахаты дык дахаты. У Бога дзён многа, зрабілі агледзіны. Яшчэ прыедзем днямі сюды і што-небудзь купім, — згадзілася Каця. — Зрэ­шты, я ўжо прагаладалася, пара і паабедаць.

Яны селі ў машыну і праз колькі хвілін былі дома, дзе іх з усмешкай сустрэў Дзяніс. Ён сядзеў каля дома ў крэсле-качалцы, чытаў газеты. Каля яго на траве стаялі бутэлькі з півам.

— Дзяўчаткі! Прыехалі! Натаміліся? Зося, можа, піўца са мною вып’еш? Халодненькае. Складзі кампанію! Буду ўдзячны! Сядайце, я вам тут і крэселцы вынес.

— З задавальненнем, — адказала Зося, беручы шклянку з халодным півам і наталяючы смагу.

Каця не села побач з імі і не стала піць піва, паціснула плячыма і спытала:

— Як вы можаце піць гэтае пойла? Трэба на абед нешта згатаваць.

— Я зараз займуся, — прапанавала Зося.

— Пасядзі, адпачні, паспееш з абедам, — сказаў Дзяніс Зосі. — Ты хударлявая, а мы з Кацяй сталі тлустыя, як старыя і лянівыя каты. Нам шкодна шмат есці.

Каця незадаволена хмыкнула і пайшла ў дом. Гаспадар спытаў у госці:

— Чаму нічога не купілі?

— Не змаглі нічога выбраць. Што падабаецца мне, Каці не падабаецца. Так і не прыйшлі да агульнай думкі.

— Нічога, другі раз я цябе сам завязу, ты купіш усё, што табе спадабаецца. Я заплачу, і ўсё ў нас будзе выдатна, — усміхнуўся Дзяніс, а яго касыя вочы глядзелі ў розныя бакі, хоць ён стараўся пазіраць на Зосю.