— Як павесяліліся?
— Нічога, — адказаў Яўсей, — але дзевак не хапіла. А ты дзе быў, што Якуб тваю Марфу павёў у клуню?
— Якраз яе і рыхтаваў, каб яна да яго пайшла, — Гардзей бестурботна засмяяўся.
— І не шкода табе было?
— Хопіць на наш век дзевак, Яўсей. Вунь колькі маладых прыгажунь падрастае?
— Маладых трэба вучыць, а старэйшыя ўжо навучаныя, — заўважыў Марк.
— Скрозь ты рахубу шукаеш! — заўважыў Гардзей.
— Ты ад роду ўжо ёсць Рахуба, — хмыкнуў Марк, нагадваючы Гардзею ягонае прозвішча.
— Мо нам падацца да камуністаў? Абяцаюць рай яшчэ на гэтым свеце? — спытаў Гардзей.
— Мне б зямлі дзесяцін сто, — сказаў Марк, — я б сабе сам рай на зямлі зладзіў. А тут сястра замуж сабралася. Давядзецца дзяліцца.
— Зямля — гэта ўсё, — уздыхнуў Яўсей.
— Памыляецеся! Усё — гэта ўлада, — адказаў Гардзей.
— Маркевіча наслухаўся? — спытаў Марк. — Пустабрэх ён!
— Ты думай не пра яго, а пра тых, хто за ім стаіць. А раптам саветы сапраўды насунуцца?.. — адказаў Гардзей.
Хлопцы задумаліся. Кожны з іх, нягледзячы на маладосць, адчуваў сябе сталым гаспадаром, бо з ранняга маленства быў далучаны да працы, ведаў яе і смак, і цяжар. Усялякае жыццёвае рашэнне прымалася імі ўзважана, з вялікай адказнасцю, пасля доўгага роздуму.
— Дык як наконт камункі? — яшчэ раз спытаў Гардзей.
— Ідзі ты першы, а мы паглядзім. Як заўважым, што разбагацеў, дык і кінемся ў гэты вір за табою, — адказаў Марк.
— Э, не, даражэнькія, камунка пераборлівая, яна слабакоў не прымае.
— Мусіць, я пайду... Мне губляць няма чаго. Зямлі як кот наплакаў... — сказаў Яўсей.
— Падумай і зайдзі да мяне, абмяркуем. Мо разам да чаго дадумаемся. Дабранач! — развітаўся Гардзей і завярнуў у свой двор.
16
Вясна ўпарта стукалася ў цвёрды снежны покрыў сонечнымі промнямі, як у шкарлупіну яйка. За дзень снег прыкметна раставаў, наздраваты і ашэрхлы, шаргацеў пад нагамі, нават вецер дзьмуў па-вясноваму цёплы. І гэта была не проста адліга, набліжаўся сакавік — першы вясновы месяц, калі гаспадар мусіў агледзець усё начынне: плуг, воз, барану, вупраж, каб быць гатовым да сяўбы. Праўда, па начах яшчэ прыпякаў мароз, і неба на захадзе было чырвонае і чыстае. Так думаў Гардзей, ідучы да Маркевіча. Ужо прыкметна змерклася. У крайніх сцяблоўскіх хатах запаліліся кволыя агеньчыкі. Вёска сцішана рыхтавалася да адпачынку, толькі гаманлівая дзятва каля абмерзлага калодзежа наладзіла сабе коўзанку. Хто на санках, хто на адным самаробным драўляным каньку сшурваліся з ледзянога ўзгорачка, шчабяталі, смяяліся.
Каля Маркевічавых варот Гардзея сустрэлі два незнаёмыя хлопцы, павіталіся, прапанавалі махоркі. Крачкавец адмовіўся.
— Ты да Захара? — спытаў адзін. — Пачакай трохі. Цябе паклічуць.
— Якія навіны ў Сцяблове?
— Ніякіх. А што ў вашых Крачках?
— Таксама нічога, — адказаў Гардзей.
Гаворка не ладзілася. Хлопцы памаўчалі, патапталіся на месцы. Потым адзін сказаў:
— Пайду спытаю.
Ён пайшоў у хату, неяк дзіўна шырока ставячы ногі і выцягнуўшы ўперад шыю, як гусак. Гардзей правёў яго позіркам, думаючы, што ёсць жа такія няўклюды.
Хлопец праз хвіліну вярнуўся, запрасіў Гардзея ў хату. У пакоі было моцна накурана, чалавек сем хлопцаў сядзела вакол стала і пра нешта гутарылі. Калі Маркевіч сказаў, што прыйшоў новы кандыдат у камсамольцы, усе павярнуліся да крачкаўца.
— Мой узрост дазваляе стаць адразу камуністам, — усміхнуўся Гардзей.
— Не, спачатку трэба праверыць цябе на камсамольскай працы, — сказаў незнаёмы мужчына ў шэрым гарнітуры.
Гардзей здагадаўся, што гэта нейкі падпольны бальшавіцкі начальнік. Маркевіч паглядзеў на Гардзея з прыязнасцю:
— Рэкамендую кандыдатуру Рахубы Гардзея для ўступлення ў Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. Чалавек надзейны. Ведаю яго даўно, разам вучыліся ў школе. Палітыку Савецкай дзяржавы і Камуністычнай партыі разумее правільна, не злоўжывае алкаголем, не курыць, таварыскі, устойлівы і стрыманы. Гатовы змагацца за шчасце беларускага народа, за вызваленне яго ад польскай акупацыі і за ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі.
— Ці здолееш ты адмовіцца ад уласнай зямлі, калі гэтага запатрабуе Камуністычная партыя бальшавікоў? — спытаў незнаёмец у Гардзея, упіваючыся ў хлопца жорсткім позіркам.
— Зямля — гэта сродак майго існавання, яна дае мне хлеб надзённы. Калі ў мяне з’явіцца іншая крыніца грошай, дык я з задавальненнем адмоўлюся, — Гардзей шырока ўсміхнуўся і дадаў: — Прызнаюся шчыра, што з радасцю памяняў бы сваю пасаду селяніна на пасаду сеймавага дэпутата ці нават самога Пілсудскага.