Выбрать главу

— Не варта было турбавацца. Пакінь сабе на памяць.

— Дзякую. Але на памяць я хачу пакінуць сабе нешта іншае.

— Што? — цікаўна спытала Зося.

— Зоська, я так засумаваў па табе, — сказаў Гардзей, абняў дзяўчыну і пачаў горача цалаваць.

Яна не вырывалася, прытулілася да яго, забываючы пра мінулыя крыўды і нягоды, аддаючыся ва ўладу пачуцця і ягоных дужых рук. Яны доўга цалаваліся і ніяк не маглі наталіць тую смагу, якая выспела за доўгі час расстання.

— Давай прысядзем, — прапанаваў ён, рассцілаючы на траве кіцель.

— Толькі не доўга, бо там Каця з Гэляю будуць мяне шукаць.

— Пашукаюць і не знойдуць, мы добра схаваліся, — засмяяўся Гардзей. Яны селі. Зося зноў апынулася ў жаданых абдымках, з якіх у яе не было ні сілы, ні жадання вырывацца. Гардзей кахаў яе, а яна дзеля гэтага кахання была гатовая на ўсялякую ахвяру. А зрэшты, зараз яна ні пра што не думала, проста існавала гэтаю шчасліваю ноччу і хацела, каб яна доўжылася вечна.

20

Каця прымярала Гэлі вясельныя строі, любавалася прыгожаю паставаю стрыечнай сястры, ганарылася сваёю працаю. Сукенка з белага тонкага батысту з карункавым каўнерыкам выглядала вельмі хораша і далікатна.

— Ты будзеш самая прыгожая на вяселлі, — сказала швачка задаволена.

— Чаму ж мне не быць прыгожай? Я ж не Марфа, што спачатку пуза нагуляла, а пасля замуж пайшла.

— Няўжо? — здзівілася Каця.

— Пуза выперла ўжо вялізнае, твар зрабіўся рабы, брыдкі.

— І чыя ж гэта работа? Якубава?

— Не, кажуць Гардзеева.

— Не можа гэтага быць! — абурылася Каця. — Плёткі збіраеш, абы добрага чалавека ачарніць.

— Людзі кажуць, што Марфа, калі зацяжарала, пайшла да Гардзея і ўсё яму расказала, а ён не захацеў прызнаць сваё дзіця. Тады яна хуценька і пабралася з Якубам.

— Такія распусніцы самі падстаўляюцца, каб хлопца захамутаць, а потым шукаюць вінаватых, — сказала Каця і памеціла іголачкай, дзе трэба было падгарнуць прыпол. — Так не коратка будзе?

— Рабі даўжэйшую, бо ў мяне чаравікі стараватыя.

Зося моўчкі назірала за сёстрамі і пакутліва думала пра сваё. Яна адчувала, што пасля апошняй сустрэчы з Гардзеем таксама зацяжарала і зараз не ведала, што рабіць. Калі пачула пра Марфіну гісторыю, зразумела: прасіць парады ці дапамогі ў Гардзея няма сэнсу. Ён любіць толькі сябе, а дзяўчатамі карыстаецца пры зручным выпадку. Цяпер яна вельмі шкадавала, што дазволіла авалодаць сабою. Гэта здарылася нечакана для яе самой. Зашаптаў, замілаваў Гардзей яе душу, а яна вельмі прагнула ягонай пяшчоты і кахання, таму і не цяміла, што робіць. Ды хіба ж можна хоць у чым-небудзь адмовіць каханаму чалавеку?

«Ні мамы няма, ні другой якой блізкай душы, хто б даў добрую параду. Няўжо ж мне зноў шукаць якой пагібелі? А ён будзе жыць ды дзяўчат любіць і не заплача на магіле, — з жалем падумала Зося. — Куды падзецца ад ганьбы? Бедная я, няшчасная. Мяне ж Каця загрызе, а бацька наогул з хаты прагоніць. Не будзе мне жыцця ні дома, ні ў вёсцы. Усе ад мяне адвернуцца. І толькі з-за дзіцяці, якое завязалася з-за вялікага майго кахання. Несправядліва гэта, несправядліва... Калі ніхто не жадае, каб маё дзіця з’явілася на свет, дык і я не павінна жадаць яго. Трэба пайсці да якой знахаркі, мо чым дапаможа. Хаця б да той жа Каваліхі. Аднойчы яна выратавала мяне.»

— Зося, Зося! Што з табою? Ці ты заснула? — Каця клікала сястру, а тая глядзела некуды перад сабою і быццам нічога не чула.

— Не заснула. Чаго табе? — вярнулася да рэчаіснасці Зося.

— Паглядзі, ці роўны прыпол, — папрасіла Гэля.

— Роўны, роўны, — абыякава адказала Зося, паднялася з лавы і пайшла з хаты.

— Што гэта з ёю? — спытала Гэля.

— Бог яе ведае. Ходзіць ужо з тыдзень, як прыгаломшаная.

Зося зайшла ў камору, знайшла ў куфэрку чатыры злотыя, якія хавала яшчэ з таго часу, як прыехала з Варшавы, і пашыбавала ў суседнюю вёску да Каваліхі. Яна была перакананая, што толькі гэтая жанчына магла выратаваць яе ад ганьбы і гневу блізкіх людзей. Дзяўчына не сумнявалася, што сястра і бацька любяць яе, але і яна сваімі паводзінамі павінна адпавядаць іхнім уяўленням пра маральнасць. Калі ж адважыцца парушыць пэўныя забароны, дык літасці не будзе. Ганьба дачкі кладзецца на ўсю сям’ю. Ды і сама яна разуме­ла, што не мае права нараджаць дзіця без шлюбу. Гэта вялікі грэх.

Зося не помніла, як дайшла да хаты Каваліхі. І калі б у яе спыталі, што яна бачыла ў дарозе, напэўна, дзяўчына не здолела б нічога ўспомніць, настолькі была ахоплена гаротнымі думкамі. Некалі яе мама, аддадзеная замуж без кахання, нарадзіла тры дачкі: адна з якіх утапілася малою, Каця была хваравітая з маленства, а Зося хоць удалася знешнасцю і здароўем у бацьку, адчувала сябе няшчаснаю з-за няўдалага кахання. Невыносна балела яе душа і не знаходзіла сабе адхлання.