Выбрать главу

— Зося.

— Выдатна, Зоф’я — азначае мудрая...

Пан Падгурскі адкаркаваў пляшку, напоўніў чаркі, сказаў тост:

— Каб нам заўсёды гэтак удала ездзілася.

Зося пакаштавала напой. Віно было духмянае і салодкае.

— Пі, Зося, і закусвай... Не саромейся.

Пілося лёгка, елася з апетытам. Аканом адкаркаваў яшчэ адну пляшку, весела падміргнуў дзяўчыне:

— Хто добра працуе, той мусіць добра есці.

— Сёння для пана не працоўны дзень, а святочны, — засмяялася Зося.

— Што праўда, то праўда. Свята трэба каваць сваімі рукамі. Ты такая малайчына, дай я цябе хоць пацалую за тваю кемлівасць.

Пан Падгурскі цмокнуў Зосю ў шчаку, крэкнуў і сказаў:

— Якая ты салодкая, быццам цукерку праглынуў.

— Вы і прыдумаеце, пан Падгурскі, — засмяялася Зося, ад віна ёй зрабілася весела.

— А цяпер ты мяне пацалуй, — пан Падгурскі падставіў шчаку.

Зося гатовая была не раз, а і дзесяць разоў пацалаваць аканома за той падарунак, які ён ёй зрабіў. Між тым Падгурскі падліваў Зосі чарку за чаркаю салодкае пітво. Яна не заўважыла, як захмялела. Галава закружылася, яна прылегла на апалую лістоту, удыхнула сыры пах зямлі.

— Адпачні, адпачні... І я з табою — побач.

Падгурскі лёг побач з Зосяй, пачаў цалаваць, а ў яе не было сілы нават рукою варухнуць. Свавольныя аканомавы рукі гладзілі яе, лашчылі, абдымалі.

— Годзе вам, пан Падгурскі. Нечым вы мяне напаілі, што я быццам калода стала, нават язык не слухаецца. — знясілена прамармытала дзяўчына.

— Ах, Зоська, Зоська. Старасць шмат хоча, ды мала можа.

Аканом адпоўз ад Зосі, абаперся спіною аб дрэва, цяжка дыхаў.

— Вось халера. Думаў паспрабую яшчэ раз. Мо з маладою атрымаецца. Ні віно піць, ні паненак любіць. Усё мінула.

Аддыхаўшыся, пан Падгурскі сабраў посцілку, дапамог Зосі ўскараскацца ў брычку, пагнаў каня, нешта мармычучы сабе пад нос. Зося задрамала. Пакуль ехалі, хмель выветрыўся. Ужо ў прыцемку з’явілася Зося перад наймічкамі, вясёлая і ўбраная ў новыя строі, чым выклікала нездаволенасць і зайздрасць. Дзяўчаты пачалі паміж сабою пераміргвацца і з’едліва пасміхацца.

— Чым гэта ты прываражыла аканома? — здзекліва спытала Ульяна са Здзітава.

— А каго ён мог выбраць, мо цябе, непісьменную, у андараку? — злосна адказала Зося і пайшла да свайго ложка, распранулася і легла спаць.

— Раскажы хоць, што бачыла ў горадзе? — папрасіла Гэля.

— Нічога не бачыла, — адказала Зося, не маючы жадання дзяліцца ўражаннямі.

— А за што строі купіла? — дапытвалася Ульяна.

— Зарабіла і купіла.

— Не цяжка здагадацца пра твае заробкі.

— Здагадвайся, калі няма чаго рабіць.

Зося і сама яшчэ не ўсвядоміла, якая прыгода з ёю здарылася, але ніякага граху за сабою не адчувала. Ну, пацалаваў яе колькі разоў па-бацькоўску пан Падгурскі. Дык што з таго? Чалавек ён прыемны, і добра да яе паставіўся. Можа, упершыню за ўвесь час, пакуль жыла ў маёнтку Стараволя, яна хутка і лёгка заснула, быццам адступілася ад яе адчуванне віны, якое яна насіла ў сваёй душы. Маладосць жадала вясёлага і разняволенага жыцця. Цяпер Зося не сумнявалася, што абавязкова аднойчы сустрэне сваё шчасце, для гэтага ў яе, дзякуючы добраму пану Падгурскаму, нават новыя строі з’явіліся.

12

Па вяртанні са Стараволі Зося звыкла ўцягнулася ў бясконцы калаўрот сялянскай працы на полі і сенажаці, у хаце і хляве. За два гады яна выкруглілася ў стройную дзяўчыну, прыкметна вылучалася ў гурце дзяўчат. Бацька і Каця былі задаволены яе заробкам. Аканом пан Падгурскі разлічыўся з наймітамі збожжам і паклапаціўся, каб яно было завезена на чыгуначную станцыю і таварным вагонам адпраўлена ў Жабінку. Кірыла прадаў збожжа габрэю-скупшчыку. Грошай хапіла на тое, каб купіць каня і яшчэ заставалася невялікая рэшта на хатні абыходак. Мець свайго каня ў гаспадарцы — спра­ва вялікая. У вёсцы без каня ты не гаспадар, не чалавек. Безумоўна, Кірылу падтрымліваў брат Карп, даваў свайго каня, калі трэба было пераараць поле, пасадзіць бульбу, але не тады, калі трэба было Кірылу, а калі конь быў вольны. А яшчэ за гэта трэба было адпрацоўваць. Што можа ведаць чалавек пра наступны свой лёс? Хіба думаў Кірыла, што аднойчы яму давядзецца страціць усё і з пустой калітой ставіць на ногі гаспадарку? Некалі ягоны бацька і сямёра іншых гаспадароў купілі зямлю ў старога бяздзетнага пана. Перасяленцы, ці «купчыкі», як іх сталі называць тутэйшыя людзі, заснавалі паселішча з некалькіх хутароў каля вёскі Крачкі. Зямлі ў бацькі было даволі, але ж ён меў пяцёра сыноў. Як хлопцы выраслі ды пачалі жаніцца, давялося дзяліць патроху зямлю і аддаваць ва ўладанне сынам. Атрымалася так, што адзін Кірылаў брат памёр маладым ад сухотаў, другі загінуў на вайне, трэці — Серафімаў бацька, быў сасланы ў Сібір на катаргу за забойства. Ці жывы? Невядома. Гэта была даўняя гісторыя. Сяляне з Крачкаў узненавідзелі «купчыкаў», бо былі перакананыя, што зямля, якую купілі прыхадні, пасля смерці пана дасталася б ім. Яны, як маглі, шкодзілі прыезджым гаспадарам, кралі плугі і бароны, заганялі свой статак на хутаранскую рунь, а аднойчы ноччу нехта падпаліў хату Марціна, старэйшага брата Кірылы. Марцін паспеў вынесці з агню малога сына Серафіма, а жонка задыхнулася дымам і згарэла. Каб адпомсціць за падпал, «купчыкі» падпільнавалі гурт крачкаўцаў, калі тыя вярталіся з сенакосу міма хутароў, і пачалі біць. Аднаму мужыку прабілі каменем галаву, у хуткім часе ён памёр. Смяротна параніў чалавека Карп, але яму на той час было толькі пятнаццаць гадоў, маці ўпрасіла старэйшага сына Марціна, каб ён узяў віну на сябе. Марціна асудзілі на катаржныя работы ў Сібіры. Ягоны сын Серафім гадаваўся спачатку ў дзеда з бабаю, а пасля іхняй смерці — пры дзядзьках, спачатку — у Карпа, а цяпер — у Кірылы.