Выбрать главу

— Ты, брат, і замахнуўся, — ніякавата хітнуў галавою Маркевіч.

Прысутныя зарагаталі.

— Свядомасць пралетарская, — задаволена адзначыў падпольны началь­на, як ахрысціў яго Гардзей. — Думаю, варта прыняць.

— Гардзея Рахубу, — падказаў Маркевіч.

— Так, Гардзея Рахубу ў шэрагі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, — сказаў «начальнік» і працягнуў Гардзею лісток паперы. — Прачытай уголас клятву.

Гардзей узяў жаўтаватую памятую паперу, відаць, шмат ношаную ў кішэні, пачаў чытаць урачыстым голасам, як таго патрабавалі абставіны:

— Я, сын прыгнечанага народа, добраахвотна ўступаю ў шэрагі Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі, клянуся да канца жыцця змагацца супраць капіталістаў і памешчыкаў за Савецкую ўладу ў Польшчы, за ўз’яднанне Заходняй і Савецкай Беларусі. Ад цяперашняга моманту лічу камсамол сваёй роднай сям’ёй, а камсамольскія справы — крэўнаю справаю.

Апошнія словы трохі збянтэжылі Гардзея. Што за сямейнікі, якіх ніколі не бачыў? А іх набіраецца цэлы саюз! Аднак ён нічога не сказаў, толькі на момант адарваў ад паперы вочы, паглядзеў на прысутных і стаў чытаць далей:

— Абяцаю дакладна выконваць ускладзеныя на мяне задачы на карысць камсамола, а ўсе таямніцы трымаць у строгім сакрэце. Калі давядзецца аддаць жыццё за справу КПЗБ і камсамола, не просячы ў ворагаў літасці, забяру тайны падполля з сабою ў магілу.

У галаве Гардзея прамільгнула з’едлівая думка: «Добра, што яшчэ на крыві не прымушаюць клясціся. Гэта ж я сябе прадаю на ўсё астатняе жыццё! Вось уліп!»

— Заўсёды і скрозь, не шкадуючы сілы, а калі трэба, — і жыцця, абараняць Савецкі Саюз — радзіму прыгнечаных. Усялякая здрада КПЗБ, камсамолу, дадзенай клятве няхай будзе асуджана маімі таварышамі па барацьбе і пакарана гневам працоўнага народа.

Маркевіч падняўся з-за стала, абцягнуў саматканую вышываную сарочку, падпяразаную дзягаю, урачыста сказаў:

— Прагаласуем, таварышы.

Усе прысутныя дружна паднялі рукі, задаволена перакінуліся позіркамі, усміхнуліся.

— Віншуем з уступленнем у камсамол, — сказаў чалавек у шэрым гарнітуры.

Гардзею карцела спытаць, ці доўга яшчэ Савецкі Саюз будзе краінаю прыгнечаных, але ён устрымаўся. Заспявалі «Інтэрнацыянал». Гардзей чуў гэтую песню, яшчэ калі служыў у войску, але слоў не ведаў, таму падпяваў толькі мелодыю.

— На гэтым наш сход лічу закрытым, — абвясціў «начальнік».

Ён выйшаў з-за стала, зняў з цвіка кароткае паўпаліто, ускінуў на плечы. Усе прысутныя замітусіліся, вакол пачалі таксама апранацца.

— Я правяду таварыша Віктара сам, — сказаў Маркевіч.

«Начальнік» жэстам спыніў яго:

— Праводзіць мяне не трэба, разыходзімся па адным. Далей я пайду са сваімі хлопцамі, — кіўнуў галавою ў бок вуліцы, дзе чакалі яго двое.

Астатнія ў нерашучасці тапталіся ля парога. Гардзей стаў перад Маркевічам:

— Прынялі вы мяне ў камсамол, а далей што рабіць?

— Абмяркуем. Пасядзі пакуль.

Гардзей разглядаў хлопцаў. Трое былі са Сцяблова, двое — з суседняй вёскі, трое — з больш дальняй ад пана Райскага. Гэты пан лічыўся дзівакаватым. Размаўляў з мужыкамі на тутэйшым дыялекце, часам апранаўся ў вясковую палатняную апратку, але пры гэтым падкрэсліваў: «У што я ні апрануся, усё роўна панам буду, а мужык — ці ў золаце, ці ў аксаміце застанецца мужыком».

Калі ўсе падпольшчыкі выйшлі з хаты, гаспадар сказаў:

— Таварыш Віктар прынёс добрыя навіны. Барацьба сялянства і рабочых Заходняй Беларусі разгортваецца шырокім фронтам. Першае заданне табе, Гардзей, — стварыць ячэйку. Другое — збіраць грошы для рэвалюцыянераў свету, трэцяе — арганізаваць выступленні насельніцтва за беларускую школу ў нашым павеце. Дастаткова?

— Дастаткова пакуль. Бывай здаровы, — адказаў Гардзей і паспяшаў пакінуць хату Маркевіча.

Што і казаць, заданні былі малапрыемныя. Хадзі і прасі грошы ў аднавяскоўцаў, як жабрак! Рабіць гэта Гардзею зусім не хацелася. Ён вырашыў, што пры нагодзе аддасць свае злотыя. Ішоў да Маркевіча з жаданнем рабіць вялікую справу, магчыма, а атрымалася, што мусіць займацца драбязой. Наконт школы таксама заданне не радавала. Хадзіць і ўгаворваць бацькоў змагацца за беларускую школу не хацелася. Не звык Гардзей кланяцца. Зрэшты, трэба пачынаць з першага задання — ствараць ячэйку. А потым падначаленыя яму, сакратару, камсамольцы няхай і выконваюць заданні. Гэтая думка Гардзея суцешыла, і ён, весела насвістваючы, рушыў у свае Крачкі.