Зося перастала адказваць на Каціны лісты, прасіла зрабіць гэта ўнучку або Ораста. А тыя, карыстаючыся добраю нагодаю, выпрошвалі ў амерыканскай цёткі, хто што хацеў. І тая, каб загладзіць віну, старалася дагадзіць ненавісным родзічам. Зося толькі смяялася ў душы з гэтых сястрыных выбрыкаў. А з другога боку і радавалася, што ў сына з’явілася машына, купленая за грошы, якія Каця выслала ўпотай ад свайго мужа. Ораст апошнім часам зноў стаў захапляцца гарэлкаю, можа, дзякуючы машыне, перастане піць.
У адным з лістоў Каця напісала, што Дзяніс зусім састарыўся. Увесь час нешта гаворыць або спявае. Гэта ёй страшэнна абрыдла слухаць, яна гатова кінуць усё і бегчы ў свет. А яшчэ празрыста намякнула, што марыць пабачыць усіх Рахубаў, шкада толькі, што Зося больш не хоча з ёю сустракацца. «Ні табе, ні мне не выпала шчасце, Зо. Каго вінаваціць? Такі лёс. Чым даўжэй тут жыву, тым больш адчуваю адзіноту. Такі мой лёс — жыць сярод чужых людзей, — скардзілася Каця, разлічваючы выклікаць спагаду. — Як бы я хацела перадаць Ганцы ўсе мае бранзалеткі ды пярсцёнкі».
Зося дні тры хадзіла і помсліва думала: «Не дачакаецца, сюды яе не запрашу. Бачыш ты, надумала каханне шукаць на старасці. Гардзей ужо ледзьве па двары сноўдаецца, а яна, можа, думае, што ён з ёю яшчэ спаць здолее?»
Малодшая сястра і на гэты ліст не дала адказу. Бабулі Каці, як звычайна, напісала ліст унучка Ганка, расказала пра дамашнія навіны, што ацялілася карова, цяпер будзе сваё малако, што ёй падабаецца ездзіць з татам на машыне, што яна добра вучыцца, а замуж не спяшаецца.
У адказ Ганка атрымала ліст, адрасаваны асабіста ёй. Амерыканская бабуля раіла не глядзець на прыгожыя твары, а шукаць чалавека здаровага, сардэчнага і працалюбівага. Замужжа часта нагадвае гульню ў карты, некаму шанцуе, а некаму не надта. Крый божа, захапляцца п’янствам. Ад гэтага нараджаюцца хворыя дзеці. А яшчэ Каця з жалем паведамляла, што яе жыццё ідзе на зыход, і яна сабе ўжо нічога не жадае, акрамя спакою.
Больш амерыканка не напрошвалася ў госці, мусіць, і сама ўжо прыкметна пастарэла. Праз некалькі гадоў коратка паведаміла, што ад старасці памёр Дзяніс. Цяпер яна, пасылаючы пасылку, кожны раз падкрэслівала, якую частку пенсіі патраціла на падарункі.
Зося па-ранейшаму была непрыступная і грэбавала Кацінымі падачкамі, ды і не да таго ёй было. Гады міналі хутка. Падрос Радзік. Быў ён нервовы і хваравіты, так што хлопца нават у войска не ўзялі. Ён захапіўся маляваннем, прадаваў карціны. Ганка скончыла музычнае вучылішча, яе накіравалі на працу настаўніцай спеваў у глухую палескую вёску, дзе не было моладзі. А дзяўчына ж мусіла неяк уладкоўваць сваё жыццё. Зося лічыла сябе вінаватай у тым, што ўнучцы не шчасціць. Яна хацела наведаць Кіева-Пячорскую лаўру, каб замаліць свае грахі з-за тых сваіх ненароджаных дзяцей, якіх яна вытруціла ў маладосці. Але не магла паехаць, бо Гардзей зусім аслаб, ён цяжка дыхаў, часта кашляў, яго даймала астма, апухалі ногі. Ён мала хадзіў, больш ляжаў у ложку за печчу, нешта думаў, часам рабіў нейкія запісы. З-за таго, што ў хаце часта было шумна і тлумна, калі прыязджаў сын з нявесткаю ды ўнукі, запісы Гардзеевы часта губляліся. Знайсці іх пры ягонай слепаце было цяжка. Таму ён апошнім часам заўсёды насіў з сабою ў кішэні маленькі нататнічак у цвёрдай зялёнай вокладцы.
Чэрвень 1970 г.
У красавіку і маі вельмі часта ішлі дажджы. У нізінах стаяла вада. Толькі ў пачатку ліпеня надвор’е палепшылася і пачалася спякота. Так Усявышні ўраўнаважвае холад і цяпло, вільгаць і сухасць.
4 жніўня.
Разважаў пра прыродныя катаклізмы: паводку ў Румыніі, бураны ў Польшчы, землятрус у Перу. У ХХ стагоддзі шмат было падзей, якія нагадвалі Божую кару. Але мне здаецца, што ва ўсіх сваіх бедах вінаватыя людзі, а Бог літасцівы і справядлівы.
6 жніўня.
Апоўдні падаў буйны град, у дыяметры будзе з капеечную манету. Вельмі цвёрды і цяжкі. Прырода хавае свае таямніцы. Зноў падумаў пра багацці, якія ўтвараюцца ў целе Зямлі ў выніку нікому, акрамя Бога, невядомых працэсаў.
14—15 верасня было сонечнае надвор’е. Ноччу 16 верасня здарылася моцная навальніца. Наступны дзень быў пахмурны.
1 студзеня 1971 года.
Восень выдалася вельмі дажджлівая, аднак адразу пасля Новага года ўсталявалася добрае надвор’е: невялічкі мароз, сонечныя дні, зямля акрытая снегам. 8 студзеня наведаўся ў царкву, адзначыў свята Нараджэння Хрыстовага. Вернікаў было мала, у асноўным старыя людзі, з моладзі — нікога. Разважаў пра прычыну адыходу людзей ад веры ў Бога. Лічу, што галоўная прычына ў атэізме, а таксама — у п’янстве, курэнні, распусце. На маю думку, без веры ў Бога немагчыма пабудаваць дасканалае грамадства — камунізм, пра які ў нас шмат кажуць. Рэлігія сваімі запаветамі можа паказаць чалавеку праведны шлях. Як адзначае Святое пісанне, вера без справы мёртвая, а справа без веры таксама мёртвая.