Зося вяла пранікнёна, бо песня была нібы пра яе. Яна адчула, што зараз заплача ад жалю да сябе, таму зажмурыла вочы, з-пад павек выкаціліся дзве буйныя слязіны. Зося змахнула іх, усміхнулася і працягвала спяваць:
Паступова вакол спевакоў сабраліся людзі, якія таксама ўцягваліся ў песню, тужлівую, сардэчную. І хутка ўзгорак пад ліпамі і ваколіца напоўніліся моцнымі галасамі, з’яднанымі кранальнаю песняю пра сірочую долю.
— Вой дзяўчаты, каб на вас шчасце вялікае, у свята ў жальбу ўвялі, — сказала нейкая маладзіца, выціраючы вільготныя вочы.
— Яны не проста так спявалі. Гэта ж валачобніцы! Давайце па грошыку, добрыя людзі, на добрую справу, — весела сказаў Мікола і першы паклаў на Зосіну далонь манетку.
Тыя, хто меў пры сабе якія дробныя грошы, таксама падалі іх дзяўчатам. Зося дастала з рукава вышываную насовачку, высыпала грошы ў яе, было відно, што засталася задаволеная. Калі ўсе разышліся працягваць свае гульні, а Зося з Кацяй засталіся ўдзвюх, да іх наблізіўся Гардзей.
— Малайцы, дзяўчаты, добра прыдумалі, — пахваліў ён.
— Гэта ўсё Зося, я і не здагадвалася, што яна такая адважная, — сказала Каця, яе блакітныя вочы свяціліся. — Уяўляеш, як артыстка, яшчэ і заплакала.
— Я ж не знарок, так атрымалася, песня на душу легла. Трымай, Гардзей, — сказала Зося і аддала насоўку, у якую былі загорнуты сабраныя грошы.
— Можа, яшчэ пазбіраеце? — спытаў Гардзей.
— Пазбіраем, як дажывём да якога-небудзь новага вялікага свята. А на сёння з мяне хопіць, — адказала Зося.
Вочы яе раптам зрабіліся сумныя, яна паглядзела ўдалячынь і зноў адчула, што зараз заплача. Каб не выдаць свой настрой, сказала Каці, хаваючы позірк:
— Свята святам, а мне пара гаспадарку ўпраўляць.
— Бацька ж дома застаўся, управіцца.
— Бацьку таксама трэба калі-небудзь адпачыць. Ты заставайся, пабудзь сярод людзей, а я пайду.
— Разам прыйшлі, разам і дамоў пойдзем, — адказала Каця, заўважыўшы, што Гардзей ужо адвярнуўся да хлопцаў.
Дзяўчаты вадзілі карагод і спявалі. Хлопцы спрабавалі на зуб яйкі, правяралі, ці не падробка, налітая волавам, дамаўляліся, хто будзе біць, хто трымаць. На тоўстай галіне старой ліпы дзеці гушкаліся на арэлях. Зося паглядзела на іх і раптам сказала:
— Як бы я хацела ўзляцець высока-высока, пад самыя хмары!
— Ага, высока ўзляціш, балюча падаць будзеш. Табе не здаецца, што гэты Гардзей выкарыстаў нас?
— У якім сэнсе? — здзівілася Зося.
— У простым. Мы сабралі грошы, аддалі яму, а што далей?
— А што ты хочаш?
— Ну, не ведаю. Падзяку нейкую.
— Бог аддзячыць, — лёгка адказала Зося.
19
Гардзей апошнім часам пачуваўся радасна і трывожна. Ягонае імя трапіла ў спіс кандыдатаў у дэпутаты гміны. Гэтым ён быў абавязаны найперш Маркевічу і тым людзям, якія стаялі за ім. Яны рыхтавалі не толькі патрэбныя паперы, але агітавалі сялян. Удзел у працы гміны мог бы паўплываць на жыццё тутэйшага люду, бо праз прадстаўніцтва ва ўладзе можна было вызначаць памер бюджэту воласці і збораў за карыстанне месцам на рынку, за арэнду памяшкання, прыняць разумнае рашэнне наконт выкарыстання зямлі, займу ды ці мала яшчэ што. Аднак у Гардзея былі свае планы. Яму карцела стаць не проста радным гміны, а войтам. У выпадку дасягнення гэтай мэты можна было выставіць сваю кандыдатуру дэпутатам сейма, выбары якога чакаліся ў 1928 годзе. Ён дамовіўся сустрэцца з Захарам Маркевічам у нядзелю на вячорках, каб абмеркаваць далейшае.
У нядзелю яшчэ да змяркання моладзь сабралася пад ліпамі. Хлопцы стаялі асобным гуртам, курылі, жартавалі. Дзяўчаты сядзелі на бервяне і спявалі. Гардзей кінуў позірк спачатку на хлопцаў, пасля на дзяўчат, як бы выбіраючы, да якога гурту далучыцца. Аднак спярша пайшоў да хлопцаў. Маркевіча пакуль не было. Гардзей вырашыў, што гэта да лепшага — у прыцемку лягчэй гаварыць. Чым менш людзей будзе ведаць пра тое, што ён мае стасункі з Захарам Маркевічам, тым будзе лепей. Зрэшты, маглі б яны сустрэцца дзе-небудзь у лесе, дык мо і зусім сведак не было б, але ж Захару трэба пакрасавацца перад людзьмі, правесці, як ён сам кажа, масоўку, раздаць лістоўкі. Не асцерагаецца, што знойдзецца разумнік, які захоча выслужыцца перад уладаю, тады бяда нашаму змагару.