Выбрать главу

Каваліха сустрэла дзяўчыну прыязна, усміхнулася, заглянула ў вочы і спалохана спытала:

— Што з табою, дзіцятка? Пакрыўдзіў хто?

— Сама сябе.

— Як гэта? А, разумею. З хлопцам не ладзіцца. Прычараваць трэба?

— Зацяжарала я, паратуй, цётачка, — заплакала Зося і прыпала да цётчынага пляча.

— Годзе, годзе плакаць. Даўно цяжарная?

— Не, трохі больш за месяц.

Цётка акінула яе позіркам і спытала:

— Можа, гэта і не цяжарнасць, а так затрымка.

— Не ведаю, цётачка. Зрабіце што-небудзь, бо рукі на сябе накладу.

— Пачакай паміраць раней часу. Смерць лепш ведае, каго і калі забраць. Скажы мне, а той раз, як табе было блага, таксама з-за яго?

Зося моўчкі гаротна кіўнула галавой. Каваліха правяла даланёю па яе галаве і сказала спачувальна:

— Бедная сірацінка, няма маці, няма каму цябе розуму навучыць. Паслухай мяне, ніколі не падпускай да сябе гэтага хлопца, нічога, акрамя няшчасця, ён табе не прынясе.

— Дзякую, цётачка, я і сама думаю, што больш у яго бок ніколі не гляну. Але што ж мне цяпер рабіць?

— Дзіця не хочаш нарадзіць? Усё мінецца, а дзіця застанецца.

— Баюся. Што бацька. сястра. людзі. Жах падумаць, — Зося затуліла твар далонямі, заплакала.

— Не плач. Годзе. Гора прыйшло і пойдзе. Глядзі на гэтую зёлку. Зязюліна мыла называецца. Расце на балоце, — паказала Каваліха некалькі каліў засушанага зелля.

— Ведаю, ведаю, — сказала Зося.

— Нарві, завары і папі ўзвар тыдзень па паўшклянкі тры разы на дзень, дасць Бог, і паможа.

— Дзякую, цётачка.

— За гэта дзякуй не кажуць. Запомні, пі не больш як тыдзень, бо сплывеш крывёю.

— Добра, добра. Я тут прынесла колькі злотых. — сказала Зося і мітусліва стала разгортваць хустачку, у якую былі загорнуты грошы.

Каваліха спыніла яе рухам рукі, кусцістыя бровы навіслі над глыбокімі старымі вачамі, якія пазіралі сурова. Яна сказала, як адрэзала:

— За такую дапамогу плату не бяру. Абедзвюм нам — грэх вялікі. Маліся, дзевачка, Бог літасцівы. Ён даруе. Трымай зелле, каб не пераблытала.

— Цётачка, каб не ты, я б, напэўна, памерла б.

— Ідзі з Богам. Ідзі.

Зося выйшла з хаты, паглядзела на сонца. Яно яшчэ было высока. Дзяўчына спачатку накіравалася да свайго хутара, а на паўдарозе завярнула да балота. Ішла і маліла Бога, каб нікога не сустрэць, ды каб удалося знайсці ёй зязюліна мыла, якое вымые з яе ўлоння Гардзеева насенне, адвядзе бяду і дазволіць жыць далей.

21

Гэліна вяселле гулялі пасля Пятровага посту. Гасцей было мала, хутаранец Карп запрасіў толькі самую блізкую радню, аднак пад вечар на музыку найшла моладзь з Крачкаў і Сцяблова. І як было не прыйсці? Сваю дзяўчыну аддавалі ў далёкую вёску, цяпер гады ў рады сустрэнешся. Зося памагала цётцы Агатэлі, цэлы дзень круцілася, бы вавёрка ў коле, падносіла свежыя стравы, прыбірала брудны посуд, мыла міскі. Не весела ў яе было на душы. Папіла зелле, якое нараіла Каваліха, дык два тыдні страшэнна балелі жывот і паясніца. Некалькі дзён Зося не ўставала з запечка, знясілела зусім ад страты крыві і болю, аднак не скардзілася ні сястры, ні бацьку. Чакала, што Бог дасць. Але варта ёй было ўявіць, што труну з яе целам апускаюць у зямлю, сэрца сціскалася ад жудасці. Паступова боль адступіўся, дзяўчына супакоілася, вярнулася да звычайнага жыцця, толькі не было ў сэрцы ранейшай радасці, яно, як прывялая кветка, абыякава і асуджана ўспрымала свет. Амаль два месяцы яна не бачыла Гардзея. Ні разу ён не наведаў іхні хутар. Зося зразумела, што ён проста карыстаецца ёю, як бяздумнаю дурніцаю, і весела жыве сабе далей. Няма яму ніякае справы да яе турбот і няшчасцяў. Адна ноч — разам, а потым зноў расстанне на доўгія месяцы. «Няхай жыве! Няхай жыве, як хоча! Больш я ніколі нават не зірну ў ягоны бок! — з крыўдаю думала Зося. — Праўду казала цётка Каваліха, ён мне толькі бяду прыносіць».

Кацю таксама турбавала тое, што Гардзей забыў дарогу на іхні хутар, яна нават іншы раз пыталася ў Зосі:

— Чаму гэта Рахуба да нас не заходзіць?

— Ён жа твой залётнік. Адкуль я магу ведаць, — з’едліва адказвала Зося.

Каця не пярэчыла. Ёй сапраўды здавалася, што Гардзей заляцаецца да яе.

А чаму б і не? Яна і з твару нябрыдкая, і шмат цікавых кніжак прачытала, з ёю ёсць пра што пагутарыць, і швачка добрая. Хоць вяскоўцы і мала шыюць з крамнай тканіны, але ж як з’яўляецца патрэба пакроіць ці пашыць нешта далікатнае, дык ідуць да Каці.