Выбрать главу

Здалёку пачуўся меладычны голас гармоніка. Моладзь адразу павярнула галовы ў той бок, чакала, нахвальваючы гарманіста Сымона Чмяля. Хлопец толькі нядаўна вярнуўся з войска, засумаваў па роднай вёсцы і цяпер пры кожнай нагодзе браў у рукі гармонік, цешыў землякоў вясёлым граннем. З’яўленне музыкі перамяшала дзявочы і хлапечы гурты. Моладзь парамі кінулася ў агністую польку, пасля загучаў павольны вальс, даючы нядоўгі роздых.

Гардзей і не заўважыў, калі ў час «сербіянкі» на сярэдзіну гурту выйшла Зося, заспявала прыпеўку, павольна ўзмахнула рукою з вышыванаю хусцінкаю і затупацела нагамі, гнуткая, стройная, як бярозка, што вырасла пры дарозе. Ён міжвольна залюбаваўся дзяўчынаю. Бадай, яе шэры касцюмчык з белаю блузкаю не надта пасаваў да гэтага народнага танца, але затое вылучаўся сярод паласатых андаракоў ды вышываных кашуль. Зося не была прыгажуняю, але ў ёй палаў невынішчальны прыродны агонь жыцця, які і рабіў яе непадобнаю да іншых, асабліваю, прыцягальнаю. Гэты агонь разбудзіў у памяці Гардзея даўняе перажытае пачуццё, прымусіў устрапянуцца, наліцца прагаю жадання.

Калі змерклася, прыйшоў Маркевіч, як звычайна сказаў кароткую прамову пра тое, як прыгнечаны люд змагаецца супраць польскіх акупантаў, раздаў некалькі лістовак. Паспрабаваў праспяваць «Інтэрнацыянал», але моладзь гэтай песні не ведала. Голас у Маркевіча быў слабы, ён абарваў свае спевы, загадаў гарманісту:

— Падыграй!

Гарманіст націскаў гузікі, рыпаў гармонікам, але падабраць мелодыю не здолеў. Маркевіч незадаволена махнуў рукою і крыкнуў:

— Гуляйце!

Гардзей схаваўся за ліпу, Захар спытаў у хлопцаў, ці не бачылі Гардзея. Яму адказалі, што бачылі, быў тут, хіба мо з якою дзеўкаю ў карчы адышоў. Захар накіраваўся ўбок сваёй вёскі. Тут яго і дагнаў Гардзей.

— Ты тут? А я збіраўся паўшчуваць за парушэнне дысцыпліны.

— Я ўвесь час быў тут, прамову праслухаў, хораша ты гаварыў.

Маркевіч, усцешаны пахвалою, не стаў больш марнаваць час на папрокі, растлумачыў, як належыць паводзіць сябе Гардзею да выбараў у гміну.

— Малайчына, што не выстаўляешся на людзях. Ты цяпер павінен быць, як цнатлівая дзеўка перад вяселлем. Каб ні вяскоўцы, ні ўлады не мелі да цябе ніякіх прэтэнзій.

— А як жа агітацыя за беларускую школу? — пацікавіўся Гардзей.

— Пакінем гэтую справу на восень. Не турбуйся. Рыхтуй новых камсамольцаў. Яны ўсё зробяць.

— А дзяўчат можна прымаць?

— Сустракаў я ў Берасці дзвюх рэвалюцыянерак. Разумееш, гэта такія жанчыны.

Маркевіч задумаўся, падбіраючы патрэбныя словы.

— Жалезныя бабы! Ім хоць макаўку растаўчы, будуць маўчаць. Нікога не выдадуць! Загартаваныя! Сярод вясковых такіх не знойдзеш. Нашы пачнуць плакаць, галасіць, усё раскажуць. Святая прастата.

— Сапраўды, лепш абыходзіцца без дзяўчат, — згадзіўся Гардзей. — Хоць, калі табе прызнацца шчыра, дык дзве красуні дапамагалі мне агітаваць за беларускую школу. Няблага ў іх гэта атрымлівалася, і грошай трохі сабралі для рэвалюцыянераў свету.

Гардзей дастаў з кішэні грошы і аддаў Маркевічу.

— Што за дзяўчаты?

— Кірылы Барэйшы дочкі.

— Ну, не дзіўна. Гэтыя ж былі ў Расіі ў эвакуацыі, напэўна, пранікліся там рэвалюцыйнымі ідэямі, — выказаў здагадку Захар. — Што ж, малайчы­на, што работу памалу вядзеш. Летам, бадай, у нас будзе зацішна, а ўвосень з’явіцца шмат працы. Ну, бывай здаровы.

Захар моцна паціснуў на развітанне руку Гардзею, быццам выпрабоўваючы яго моц, але ў адказ атрымаў такі ж магутны поціск.

— Мацак! Малайчына, — задаволена засмяяўся Захар.

— А ты думаў, што ў Крачках зломкі жывуць? — адказаў Гардзей, узмахнуў рукою на развітанне і пашыбаваў туды, дзе заліваўся гармонік.

Зося стаяла за спінаю гарманіста і абмахвалася хустачкаю. Каця размаўляла з Гэляю. Гардзей наблізіўся да Зосі, абняў яе за стан, прашаптаў на вуха:

— Адыдзем. Трэба пагаманіць.

Зося здзіўлена павярнула да яго твар, паўзіралася, нібы спрабуючы зразумець, што яму трэба, пасля паслухмяна пайшла з ім убок карчоў. Калі адышлі ад ліп так далёка, што і музыка была ледзь чуваць, Зося спытала:

— Куды ты мяне вядзеш?

— Не ведаю. Проста іду абы-куды. Хачу табе хустачку аддаць, у якую ты сабраныя грошы закручвала.