У нядзелю пад вечар Гардзей сабраўся ў Сцяблова, дзе меў намер сустрэцца з Захарам Маркевічам. Трымаўся добры марозчык, які бадзёрыў і падганяў хлопца. Ды і няблага было ісці маладым нагам па дарозе, адпаліраванай палазамі саней. Яшчэ і сонца не схавалася за лесам, а на небе ўжо выкруглілася поўня. Вісела яна празрыстая, як лядзяш у палонцы. Гардзей узіраўся ў яе таямнічае аблічча і вельмі ж хацелася дазнацца, як утварылася яна, як з’явіўся гэты свет. Чытаў ён астраномію, але не надта верыў навукоўцам. Усё, што там пісалася, было толькі здагадкамі. Ён быў перакананы, што чалавечы розум занадта абмежаваны, таму і не можа спасцігнуць Боскае таямніцы стварэння свету. Аднак была надзея, што аднойчы менавіта яму адкрыецца гэтая недасяжная ісціна.
Ужо змерклася, калі Гардзей увайшоў у хату да Захара Маркевіча. Гаспадар падняўся з-за стала, пайшоў насустрач госцю з працягнутай рукой, прамаўляючы:
— Малайчына, што прыйшоў.
— Як жа было мне не прыйсці?
— Болей яго слухай, — пачуўся з печы жаночы голас. — Ён табе нарасказвае тры бочкі арыштантаў.
— Годзе, маці, бурчаць, — незадаволена азваўся Захар.
— Табе хоць бурчы, хоць маўчы, хоць кол на галаве чашы — усё адно. У бацьку ўдаўся, такі ж упарты. А што ён меў з тае ўпартасці? Толькі здароўе страціў і пайшоў на той свет без пары.
— Маці, я прашу цябе, — настойліва і выразна сказаў сын.
Жанчына забожкала, уздыхнула і змоўкла.
— Сядай, адпачні з дарогі. Мо галодны?
— Не, дзякую. Сыты я. Яшчэ і цябе пачастую.
Гардзей высыпаў на стол жменю семак. Падышоў да печы, каб пачаставаць гаспадыню. Захар тым часам распаліў газніцу. У хаце стала ўтульна і светла.
— Дзякую, шкада, што няма чым есці, — сказала жанчына.
— Унукаў пачастуеце.
— Хіба толькі...
Жанчына працягнула руку, і Гардзей, усыпаўшы ёй у жменю семак, сеў на лаву.
— Чаму не прывёў з сабою яшчэ каго з надзейных хлопцаў? — спытаў Захар.
— Іншым разам прыйду з хлопцамі, а пакуль мо пазнаёміш мяне з вашымі дзеўкамі.
— Ажаніцца хочаш?
— Пакуль толькі агляд раблю. Калі служыў у Варшаве, нагледзеўся там розных паненак, што тут няма на чым і воку адпачыць.
— Гарадскія — распусныя, лёгка ў вочы западаюць, умеюць сябе паказаць, тым і прывабліваюць нас. А вясковыя сціплыя, сарамлівыя, таму цяжка іх разгледзець за хустачкамі ды фартушкамі.
— Можа, і твая праўда. Але ж хочацца такую ўзяць, каб усё жыццё на яе глядзець і не нагледзецца.
— Так не бывае, — сказаў Захар. — Усе людзі старэюць, каханыя — на жаль, таксама. Добра, пойдзем на вячоркі...
Захар ускінуў на плечы світу, і яны выйшлі ў настылы марозны вечар. Каля весніц спыніліся. Гаспадар дастаў капшук, прапанаваў пакаштаваць самасаду.
— Дзякую, не куру, — адмовіўся Гардзей. — Прачытаў аднойчы, што курэнне шкодзіць здароўю.
— А мне падабаецца, супакойвае.
Захар скруціў цыгарку, прыкурыў.
— Я зразумеў, што ты хочаш далучыцца да нашай барацьбы? — спытаў раптам, без усялякай падрыхтоўкі.
— Хачу паспрабаваць. Не ведаю, ці здатны я на такія ахвяры.
— А чаго ты чакаеш у выніку?
— Вядома, перамогі. Можа, не надта вялікай, але ж нечага, думаю, можна дамагчыся.
— Чаго, напрыклад? — зацікаўлена спытаў Захар.
— Мяне не задавальняе, што войтам выбіраюць каторы раз запар асадніка Юзафа Бялецкага. Я думаю, а чаму не мяне?
— Сапраўды, чаму не цябе? — засмяяўся Захар.
Гардзея нядобра ўкалоў Захараў смех. Ён нават хацеў спыніць на гэтым гаворку, аднак вырашыў перш высветліць, чым жа ён насмяшыў Маркевіча.
— Не крыўдуй, — ляпнуў яго па плячы Захар. — Смяюся я ад радасці, што ёсць у нас хлопцы, якія маюць гонар і гатовыя змагацца за свае правы. Я пастараюся зрабіць усё для таго, каб ты стаў войтам нашага павета. Дам табе рэкамендацыю для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі, а калі праверым цябе як след на справе, прымем у партыю бальшавікоў. Ты пакуль падбірай надзейных хлопцаў, каб стварыць у Крачках камсамольскую ячэйку.