Выбрать главу

1 мая. Субота.

Прырода стварае рай на зямлі, а людзі сваімі дзеяннямі — пекла. Згадаліся словы з Евангелля: «Ясны шлях і ісціна. Няма іншага шляху, акрамя мяне».

2 жніўня.

Усё лета гарачае, без дажджу. Сёння Ілля. Быў у саборы ў Берасці. Шмат людзей сабралася. Усе, і я разам з імі, маліліся, каб Гасподзь паслаў дождж. Але нічога не вымалілі. Значыць, не будзе яго яшчэ дзён дваццаць, на тое Божая воля.

9 жніўня.

Пасля доўгай засухі нарэшце ноччу пайшоў дождж з ветрам з паўночнага боку і дастаткова прамачыў зямлю. Будзе атава. Слава Усявышняму.

30 чэрвеня 1972 г.

Сёння снілася, што я звяртаўся да людзей, заклікаў іх верыць у Бога. Мяне слухалі ўважліва.

Сёння ж была моцная навальніца, якая паклала і пакруціла густое жыта і ячмень. Не варта сеяць збожжа густа.

29 красавіка 1973 г.

Пад раніцу прысніў вялізную зорку, якая праляцела маланкай і звалілася з неба.

Сёння пасеялі ячмень. У пачатку мая трэба пасадзіць ружовую бульбу.

11 жніўня 1974 г.

Учора папярэдзіў калгаснага брыгадзіра, каб у нядзелю не працавалі, бо сапсуюць надвор’е, аднак ён мяне не паслухаў. Людзі выйшлі на працу. Апоўдні паднялася бура з дажджом і прагнала ўсіх з поля. У святы дзень працаваць нельга.

2 лютага 1976 г.

Бачыў у сне незнаёмую дзяўчыну, якую пацалаваў, нешта сказаў ёй, і прачнуўся. Здалося, што душы нашы вельмі блізкія, хоць мы ніколі не сустракаліся ў жыцці. Адкуль яна, ці не з таго свету? Тое, што я шукаў, чаго прагнуў і называў воляю, зараз знаходжу ў спакоі маёй хаты без сяней, якая стаіць на хутары ў садку, не агароджаным ніякім плотам. Так і душа мая застаецца адкрытаю свету, нягледзячы на слепату, а сны мае яскравыя і каляровыя. Нават пазбаўлены зроку, я разумею і адчуваю людзей значна лепш, чым некалі ў маладосці.

20 снежня.

Думаў пра веру хрысціянскую; пра розныя рэлігійныя звычаі сярод хрысціян. Якая мудрасць у гэтай разнастайнасці? Ці не таму, што пакутуем ад недахопу духоўнай сілы, прагнем наталіць галодную душу нечым невымоўным, шукаем і ствараем новыя рэлігіі?

Сёння з самага ранку сонечнае з невялікім марозам надвор’е.

1977 г.

3 новага года нічога не запісваў. 5 кастрычніка слухаў навіны па радыё і непрыкметна заснуў. Прысніў царкву ў вясновым яблыневым садзе. Уся царква была ў кветках. Калі прачнуўся, было 6 гадзін раніцы.

28 лістапада.

Слухаў у апошніх паведамленнях, што краіны ўзбройваюцца, палітыкі запэўніваюць: рыхтуюцца да абароны, але ж, пэўна, да вайны. Гісторыя чалавецтва перанасычана войнамі, па сутнасці — гэта шэраг злачынстваў. Што ж, гісторыя мае сэнс толькі таму, што асобныя яе падзеі маюць канец, інакш яна была б бессэнсоўная.

Гэта быў апошні запіс. Гардзей памёр на Піліпаўку ад прыступу астмы. Толькі пасля гэтага Зося зноў пачала перапісвацца з сястрою, бо цяпер не было з-за каго варагаваць. Чалавек, якога яны абедзве кахалі, чакаў іх у лепшым свеце. Каця перажыла Гардзея ўсяго на год. Напісала, што рыхтуе завяшчанне на пляменніка Ораста, як толькі дакументы будуць гатовыя, адразу дашле. Аднак больш ад яе лістоў не было. А неўзабаве Зося атрымала кароткае паведамленне з Амерыкі, што Кацярына Кірылаўна памерла, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць у спадчыну Эні.

ЭПІЛОГ

Гардзеева гіпотэза, выказаныя ім у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў ХХ стагоддзя, пра тое, што каменны вугаль, нафта, прыродны газ і іншыя выкапні маюць хімічную, а не біялагічную прыроду, была пацверджана некаторымі навукоўцамі праз паўсотні гадоў, у 2006 годзе, калі з даўно выпрацаванага радовішча нафты каля Казані забіў новы фантан. Праўда, маскоўскія акадэмікі і на гэты раз успрынялі сенсацыйную заяву вельмі стрымана.

Аднак навуковая думка не стаіць на месцы. Вядомы расійскі геафізік Яўген Баркоўскі цяпер даследуе працэсы, якія адбываюцца ўсярэдзіне нашай планеты, і прыходзіць да высновы, што Зямля — гэта вялізны рэактар, дзе праходзяць розныя фізічныя і хімічныя працэсы, у выніку чаго ўтвараюцца газы, сілікаты, металы, вада. І гіпотэза яго мае шмат агульнага з той, якую выказаў Гардзей, ці, дакладней, прататып гэтага персанажа.