— Ты раскажы пра Кацю. Як яна там? — папрасіла Паўліна.
— Я пра яе і расказваю. Усё там ёсць: дом, дзве машыны. У доме ўсё прыгожа падабрана: мэбля, шпалеры, занавескі, а радасці няма. Ёсць толькі злосць, раздражненне, старасць і страх смерці, якая можа прыйсці ва ўсялякі момант. Каця без дайпрычыны сварыцца з Дзянісам, той крыўдзіцца, але трывае. Вось такое ў іх жыццё.
— Чаму яны не ладзяць? — здзівілася Паўліна.
— Можа, так яны звыклі жыць? Хто іх разбярэ?
— Ну, давай ужо свайго гасцінца.
Зося дастала з сумкі прыгожую квяцістую хустку, аддала Паўліне.
— Дзякую Каці, што не забылася пра мяне старую.
— Г эта не Каця, а я табе ў Маскве купіла.
— А Каця мне нічога не перадала?
— Яна абяцала табе пасылку прыслаць, — схлусіла Зося, не жадаючы расказваць пра сваю сварку з Кацяй.
— Добра, я пачакаю.
— Вядома, чакай. Ты ж ёй самая блізкая родзічка, — насмешліва заўважыла Зося.
— Ну і што з таго, што я не родзічка, а яна мяне любіць, бо разумее, што я на вас усё сваё жыццё паклала.
— Годзе вам, зараз зноў пасварыцеся, — сказаў Гардзей, схіляючыся нізка над сталом і нешта запісваючы.
Нягледзячы на тое, што ён амаль аслеп, усё ж вёў дзённік. Гэтак ён рабіў усё жыццё. Толькі запісы губляліся з-за тых жыццёвых мітрэнгаў, якія не давалі спакойна жыць. Часам ён і сам спальваў свае сшыткі, калі прадчуваў нейкую бяду. Ён запісаў: «Сёння дзень цёплы, сонечны. Восень позніцца. Вярнулася Зося і сказала, што ў Амерыцы ўсё ёсць, толькі на шчасце мала каму шанцуе. Думаю, каб быць шчаслівым, трэба нічога не жадаць».
Зося з Паўлінаю пайшлі на двор агледзець гаспадарку, а Гардзей гартаў свой дзённік. У асноўным там былі запісы пра надвор’е, пра незвычайныя з’явы прыроды. Знарок не пісаў пра сямейнікаў, баяўся нашкодзіць. За сваё жыццё натрываўся вобыскаў, калі з-за нейкае паперкі, з-за нейкага аднаго слова маглі не толькі пасадзіць у турму, але і пазбавіць жыцця.
Можа, цяпер, як ніколі, ён адчуваў, што патрэбны сям’і. У нядзелю прыязджала ўнучка. Яна разумная, адукаваная, вучыцца ў музычным вучылішчы, а раілася з ім, дзедам. Сказала, што пазнаёмілася з хлопцам, які служыць у войску. І пыталася, што рабіць? Чакаць яго ці не?
— А што табе сэрца падказвае? — спытаў Гардзей.
— Чакаць. Ён мне падабаецца, — няўпэўнена адказала Ганка.
— А мне розум кажа, што не варта чакаць. На хлопцаў асабліва спадзявацца не варта.
— А цябе ж баба Зося чакала цэлых дзесяць гадоў. Так і я, калі трэба будзе.
— Ну што ж, рабі так, каб табе было добра. Такі мой табе запавет, унучачка.
Што ён мог яшчэ сказаць ёй? Выдумала Зося прыгожую казку пра сваё каханне і расказала Ганцы. Ці ж хлусня калі каму была на карысць? І любяць жа іншыя жанчыны свае фантазіі выдаваць за праўду. Можа, гэта таму, што рэчаіснасць занадта складаная, а жыццё цяжкае, вось і выдумляюць абы-што, каб суцешыць сябе, а пасля яшчэ і дочкам ды ўнучкам небыліцы ўводзяць у вушы. Але, атручваюць маладыя душы пустымі летуценнямі пра каханне, чаканне, вернасць, адданасць. Зрэшты, калі чалавек не верыць у каханне, дык для яго яно і не існуе.
У той жа дзень пад вечар паштарка Клава прынесла на хутар газеты і страшную вестку, што п’яны Леванюк засек сякераю дачку Алену за тое, што яна ўкрала ў яго цукар і прадала, а самога яго пасля гэтага разбіў паляруш. Якраз нахапіўся старэйшы сын, выклікаў міліцыю і хуткую дапамогу, дык Алену завезлі ў морг, а старога ў бальніцу. Гардзей з Зосяю, пачуўшы гэта, насцярожана пераглянуліся. Паўліна ж сказала:
— Леванюк, кажуць, у вайну нейкага чалавека таксама сякераю забіў. Бачыце, як яно ўсё вяртаецца.
— Бог з табою, Паўліна, што ты такое супраць ночы згадваеш? — перахрысцілася Зося. — Царства нябеснае Алене, не было ёй з каго добры прыклад браць. Заблудзілася, адпакутавала, бедная.
11
Праз месяц ад Каці прыйшоў ліст, у якім яна скардзілася, што пасля ад’езду Зосі вельмі смуткавала. Страціла апетыт, калі раней важыла 152 фунты, дык цяпер толькі 135. Але апетыт пачаў патроху зноў вяртацца, бо яна збіраецца доўга жыць, каб адпомсціць сваім ворагам, а таксама не губляе надзею пабачыць яшчэ раз калі-небудзь сваіх родных. Можа, сама збярэцца і прыедзе ў Крачкі.
«Яе яшчэ тут не хапала. Прыедзе расказаць Гардзею пра сваё каханне, а заадно — усім сямейнікам пра мае дзявочыя грахі. Не будзе гэтага, — злосна падумала Зося. — Калі не здолела быць шчаслівай, дык я ёй не вінаватая. Я за сваё шчасце змагалася, жыццём рызыкавала».