17
За два сонечныя сакавіцкія тыдні расталі высокія гурбы снегу, расцякліся зіхоткімі ручаінамі ў сажалкі, нізінкі, паплавы і балотцы. Снег чапляўся за зямлю ў цяньку за хатаю ці пад варотамі, счарнелы і наздраваты, хворы, не падобны да сябе, а свет радаваўся доўгачаканаму цяплу. І душы людзей прыхавана хваляваліся ў прадчуванні росквіту, шчасця, цуда. Гэтак жа пачуваліся і Кірылавы дочкі — Каця і Зося. Праўда, свае сардэчныя хваляванні яны не выказвалі адна адной і паводзілі сябе стрымана. У вольны час чыталі, вышывалі ці шылі сукенкі да Вялікадня. Шыла старэйшая сястра, добрая краўчыха, а малодшая — Зося, дапамагала толькі што-небудзь сфастрыгаваць ці падгарнуць. На большае ў яе не хапала ўседлівасці. Зося бавіла самотныя вечары ў сям’і, хоць і любіла паскакаць ды паспяваць. Каця ж думала пра Гардзея, згадвала, як добра пагутарыла з ім у апошні раз. Яна шмат думала пра новую сустрэчу, што скажа, пра што спытае, быццам размаўляла з ім. Гэтыя ўяўныя дыялогі іншы раз доўжыліся гадзінамі.
Гардзей сапраўды аднойчы завітаў надвячоркам. Каця прыхавала радасна-пераможны агонь у вачах, схіляючыся над шытвом. А Зося адразу пачала ўпраўляцца па гаспадарцы — выцягваць з печы чыгуны і рабіць мешанку свінням. Не хапала ў яе смеласці адкрыта паглядзець Гардзею ў вочы. Як рабіць выгляд, што нічога не здарылася амаль тры гады таму? Здарылася! Нічога не паправіш. І адначасова яна адчувала, што яе няўхільна цягне да гэтага дзецюка, нібы няма побач іншых хлопцаў.
— Як пажываеце, дзяўчаты? — спытаў госць.
— Нічога, дзякаваць Богу, — адказала Каця. — Адкуль ідзеш і куды?
— Іду з дому і проста да вас. Даўно не бачыў, засумаваў, — сказаў ён, з усмешкаю пазіраючы ў вочы Каці, бо Зося ў тую хвіліну выйшла ў сенцы, каб узяць таўкач. — Падумаў нават, ці, крый Божа, не захварэлі часам, што з хутара нікуды не паказваецеся.
— Здаровыя мы! — бадзёра адказала Каця. — На наш хутар зімою рэдка хто забрыдае. І хваробы мінаюць нас.
— Чым жа вы займаецеся?
— Шыю сукенку Зосі да Вялікадня.
— А сабе ці пашыла ўжо?
— Пашыла.
— Як бы я хацеў паглядзець на цябе ў новай сукенцы! Хоць ты мне і ў гэтай будзённай вельмі падабаешся! — сказаў госць з блазнаватаю ўсмешкаю.
Каця пачырванела. Той хлопец, які з першай сустрэчы яшчэ тры гады таму спадабаўся ёй, нарэшце заўважыў яе, ацаніў і нават сказаў пра гэта. Гардзей паглядзеў на русявую Каціну галаву, на маленькі носік, на ўвесь яе далікатны твар і падумаў, што ёй трэба было нарадзіцца не сялянскаю дзяўчынаю, а паненкаю. Яна і шые неяк па-свойму, тонкія пальчыкі трымаюць іголку пяшчотна, як каштоўнасць, увішна ўздымаецца рука над шытвом, шво кладзецца роўненька і гладка.
Зося таўкла бульбу ў вялізным чыгуне, пара запоўніла пакой. Старэйшая сястра незадаволена падняла вочы і сказала:
— Зоська, вынесі бульбу ў сенцы. Усю хату засмуродзіла. Колькі разоў прасіла: не рабі гэтак.
Зося кінула незадаволены позірк на сястру, узяла трапкач, падхапіла вялізны чыгун і панесла да дзвярэй.
— Пачакай, я дапамагу, — падхапіўся Гардзей.
— Не трэба мне ніякіх памагатых, — адказала дзяўчына.
— То хоць дзверы ў сенцы адчыню...
— Адчыні, калі няма чаго рабіць.
— Як ты размаўляеш з чужым чалавекам? — абурылася Каця.
На заўвагу Зося нічога не адказала, падумала: «Чужы чалавек! Гэта табе ён чужы, а мне. Ніяк не разбяруся, чаго ўва мне да яго больш: кахання ці нянавісці.»
Зося заўзята таўкла бульбу, з сілаю раз-пораз апускала таўкач, быццам тым самым забівала свае лепшыя пачуцці да Гардзея. Не, яна не будзе жыць прыгнечаная і расчараваная. Па Вялікадні, як скончыцца пост, пачне хадзіць на вячоркі і будзе скакаць з усімі хлопцамі, а ён няхай паглядзіць. У яе сваё жыццё, і яна нікому не дазволіць яго псаваць.
Даваць свінням есці яшчэ было рана, аднак Зося пайшла ў хлеў, няхай жывёла пахлебча цёплую мешанку і скажа дзякуй маладзейшай гаспадыні. Каця нічога па гаспадарцы не рабіла, насілася са сваёю грыжаю, штораніцы надзявала тугі шырокі пояс, які сцягваў жывот. Уся гаспадарка — на Зосіных руках. А сястра адно кніжкі чытае. Праўда, сукенку Зосі новую шые — і на тым дзякуй.
Калі Зося вярнулася ў хату, Каця з Гардзеем ціха пра нешта гутарылі. Стала няёмка. Яна не ведала, ці сысці, каб не замінаць, ці нахабна слухаць. Няхай ідуць на вуліцу, а хата належыць Зосі таксама. Яна марудна скінула старую світку, павесіла ў парозе, развязала хустку, паправіла валасы, раздумваючы, дзе сесці: на лаве ці пайсці на запечак? Гардзей міжвольна залюбаваўся яе стройнай постаццю і звярнуўся да яе: