Выбрать главу

Маркевіч, чытаючы заключныя лозунгі, узмахваў кулаком, нібы некаму пагражаў. Ягоныя хаўруснікі паўтаралі за ім слова «далоў»!

Гардзей падышоў да Маркевіча, заглянуў у паперку, убачыў, што гэта была лістоўка, і сказаў:

— Ты адзін тут пісьменны? Мы таксама ўмеем чытаць. І разабрацца, што да чаго.

— Чытай, — падаў яму паперку Маркевіч.

З натоўпу выйшаў Іван Валошчык, зацікаўлена спытаў:

— На паперы напісана гладка, але ж тое быццам не пра нас. Ты скажы, што нам рабіць?

— Толькі паспрабуй дзейнічаць супраць улады — адразу суд, турма, або расстрэл! — сказаў Гардзей. — Ты ж толькі што чуў.

— Усіх у турму не паперасаджваюць, — заўважыў Маркевіч. — Мы павінны змагацца так, як народы СССР, і дамагчыся перамогі!

— Гэта ўсё агульныя словы, — расчаравана сказаў Іван Валошчык. — Ты скажы, што я павінен зрабіць сёння, зараз?

Маркевіч адкінуў пасму валасоў, якая ўпала на лоб, і заявіў:

— Тое, што і іншыя: не плаціць падаткі, патрабаваць для сваіх дзяцей беларускую школу, шукаць аднадумцаў. Калі ты думаеш так, як я, прыходзь у Сцяблова да мяне дахаты, пагутарым. Бачыш, я не баюся, што здадуць мяне дэфензіве, бо ўсе мы пакутуем ад польскага прыгнёту, гэта наша агульная бяда. Але ў нас ёсць агульная мара — жыць лепш. На яе нам і варта працаваць усім разам.

— Зразумела, — адказаў Іван. — Трэба падумаць...

— Гарманіст, урэж польку, каб ажно хата заскакала! Эх, і прыгожыя ў вас дзяўчаты! — крыкнуў Маркевіч, падхапіў Марфу і закружыўся з ёю.

Гардзей абдумваў пачутае. Ваяваць з дзяржаваю — справа апошняя. Але ж калі ў сейме ёсць камуністычная фракцыя, дык змагацца за свае правы можна і законным шляхам, праз выбары сваіх дэпутатаў. Гэты шлях яму падабаўся. Зрэшты, ён і сам не адмовіўся б пахадзіць у дэпутатах сейма. «А гэты Маркевіч паразумнеў, нездарма ж кажуць, што праца ператварыла малпу ў чалавека» — з’едліва падумаў Гардзей. Яго сапраўды ўразіла змена ў былым аднакласніку. Той быццам і ростам стаў вышэйшы, больш паважны і ўпэўнены ў сабе.

Пасля танца Марфа вярнулася да Гардзея, абмахваючыся хусткаю.

— Растрэслася, — пасміхнуўся ён.

— Раўнуеш, ці што? — спытала яна, напускаючы на твар пакрыўджанасць.

— Каб раўнаваць, трэба кахаць...

— Гардзей, чаму ты такі жорсткі?

— Я справядлівы. На сцяблоўскіх дзевак не кідаюся.

— Сам нядаўна каля Кірылавых дачок аціраўся.

— Яны хоць і з хутара, але ж крачкаўскія, нашы... Ідзі яшчэ паскачы з Маркевічам. Нешта ён без цябе засумаваў.

— Дурненькі ты мой, апранайся, пойдзем, пакуль маці на печы задрамала. Я чакаю цябе ў клуні, — горача прашаптала Марфа.

Яна зняла з крука кажушок, што вісеў каля дзвярэй, і выслізнула з хаты, кінуўшы на Гардзея позірк, які клікаў і абяцаў асалоду. Гэты позірк трапятаннем і напружанасцю працяў Гардзеева цела. Ён, не апранаючыся, выйшаў услед за Марфаю.

14

Гардзей не быў фантазёрам або адчайным і безразважным юнаком, які гатовы быў голымі рукамі змагацца за вызваленне сваёй зямлі ад палякаў. Лічыў, што можна паспрабаваць нечага дамагчыся ад улады гуртам, выкарыстаўшы пэўныя законы. Чаму адукаваная меншасць кіруе, як хоча, непісьменнымі сялянамі? Бальшавіцкія ідэі прываблівалі па-свойму і яго. Сярод сялян таксама ж ёсць людзі з галавой, дай ім толькі магчымасць выявіць сябе. Да ліку тых, хто мае галаву на плячах, адносіў Гардзей і сябе. Ён падлеткам застаўся круглым сіратою, са старэйшаю сястрою Паўлінаю вёў гаспадарку і гадаваў малодшых сясцёр. Працуючы на зямлі, цяжка выкараскацца з галечы, таму ён час ад часу знаходзіў працу ў Берасці. З зарабку плаціў падаткі і набываў патрэбнае гаспадарчае начынне. Там жа, у Берасці, ён пазнаёміўся з гандлярамі-габрэямі, якім збываў збожжа, лён і бульбу па больш выгадным кошце, чым той, які прапаноўвалі скупшчыкі. Сам скупляў у аднавяскоўцаў збожжа і бычкоў, перапрадаваў габрэям. І меў ад гэтага добрую капейку. Такім чынам, нягледзячы на сваю маладосць і сіроцтва, Гардзей лічыўся ў вёсцы разумным і моцным гаспадаром. Але хацелася большага ад жыцця. Шкадаваў, што не меў добрай адукацыі, скончыў толькі пачатковую школу. Тады настаўнік сказаў ягонаму бацьку, што навучыў сына ўсяму, што сам ведаў, а больш нічога яму даць не можа. Аднак Гардзей працягваў цікавіцца навукаю. Па-першае, перачытаў усе чатырыста дваццаць пяць кніжак, якія былі ў школьнай бібліятэцы, па-другое, купіў у тутэйшага бацюшкі за гусака Біблію і вывучаў яе паціху кожную вольную хвіліну. Перад ім разгортвалася жыццё старажытных людзей. Іхнія ўладары таксама далёка не заўсёды былі справядлівыя да сваіх падданых, але ў пакутах і аблудах нараджалася ў душах людзей разуменне справядлівасці, сумленнасці і маральнасці. Гардзей усведамляў, што немагчыма пражыць жыццё і не спатыкнуцца, вельмі яму не хацелася быць апошнім у гэтым жыцці і цягнуць сваю долю бязрадасна, як той конь цягне цяжкі воз. Сэрца жадала свята, перамог, нейкіх незвычайных падзей, якія б наталялі душу святлом і радасцю. Не можа таго быць, каб чалавек нараджаўся толькі для беспрасветнай працы і рэдкіх святаў.